Дата рождения:
14.01.1939 Качаны, в., Мядзельскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
31.12.2021
Краткая справка:
мастак, педагог, народны мастак Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Польшчы, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1986)
Имена на других языках:
Sharangovitch Vasil Pyatrovitch (не определен); Шарангович Василий Петрович (русский);
5679 символов
Справка
З плеяды тых, хто вызначае выяўленчае мастацтва нашай краіны, вылучаецца імя народнага мастака Беларусі, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі і Польшчы, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Васіля Пятровіча Шаранговіча. Ён прыйшоў у беларускае мастацтва ў канцы 1960-х гг. у час росквіту кніжнай графікі ў Савецкім Саюзе, калі былі запатрабаваны сур’ёзныя, шматфігурныя, высокапрафесійныя ілюстрацыі да класічных твораў.
Нарадзіўся мастак у в. Качаны Мядзельскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы, дзе займаўся алейным жывапісам. У 1960 г., выдатна скончыўшы вучылішча, юнак паступіў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут на графічнае аддзяленне. У час вучобы пазнаёміўся з літаграфіяй, афортам, гравюрай, асвоіў невядомыя тэхнікі. Графіка запала ў душу і з ёй мастак звязаў сваю будучыню. Яго настаўнікамі былі А. Кашкурэвіч, П. Любамудраў, М. Гуціеў. У гады вучобы ён супрацоўнічаў з выдавецтвамі, выконваючы ілюстрацыі. У гэты перыяд В. Шаранговіч зацікавіўся творчасцю Я. Купалы. Шчырае захапленне паэзіяй Я. Купалы прывяло да таго, што яго дыпломная работа была на тэму “Ілюстрацыі паводле паэм Я. Купалы” (серыя лінагравюр па матывах паэм “Курган”, “Бандароўна”, “Магіла льва”). Гэта работа стала класікай беларускай графікі і была адзначана дыпломам Акадэміі мастацтваў СССР.
Ілюстраванне паэзіі – адзін з самых складаных жанраў кніжнай графікі. Работы В. Шаранговіча адметныя тонкім разуменнем структуры і ладу літаратурнага твора, паглыбленай пранікнёнасцю ў псіхалогію персанажа, вострым пачуццём гармоніі элементаў афармлення кнігі. Мастак аформіў такія кнігі, як: “З майго летапісу” Я. Коласа, “Дзесяць дзён, якія скаланулі свет” Дж. Рыда (абедзве 1967), “Мая Беларусь” Т. Хадкевіча, “Збор твораў” М. Багдановіча (Т. 1–2, усе 1968), “Зямля навагрудская, краю мой родны…” А. Міцкевіча, “Салавей З. Бядулі” (абедзве 1969), “У.І. Ленін” У. Маякоўскага (1970), “Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна” А. Талстога (1971), “Вершы” Я. Коласа (1972), “Сорак трэці” І. Навуменкі (1974), “Паэмы” (1978) і “Адвечная песня” (1981) Я. Купалы, “Споведзь сэрца” А. Бялевіча (1978), “Старыя беларускія хронікі” У. Караткевіча (1988) і інш. За афармленне паэмы “Пан Тадэвуш” (1985) А. Міцкевіча В. Шаранговічу прысвоена ганаровае званне “Заслужаны дзеяч культуры Польшчы” (1986). У 1998 г. мастак завяршыў цыкл ілюстрацый да славутага твора. Яны ўпрыгожылі юбілейнае выданне на беларускай, польскай і рускай мовах, надалі яму строгасць і завершанасць. Малюнкі былі выкананы ў тэхніцы акварэль, дзе яна спалучаецца з падмалёўкай алоўкам, шклографам, гуашшу. У творчым багажы В. Шаранговіча – і эпічныя творы, і кніжная графіка для дзяцей, і акварэльныя краявіды, і гістарычныя партрэты. Працуе мастак і ў станковай графіцы, дзе шырока выкарыстоўвае нацыянальныя мастацкія традыцыі, сімволіку і метафару. У многіх творах адчувальна паэтызацыя чалавечага быцця з яго прыгажосцю і драматызмам, што дасягаецца своеасаблівасцю ракурсаў, каларыту, рытмічнай арганізацыяй прасторы: “Смерць Гражыны” (1970), “Партрэт Ф. Скарыны” (1971), “Ганчар” (1973), “А хто там ідзе?” (1976), серыя “Край нарачанскі” (1972–1975), “Блакада 1943 года” (1974), трыпціх “Дзе крыўда адвечная спела” (1982) і інш.
Ёсць яшчэ адна тэма ў творчасці В. Шаранговіча, дзе ён сказаў сваё асабістае, важкае слова, – гэта тэма вайны. Дзяцінства мастака прыпала на ваеннае ліхалецце. У памяць урэзаліся голад, пажарышчы, зямлянкі. Гэтыя дзіцячыя ўспаміны матэрыялізаваліся на паперы ў серыі літаграфій “Памяці вогненных вёсак”, над якой ён працаваў з 1979 па 1985 гг. Дзеючымі асобамі серыі з’яўляюцца старыя, дзеці, жанчыны. Менавіта на іх плячах ляжаў увесь цяжар жыцця на акупіраванай зямлі. У 1986 г. серыя “Памяці вогненных вёсак” была адзначана Дзяржаўнай прэміяй БССР. У 2003 г. мастак пачаў працаваць над працягам папярэдняга цыкла, атрымалася новая серыя пад назвай “Блакадны рэквіем”. Гэтыя дзве серыі прысвечаны беларускаму народу, яго мужнай барацьбе і стойкасці ў гады вайны. Праз усе работы праходзіць вобраз полымя – сімвал знішчэння і сімвал змагання, услаўляецца высакароднасць людзей у цяжкую часіну бедства, іх нязломны дух і чалавечная годнасць.
У апошнія гады мастак усё часцей звяртаецца да тэхнікі акварэлі. У 2002 г. да юбілею славутага беларускага паэта Я. Коласа было надрукавана багата ілюстраванае выданне паэмы “Новая зямля”. Над аздабленнем кнігі працаваў народны мастак В. Шаранговіч. 91 акварэльны малюнак – такі вынік яго паўтарагадовай працы. Каб перадаць усе адценні коласаўскай мовы, трапяткіх яскравых эпітэтаў, мастак выкарыстаў багатую палітру акварэлі. У замалёўках ажылі ўспаміны дзяцінства: нарачанскія краявіды, такія ж каларытныя працавітыя мужыкі, прыгожыя жанчыны, хутары, як і ў паэме Я. Коласа. З гэтым творам В. Шаранговіч пазнаёміўся яшчэ ў дзяцінстве, пасля вайны. Па вечарах хлопчык чытаў кнігу па просьбе маці, сялян, якія ў вольны час збіраліся на прызбе. Ён чытаў і запамінаў на памяць. “Новая зямля” стала для мастака кнігай дзяцінства. І толькі праз многа гадоў, ужо стаўшы майстрам сваёй справы, В. Шаранговіч звярнуўся да гэтага твора. Праца над “Новай зямлёй” стала для творцы найбольш значнай, важкай, яго “лебядзінай песняй”.
Васіль Шаранговіч не толькі вядомы мастак, але і не менш вядомы педагог. Трыццаць гадоў свайго жыцця ён аддаў выхаванню творчай моладзі. Працаваў у Беларускай акадэміі мастацтваў – выкладчыкам, загадчыкам кафедры графікі, прарэктарам, рэктарам. За гэты час ён падрыхтаваў цэлае пакаленне маладых графікаў. З 1997 г. В. Шаранговіч кіруе самым маладым мастацкім музеем Беларусі – Музеем сучаснага выяўленчага мастацтва.