Выдатным паэтам другой паловы мінулага стагоддзя, які ў сваіх вершах апяваў родную зямлю, яе працавітых людзей, чые творы і сёння не страцілі свежасці ўспрымання навакольнага свету, па-ранейшаму здзіўляюць навізной вобразаў і дакладнымі прыметамі свайго часу, з’яўляецца Хведар Чэрня.
Нарадзіўся будучы паэт на Валожыншчыне, у вёсцы Лінкі ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння Вішнеўскай сярэдняй школы (1957) працаваў загадчыкам Вішнеўскага сельскага клуба. Вучыўся ў тэхнічным вучылішчы пры Мінскім аўтазаводзе. Працаваў на гэтым заводзе фармоўшчыкам-ліцейшчыкам. Пасля тэрміновай службы ў арміі скончыў філалагічны факультэт БДУ (1966) і Мінскую Вышэйшую партыйную школу. Быў рэдактарам на беларускім радыё, у выдавецтве “Беларусь”, а з 1972 г. і да апошніх дзён жыцця – старшым рэдактарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”.
Першыя вершы Х. Чэрні з’явіліся ў друку ў 1955 г. І толькі праз адзінаццаць год пабачыў свет яго першы зборнік вершаў “Добрай раніцы, людзі!” (1966), у якім паэт аддаў даніну актуальнай у той час вытворчай тэматыцы, апаэтызаваў жыццё завода, на якім працаваў. Пасля былі зборнікі “Дабрэе свет” (вершы і паэмы, 1968), “Размова з памяццю” (паэма, 1970), “Сады юнацтва” (вершы і паэма, 1972) і інш. Кнігі лірыкі дапоўнілі зборнік а гумарыстычных вершаў “Ажаніся, не журыся…” (1979), кніжкі для дзяцей “Песня Сабіны” (1971) і “На Сонечнай вуліцы” (1973). Ужо пасля смерці паэта выйшаў зборнік яго вершаў “Музыка дарог” (1984).
Вершы Х. Чэрні без перабольшання можна назваць старонкамі яго біяграфіі. Ён пісаў пра тое, што добра ведаў, што яго непакоіла, жыло ў яго душы. Паэт звяртаўся да сваіх дзіцячых і юнацкіх гадоў, роднай вёскі Лінкі, падзей вайны, якія не абмінулі яго самога.
Зямля здрыганулася, помню,
І мячык мой выскачыў з рук,
Пасля ўжо, калі апрытомнеў,
Пачуў, як скуголіць мой Жук.
“Мы будзем”
Аб уласным, перажытым гаворыць паэт і ў вершы “Чалавек без ласкі”. У ім знайшла адлюстраванне трагедыя юнака, які рана страціў маці, не спазнаўшы яе ласкі: “… Жыць, канечне, цяжка без надзей, а без ласкі не лягчэй таксама”. Паэт заўсёды верыў у чалавечую дабрыню. Гэта слова прагучала ў назвах яго першых кніг, а ў вершы “Пра дабрату” ён адзначыў: “Не хачу, каб у часе былым пра маю дабрату гаварылі”. Ёсць у Х. Чэрні і цудоўныя вершы, у якіх выявіліся трапяткія адносіны да роднай прыроды, навакольнага свету.
Пасля дажджу з ардой вясковаю
Не бегаў я ручэй прудзіць,
Баяўся ў неба васільковае
Нагамі босымі ступіць.
Блукаў між дрэў па травах ціха я,
Каб не спалохаць дзе дразда,
І каменем бусла з бусліхаю
Не гнаў ніколі я з гнязда.
“Са светам добрым
не ў варожасці…”
К. Камейша зазначыў, што паэзія Х. Чэрні “у сваёй аснове шчырая і чалавечная, без пазёрства і прытворства”*.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2009 г.
* Маладосць. 2004. № 6. С. 130.