Марк Рыгоравіч Фрадкін – кампазітар з асабістым музычным почыркам, каштоўныя рысы якога – прыгажосць, цеплыня мелодыі, глыбіня пачуццяў, тонкі густ – ярка адлюстраваны ў яго песенным жанры.
Нарадзіўся ён у Віцебску ў сям’і ўрачоў. У дзяцінстве захапляўся тэхнікай і ў 1928 г. паступіў на механічнае аддзяленне Віцебскага політэхнічнага тэхнікума. Пасля заканчэння працаваў інжынерам на швейнай фабрыцы «Сцяг індустрыялізацыі» ў Віцебску. Ён актыўна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці і, не маючы музычнай адукацыі, арганізаваў аркестр. У 1934 г. М. Фрадкін паступіў у Беларускую студыю пры Цэнтральным тэатральным вучылішчы ў Ленінградзе, дзе пачаў сур’ёзна займацца музыкай. Гэтаму спрыялі выкладчыкі – кампазітар А. Гладкоўскі і музыказнавец Л. Энтэліс. У 1937 г. ён скончыў вучылішча і быў накіраваны ў Мінск у Беларускі тэатр юнага гледача. У спектаклях М. Фрадкін выконваў эпізадычныя ролі, некаторы час загадваў музычнай часткай тэатра, спрабаваў сябе ў рэжысуры. У 1938 г. паступіў на другі курс Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (клас кампазіцыі М. Аладава). Праз год быў прызваны ў Чырвоную армію. Служыў у стралковым палку ў Вінніцы, дзе арганізаваў салдацкі ансамбль. У хуткім часе М. Фрадкіна запрасілі ў ансамбль песні і танца Кіеўскай ваеннай акругі. Спачатку ён выконваў абавязкі дырыжора, пазней узначаліў гэты калектыў. У гады Вялікай Айчыннай вайны кампазітар служыў у ансамблі Паўднёва-Заходняга фронту. Пад Варонежам пазнаёміўся з ваенным карэспандэнтам газеты «Красная Армия» Я. Далматоўскім, на вершы якога напісаў шмат песень. Адна з іх – «Ой, Днепро, Днепро» – з’явілася ў лістападзе 1941 г. Яна адразу прынесла аўтарам шырокую вядомасць. Пасля вайны ўрывак з гэтай песні быў высечаны на мемарыяльнай пліце, устаноўленай на беразе Дняпра, дзе савецкія салдаты, вызваляючы Херсон, перапраўляліся праз раку. У ваенныя гады кампазітар пісаў песні на вершы А. Суркова, В. Гусева, В. Лебедзева-Кумача, А. Сафронава, К. Сіманава і іншых паэтаў, некаторыя з іх увашлі ў зборнік «Родной Юго-Западный фронт». Яны гучалі на перадавой у выкананні розных армейскіх ансамбляў і салістаў франтавых канцэртных брыгад; байцы спявалі іх у акопах у перапынку паміж баямі, бліндажах і зямлянках у часы адпачынку. Вялікай папулярнасцю карысталіся песні «В землянке», «Песня о волжском богатыре», «Случайный вальс», «Дорога на Берлин» і інш.
У 1944 г. М. Фрадкін дэмабілізаваўся і пачаў працаваць у Маскве. У гэтым жа годзе быў прыняты ў Саюз кампазітараў СССР. У 1946 г. ён наведаў Віцебск. Горад ляжаў у руінах. Маці кампазітара загінула ў віцебскім гета восенню 1941 г., нікога з блізкіх не засталося. У 1949 г. М. Фрадкін напісаў песню пра Віцебск «Вернулся я на Родину», у 1974 г. з’явілася яшчэ адна – «Столица областная» (прысвечана 1000-годдзю горада). У пасляваенныя гады М. Фрадкін стаў адным з самых папулярных савецкіх кампазітараў. Ён супрацоўнічаў з многімі паэтамі і артыстамі, выступаў з аўтарскімі канцэртамі, праводзіў шмат творчых сустрэч. У гэты перыяд напісаў некалькі дзясяткаў песень. Сярод найбольш папулярных – «Вальс после разлуки», «Пионерский марш», «Подмосковная», «Ласковая песня», «Ожидание» і любімая ў народзе «Ходит по полю девчонка». У 1950-я гг. з’явіліся песні, якія вылучаюцца высокай грамадзянскасцю, шматграннасцю тэматыкі, багатай рытмікай, лірычным распевам, – «За фабричной заставой», «Березы», «Песня о любви», «Комсомольцы-добровольцы» і інш. Шлягерамі 1960–1970-х гг. сталі «Прощайте, голуби», «Течет Волга», «Ночной разговор», «Морзянка», «Там, за горизонтом», «Увезу тебя я в тундру» і інш. Праз усю творчасць М. Фрадкіна праходзіла ваенная тэма. У яго песнях на вершы Я. Далматоўскага, Л. Ашаніна, Р. Раждзественскага, М. Пляцкоўскага і іншых паэтаў, якія былі напісаны як у гады вайны, так і ў мірны час, адлюстраваны гнеў і боль, любоў і радасць, лірычны і гераічны пачатак. Найбольш ярка гэта прадстаўлена ў песнях «Солдатская вдова», «За того парня» (1-я прэмія на Міжнародным фестывалі ў Сопаце, 1972), «Отец и сын», «У деревни Крюково», «А песня ходит на войну», «Солдатское письмо» і інш. Песні М. Фрадкіна выконваліся Чырвонасцяжным ансамблем песні і танца пад кіраўніцтвам А. Аляксандрава і вядомымі артыстамі – Л. Зыкінай, М. Бернесам, Э. П’ехай, М. Магамаевым, І. Кабзонам, Л. Лешчанкам і інш. Яны гучалі ў перадачах Усесаюзнага радыё і на тэлебачанні, мастацкіх і тэлевізійных фільмах, тэатральных спектаклях.
За плённую творчую працу кампазітару былі прысвоены званні заслужанага дзеяча мастацтваў РСФСР (1969) і народнага артыста СССР (1985). У 1979 г. ён стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі (1943) і Айчыннай вайны II ступені (1985), медалямі. Памёр М. Фрадкін 4 красавіка 1990 г. Пахаваны на Новадзявочых могілках у Маскве. У 2014 г. у Віцебску на будынку былога політэхнічнага тэхнікума, дзе ён вучыўся, устаноўлена мемарыяльная дошка, адна з вуліц горада названа імем кампазітара.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.