Мікалай Антонавіч Міцкевіч нарадзіўся ў г. п. Парычы Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці. У 1918–1920 гг. ён працаваў акцёрам Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, створанага Ф. Ждановічам пры ўдзеле І. Буйніцкага і У. Фальскага. Калектыў развіваўся на прафесійнай аснове і ў сваёй дзейнасці апіраўся на народныя традыцыі Першай беларускай трупы І. Буйніцкага. У складаных умовах германскай і польскай акупацыі, у грамадзянскую вайну таварыства адыграла важную ролю ў культурным жыцці Беларусі, у станаўленні беларускага прафесійнага тэатральнага мастацтва.
У пачатку 1920-х гг. у краіне ўзнікла неабходнасць у падрыхтоўцы маладых кадраў сцэнічнага мастацтва, якія маглі б папоўніць ужо існуючыя трупы або стаць асновай для фарміравання новых прафесійных драматычных калектываў. У 1921 г. Наркамасветы было прынята рашэнне стварыць Беларускую драматычную студыю. Паколькі вопытных педагогаў па акцёрскім майстэрстве ў Мінску не хапала, студыя працавала ў Маскве, дзе выкладалі майстры рускага тэатральнага мастацтва. Беларускія студыйцы, сярод якіх быў і М. Міцкевіч, вучыліся з захапленнем. Асноўным прадметам і стрыжнем усёй работы была сістэма Станіслаўскага (тэхніка ўнутраных перажыванняў). Але ўплывы іншых тэатральных школ таксама адбіліся на занятках у студыі (псіхатэхніка, акрабатыка, біямеханіка па сістэме Меерхольда). У 1926 г. скончыўся тэрмін навучання і студыйцы ўсім саставам адправіліся на пастаянную працу ў адзін з буйных адміністрацыйных, эканамічных і культурных цэнтраў Беларусі – горад Віцебск. Сярод першых акцёраў Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Я. Коласа (БДТ-2) былі Я. Глебаўская, А. Ільінскі, Р. Кашэльнікава, Л. Мазалеўская, П. Малчанаў, М. Міцкевіч, К. Саннікаў, С. Станюта і іншыя творцы, якія з цягам часу выраслі ў буйных, выдатных майстроў беларускай сцэны.
Першай самастойнай працай маладога рэжысёра М. Міцкевіча стала пастаноўка ў БДТ-2 п'есы Ю. Юр'іна «Калі спяваюць пеўні» (1928). Зыходзячы з драматургічнага матэрыялу, рэжысёр выбраў шлях двухпланавага паказу антаганістычных бакоў прадстаўнікоў розных сацыяльных груп. Станоўчыя персанажы трактаваліся строга рэалістычна, а адмоўныя – гратэскава. Гэты пастановачны прыём стаў у далейшым характэрным для творчасці М. Міцкевіча. Такім чынам, ужо яго першая рэжысёрская работа выразна выявіла адну з асаблівасцей мастацкага почырку творцы. У 1930 г. на сцэне Беларускага вандроўнага тэатра пад кіраўніцтвам У. Галубка рэжысёр паставіў спектакль «Дыктатура» па п'есе І. Мікітэнкі. Для акцёраў, занятых у гэтай пастаноўцы, работа з М. Міцкевічам была вельмі плённай, бо ён змог пераадолець бытавізм і натуралізм у стварэнні вобразаў і ў дэкарацыйным афармленні. Менавіта ў гэтым і заключалася асноўнае значэнне спектакля для калектыву, які пачаў будаваць трывалы прафесійны фундамент.
У 1931 г. рэжысёр ажыццявіў у БДТ-2 пастаноўку п'ес «Качагары» І. Гурскага і «Напор» А. Александровіча. Спектаклі прыцягнулі ўвагу тэатральнай грамадскасці сваёй актуальнасцю і своеасаблівасцю рэжысёрскага вырашэння. У 1931–1933 гг. М. Міцкевіч займаў пасаду мастацкага кіраўніка студыі пры тэатры, у 1934–1941 гг. працаваў рэжысёрам у тэатрах Украіны, затым зноў вярнуўся ў БДТ-2. Самым значным дасягненнем тагачаснага тэатра ва ўвасабленні твораў аб Вялікай Айчыннай вайне была пастаноўка п'есы Л. Лявонава «Нашэсце» (1943), якую ажыццявіў М. Міцкевіч. Сцэнічнае вырашенне спектакля рэжысёрам было пераканальным і ўдала дапаўнялася сцэнаграфічным афармленнем. Спектакль вызначаўся і яркімі акцёрскімі работамі.
Вялікім поспехам у гледача карысталася лірычная камедыя «Алазанская даліна» К. Губарэвіча і І. Дорскага, пастаўленая М. Міцкевічам у 1949 г. Цікавы і просты сюжэт, удала вырашаныя калізіі, жывыя вобразы, востры дыялог садзейнічалі лёгкаму ўспрыманню спектакля. Пры пастаноўцы п'есы рэжысёр выявіў уласцівае яму ўменне будаваць выразныя мізансцэны, ствараць вострыя камедыйныя сітуацыі, увасабляць яркія народныя характары ў энергічных сутыкненнях. Спектакль пастаўлены ў рэалістычным плане з выкарыстаннем прыёмаў псіхалагічнай характарыстыкі. Пры гэтым ён насычаны яскравымі тэатральна выразнымі фарбамі, неабходнымі ў камедыі.
У 1949 г. у выніку актыўнай творчай работы з беларускім журналістам В. Палескім на сцэне Коласаўскага тэатра з'явіўся спектакль «Песня нашых сэрцаў», які паставіў М. Міцкевіч. Твор быў прысвечаны стваральнай працы савецкіх людзей – гэтай своеасаблівай песні іх сэрцаў. У 1950 г. М. Міцкевіч ажыццявіў пастаноўку п'есы В. Палескага «Калі зацвітаюць сады». Новы сцэнічны твор вызначаўся напружаным дзеяннем і стройнай кампазіцыйнай пабудовай. Рэжысёр выявіў добрае веданне жыцця, побыту і характараў сялян.
У Беларускім дзяржаўным тэатры імя Я. Купалы ў 1951 г. М. Міцкевіч паставіў спектакль «Вішнёвы сад» па п'есе А. Чэхава. Карыстаючыся сродкамі лёгкай іроніі, а дзе-нідзе і шаржу, рэжысёр імкнуўся паказаць людзей, пазбаўленых пачуцця сучаснасці, аджыўшых свой век і бездапаможных. Спектакль меў станоўчае значэнне ў пашырэнні творчай палітры купалаўцаў.
Пастаноўкі М. Міцкевіча вызначаліся яркай сцэнічнай формай, ідэйнай накіраванасцю, індывідуалізацыяй вобраза ў масавых сцэнах, лаканізмам выразных сродкаў. Рэжысёр ставіў пераважна сучасную драматургію, імкнуўся да маштабнасці спектакляў, добра знаў беларускі фальклор і нацыянальныя тэатральныя традыцыі. Сярод пастановак М. Міцкевіча: «Заложнікі» А. Кучара (1944), «Цэнтральны ход» К. Губарэвіча і І. Дорскага (1948), «Пяюць жаваранкі» К. Крапівы (1950), «Разлом» Б. Лаўранёва (1951), «Васа Жалязнова» М. Горкага (1953) і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.