Навум Барысавіч (Нохум Борухавіч) Лойтар нарадзіўся ў г. Бярдзічаве Жытомірскай вобласці (Украіна). З 1911 г. ён удзельнічаў у аматарскіх спектаклях музычна-драматычнага гуртка ў Лідзе. У 1921–1925 гг. вучыўся ў Вышэйшых рэжысёрскіх майстэрнях У. Меерхольда і працаваў у тэатры яго імя. З 1925 г. ставіў спектаклі ў тэатрах Масквы, Ленінграда, Горкага, Кіева. У 1941 г. у Дзяржаўным яўрэйскім тэатры БССР ён паставіў спектакль «Зачараваны кравец» паводле Шолам-Алейхема. Пастаноўка была зроблена не ў традыцыйным рэчышчы. Расказ пра нешчаслівага краўца быў падняты да ўзроўню высокай сцэнічнай метафарычнасці, прасякнуты сапраўднай трагедыйнасцю, што дэманстравала высокае гуманістычнае прызначэнне тэатральнага мастацтва.
У 1940–1957 гг. Н. Лойтар працаваў рэжысёрам (у 1941–1944 гг. мастацкім кіраўніком) Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Я. Коласа (БДТ-2). Яго творчасць адметная шырынёй рэжысёрскага дыяпазону, сцэнічнай выразнасцю пастановак. Этапным для тэатра стаў пастаўлены Н. Лойтарам у красавіку 1941 г. спектакль па п'есе беларускага драматурга В. Вольскага «Несцерка». Ён уяўляў сабой вясёлую, жыццярадасную і адначасова напоўненую вострым сацыяльным сэнсам камедыю. Праз сцэнічныя вобразы, і перш за ўсё вобраз Несцеркі, у спектаклі раскрываецца характар чалавека з народа.
Аснова п'есы В. Вольскага – народная творчасць, беларускі фальклор. Рэжысёр Н. Лойтар паставіў спектакль як стылізаваную рэалістычную казку з элементамі гіпербалізацыі акцёрскай ігры, выкарыстаннем прыёмаў гратэску, звяртаннем непасрэдна да гледача, уводам маленькіх інтэрмедый перад суперзаслонай. Так, пры абмалёўцы адмоўных персанажаў рэжысёр і акцёры стваралі даведзеную да гратэску выразную знешнюю і ўнутраную характарыстыку, ад касцюма і паходкі да моўных асаблівасцяў кожнага героя. Багатая фантазія, выдумка і дакладнае пранікненне ў сутнасць вобразаў адчуваліся ў многіх дэталях спектакля. Глядач убачыў маляўнічае народнае відовішча, напаўказачнае, напаўрэальнае, галоўныя дзеючыя асобы якога – народ і яго любімец, выказнік яго інтарэсаў, чулы і добры, вынаходлівы і дасціпны весялун і гаварун Несцерка.
Сёння спектакль «Несцерка» ўспрымаецца як дзейсны візуальны спосаб сучаснага далучэння да вытокаў нацыянальнай культуры з яе архітэктонікай, семантыкай і структурай рытуалаў і абрадаў, сімволікай строяў, успрыманнем свету і сусвету. Спектакль атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР (1946). Узнагароджаны былі Н. Лойтар, А. Ільінскі, Ц. Сяргейчык, І. Любан і мастацкі кіраўнік тэатра таго перыяду П. Малчанаў.
У гады Вялікай Айчыннай вайны на сцэне тэатра было пастаўлена каля пятнаццаці спектакляў, прысвечаных патрыятычнай тэме. Лаканізмам выразных сродкаў, увагай да глыбокага псіхалагічнага раскрыцця вобразаў вызначаліся пастаноўкі Н. Лойтара «Фронт» А. Карнейчука (1942), «Рускія людзі» (1942) і «Так і будзе» (1945) К. Сіманава, «Проба агнём» К. Крапівы (1943). У гэтых спектаклях рэжысёр сканцэнтраваў увагу на раскрыцці духоўнага жыцця людзей, высвятленні вытокаў іх незвычайнай стойкасці ў барацьбе з фашызмам. Героі твораў успрымаліся як абагульненыя вобразы сапраўдных савецкіх людзей.
Калі ў 1942 г. у БДТ-2 паўстала пытанне аб уключэнні ў рэпертуар рускай класічнай п'есы, тэатр звярнуўся да твора М. Горкага «Ягор Булычоў і іншыя». Выбар быў невыпадковым, бо сцэнічнае дзеянне выклікала непрыняцце любых відаў прыгнёту, якія калечаць жыццё людзей. Пастаноўку ажыццявіў Н. Лойтар. Радаснай падзеяй для БДТ-2 стала правядзенне кароткатэрміновых, але хвалюючых для калектыву гастроляў у Маскве ў ліпені 1944 г. У сталіцы гэта былі першыя тэатральныя гастролі наогул ад пачатку вайны. Масква цёпла прымала беларускі тэатр, які рыхтаваўся да хуткага вяртання на радзіму. З паказаных спектакляў асаблівы поспех выпаў на долю «Несцеркі». У рэцэнзіях адзначалася, што спектаклі тэатра ўзбагацілі беларускае мастацтва яркімі сцэнічнымі творамі і з'явіліся дасягненнем усяго фронту мастацтва Беларусі.
Адным з сур'ёзных дасягненняў беларускага тэатра пасляваенных гадоў з'явілася пастаноўка п'есы М. Гогаля «Рэвізор», якую Н. Лойтар ажыццявіў у 1945 г. Спектакль заняў першае месца ў час агляду рускай класікі ў тэатрах БССР, які праходзіў у 1946 г. Зладжаным ансамблем, завостранасцю характараў, глыбінёй думкі пазначаны таксама пастаноўкі такіх класічных твораў, як «Гарачае сэрца» А. Астроўскага (1955), «Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф. Дастаеўскага (1957).
Сярод работ Н. Лойтара пераважалі лірыка-псіхалагічныя драмы: «Сентыментальны вальс» А. Літоўскага (1941), «Старонка жыцця» В. Розава і «Небяспечны спадарожнік» А. Салынскага (1953), «Платон Крэчат» А. Карнейчука (1956) і інш. У гераічным плане пастаўлена драма С. Смірнова «Крэпасць над Бугам» (1956).
Памёр заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі 29 жніўня 1966 г.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.