Варианты имени:
Капіевіч Галляш; Капіевіч Гальяш; Капіеўскі Ілья Фёдаравіч
Имена на других языках:
Копиевич Илья Фёдорович (русский); Копиевский Илья Фёдорович (русский); Элиаш Копиевич (русский);
4434 символа
Справка
Жыццё і дзейнасць Ільі Фёдаравіча Капіевіча (Капіеўскага) звязаны з гісторыяй асветы ў Расіі і Беларусі. Яго рознабаковыя веды, прагрэсіўныя погляды і дасягненні ў перакладчыцкай і выдавецкай справе садзейнічалі развіццю культуры ўсходнеславянскіх народаў.
Нарадзіўся І. Капіевіч у мястэчку Капыль Навагрудскага павета (цяпер г. Капыль Мінскай вобласці) у сям’і Фёдара Капіевіча і Фядоры (Тэадоры) Будзевіч. У сям’і Капіевічаў выхоўвалася пяцёра дзяцей: сыны Піліп, Самуіл і Ілья, дочкі Раіна і Марына.
У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667) Ілья быў вывезены ваяводам Іванам Андрэевічам Хаванскім у Цвярское княства, потым жыў у Маскве. У 1668 г. разам з мсціслаўскім ваяводам М. Цеханавецкім вярнуўся ў Капыль да родных. З 1670 г. вучыўся ў Слуцкай кальвінісцкай школе, заснаванай у 1617 г. Янушам Радзівілам, дзе атрымаў грунтоўныя веды па розных дысцыплінах, авалодаў некалькімі замежнымі мовамі. У 1673 г. здольнага вучня прызначылі на пасаду лектара – настаўніка малодшых класаў. У канцы 1676 г. І. Капіевіч стаў святаром і атрымаў накіраванне ў в. Асташын Навагрудскага павета. У гэты ж год ён ажаніўся з Аленай Жыдовіч, дачкой Балтазара і Барбары Жыдовічаў з Койданава (цяпер г. Дзяржынск Мінскай вобласці). Праз некаторы час у сям’і І. Капіевіча нарадзілася дачка. У 1681 г. малады святар быў пераведзены ў мястэчка Копысь Аршанскага павета (цяпер г. п. Копысь Аршанскага раёна Віцебскай вобласці). Прыход у Копысі меў мала вернікаў, таму сям’я І. Капіевіча жыла ў вялікац нястачы, што прывяло да значнага пагаршэння сямейных адносін. Трагічным вынікам адной сваркі стала заўчасная смерць Алены, жонкі святара ў 1686 г. У 1687 г. дэкрэтам сінода І. Капіевіч быў пазбаўлены сана, адлучаны ад царквы і быў вымушаны пакінуць Радзіму. Жыў у Данцыгу (цяпер Гданьск), потым перабраўся ў Галандыю.
У 1690-х гг. да 1702 г. І. Капіевіч жыў і працаваў у Амстэрдаме. Не пазней за 1692 г. ажаніўся з Ганнай Даротай Васмер. У 1696 г. рускім царом Пятром І у Галандыю і Англію былі накіраваны больш за 20 юнакоў для атрымання адукацыі. Некаторыя з іх у якасці вучняў трапілі да І. Капіевіча. У канцы 1690-х гг. І. Капіевіч пазнаёміўся з Пятром І і стаў прыхільнікам яго рэформ: па даручэнні Пятра І пераклаў на рускую мову каля 20 кніг. Гэта былі першыя падручнікі па гісторыі, арыфметыцы, вайсковай і марской справах. Сярод найбольш вядомых – «Краткое и полезное руковедение во арифметику…» і «Уготование и толкование ясное и зело изрядное краснообразного поверстания кругов небесных» (1699), «Номенклатор на русском, латинском и немецком языках», «Номенклатор на русском, латинском и голландском языках», «Притчи Эссоповы…» (у яго перакладзе, усе 1700). Падрыхтаваныя І. Капіевічам кнігі друкаваліся ў тыпаграфіі Я. Тэсінга, якому належаў прывілей на выпуск кніг у Расіі.
Летам 1700 г. пры фінансавай дапамозе Яна дэ Ёнга (Юнга) ён набыў уласнае друкарскае абсталяванне. Першай кнігай новай друкарні стаў двухмоўны падручнік лацінскай мовы. Другім выданнем стаў вершаваны панегірык, прысвечаны захопу Азова рускімі войскамі. Вялікую каштоўнасць меў пераклад падручніка «Книга учащая морского плавания» (1701). Гэта было першае друкаванае выданне па мараплаванні на рускай мове, у якім былі прадстаўлены звесткі пра некаторыя краіны свету, апісаны геаграфічныя карты і компас, пералічаны спосабы вызначэння месцазнаходжання карабля. Падручнік выкарыстоўваўся маракамі на працягу ўсяго XVIII ст. Значную ролю ў асветніцкай дзейнасці І. Капіевіча адыгралі працы па гісторыі, ён з’яўляўся таксама аўтарам кніг царкоўнага зместу, падрыхтаваў першую зорную карту Паўночнага паўшар’я Зямлі на рускай мове.
У 1702–1706 гг. І. Капіевіч спрабаваў наладзіць выданне рускамоўных кніг у Берліне, Капенгагене, Гданьску, аднак фінансавага прыбытку ад гэтага не меў. З лета 1707 г. І. Капіевіч з’яўляўся перакладчыкам з лацінскай, нямецкай і галадскай моў пры Пасольскім прыказе Маскоўскай дзяржавы. Тут ён займаўся перакладам трактата Э. Брауна аб артылерыі, кнігі С. Пуфендорфа па гісторыі Еўропы, твора К.К. Руфа аб жыцці Аляксандра Македонскага, працаваў над лацінска-польскім слоўнікам. У 1710 г. І. Капіевіч уваходзіў у склад камісіі, якая праводзіла экзамен на валоданне замежнымі мовамі новых супрацоўнікаў Пасольскага прыказа.
Дакладных звестак пра жыццё і дзейнасць І. Капіевіча пасля 1710 г. не захавалася. Аб тым, што ён памёр у 1714 г., сведчаць прашэнні яго ўдавы аб атрыманні грашовай дапамогі.