Яскравай, своеасаблівай старонкай беларускага кінамастацтва XX ст. з’яўляецца творчасць заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі кінарэжысёра Юрыя Мікалаевіча Цвяткова.
Нарадзіўся ён у в. Дварышчы Себежскага раёна Пскоўскай вобласці (Расія). Вырашыўшы заняцца кінамастацтвам, Ю. Цвяткоў паступіў ва Усесаюзны дзяржаўны інстытут кінематаграфіі. Вучоба на аператарскім аддзяленні дазволіла яму раскрыць свае прыродныя якасці, вызначыць творчую індывідуальнасць. Пасля заканчэння інстытута Ю. Цвяткоў у 1963 г. пачаў працаваць асістэнтам аператара на кінастудыі “Беларусьфільм”. З 1989 па 1993 г. узначальваў Рэспубліканскае вытворча-творчае прадпрыемства “Беларускі відэацэнтр”, у 1993–1996 гг. з’яўляўся генеральным дырэктарам кінастудыі “Беларусьфільм”. З 1996 г. працаваў на пасадзе намесніка міністра культуры Рэспублікі Беларусь. З 2001 па 2005 г. быў начальнікам Дзяржаўнага рэгістра кінавідэафільмаў і кінавідэапраграм Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. З 2006 па 2008 г. узначальваў Беларускі саюз кінематаграфістаў, з’яўляўся членам Беларускага саюза журналістаў. Таксама супрацоўнічаў з газетай “Культура”, дзе быў членам рэдакцыйнай калегіі, аўтарам эксклюзіўных матэрыялаў.
Упершыню як аператар-пастаноўшчык Ю. Цвяткоў выступіў з кароткаметражнай стужкай “Мост” (1963, сумесна з Г. Удавянковым). Пазней былі сумесныя работы “Пушчык едзе ў Прагу” (1964, з Л. Голубам), “Анюціна дарога” (1968, пры ўдзеле В. Нікалаева). Вырашыў паспрабаваць свае сілы ў ролі рэжысёра-пастаноўшчыка. Першым яго беларускім тэлевізійным фільмам стала кінастужка “Беларусь мая сінявокая” (1969). Адзін за адным пачалі выходзіць мастацкія фільмы – “Спяшайся будаваць дом” (1970), “Веснавая казка” (1971), “Пасля кірмашу” (1972), “Гэта вясёлая планета” (1973, сумесна з Ю. Саакавым; галоўны прыз Усесаюзнага фестывалю тэлефільмаў, Масква, 1973), “Ясь і Яніна” (1974), “Марынка, Янка і таямніцы каралеўскага замка”, “Леташняя кадрыля”(абодва 1978) і інш. Асаблівую ўвагу Ю. Цвяткоў надаваў дакументальнаму кіно, якому прысвяціў большую частку жыцця, – “Памяць каменя” (1966), “Песня Палесся” (1968), “Хутка і чаго б гэта ні каштавала” (1980), “Пад чужым імем” (1981), “50-ы сезон” (1983), “Сустрэча, якая вызначыла лёс” (1985), “Чырвоны гваздзік” (1986), “Кадыш” (1993; дыплом і прыз Міжнароднага кінафестывалю ў Іерусаліме, 1994), “Чарнобыль і Беларусь” (1994; прыз Міжнароднага кінафестывалю ў г. Эбензе, Аўстрыя, 1995) і інш. За цыкл гісторыка-рэвалюцыйных фільмаў “Гісторыя адной тэлеграмы”, “Чарвякову... тэрмінова... Ленін” (абодва 1982), “Мост” (1983), “Рэвалюцыя дае нам права...” (1985) Ю. Цвяткоў у 1986 г. атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР. Апошнім яго доўгатэрміновым праектам з’яўляўся цыкл папулярных дакументальных стужак у жанры гістарычнай рэканструкцыі, што расказваюць пра выдатных асоб Беларусі, – “Цішка Гартны” (1988), “Быў. Ёсць. Буду – У. Караткевіч” (1989), “Алесь Гарун” (1990), “Кінарэжысёр Віктар Тураў” (1995; дыплом V Міжнароднага фестывалю “Залаты віцязь”, 1996) і інш. Кожны са створаных рэжысёрам фільмаў адлюстроўвае пазіцыю, грамадзянскую лінію творца, які імкнуўся весці размову з гледачом на тэмы жыццёва важныя, надзённыя.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г.