Дата рождения:
24.01.1931 Мокрае, в., Быхаўскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
08.06.2018
Краткая справка:
літаратуразнавец, тэкстолаг, крытык, член-карэспандэнт НАН Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1980), прэміі НАН Беларусі (2013)
Варианты имени:
Мушынскі Міхась
Имена на других языках:
Мушинский Михаил Иосифович (русский);
5756 символов
Справка
Выдатны тэкстолаг, гісторык беларускай літаратуры, крытык Міхаіл Іосіфавіч Мушынскі ўнёс значны ўклад у айчыннае літаратуразнаўства і педагагічную навуку.
Нарадзіўся ён у в. Мокрае Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і чыгуначніка. Скончыўшы школу з залатым медалём, у 1950 г. паступіў на аддзяленне рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння вучобы ў 1955 г. каля года працаваў рэдактарам выдавецтва ўніверсітэта. Потым перайшоў у Інстытут літаратуры імя Я. Купалы АН БССР (цяпер Інстытут літаратуразнаўства імя Я. Купалы НАН Беларусі), дзе прайшоў шлях ад малодшага навуковага супрацоўніка да загадчыка сектара (аддзела) выданняў і тэксталогіі. У 1963 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Творческая история поэм Якуба Коласа “Новая земля” и “Сымон-музыкант”», а ў 1973 г. – доктарскую дысертацыю на тэму «Белорусская критика и литературоведение, 20–30-е годы». З 1991 г. з’яўляўся членам-карэспандэнтам НАН Беларусі, у 2001 г. атрымаў званне прафесара. Членам Саюза пісьменнікаў Беларусі стаў у 1973 г., дзе шмат гадоў узначальваў секцыю крытыкі і літаратуразнаўства.
З першымі рэцэнзіямі ў друку М. Мушынскі выступіў у 1955 г. Гэта былі грунтоўныя аналізы твораў мастацкай і навуковай літаратуры, папулярызацыі практычных выданняў. Ужо на раннім этапе ў даследчыка вылучыліся асноўныя напрамкі навукова-літаратуразнаўчай дзейнасці – гэта творчасць Я. Коласа і гісторыя беларускай літаратуры. У 1965 г. на аснове дысертацыі была выдадзена манаграфія «Ад задумы да здзяйснення: творчая гісторыя “Новай зямлі” і “Сымона-музыкі”», якая стала наватарскай з’явай у коласазнаўстве і айчыннай літаратуразнаўчай навуцы. Вялікія заслугі М. Мушынскага ў беларускай тэксталогіі, у прапагандзе лепшых прадстаўнікоў прыгожага пісьменства. Аддзелам выданняў і тэксталогіі, які ён ўзначальваў з 1979 па 2002 г., выдадзены навукова каменціраваныя зборы твораў Я. Купалы, Я. Коласа, І. Мележа, М. Лынькова, М. Гарэцкага, П. Пестрака, З. Бядулі, П. Броўкі, М. Багдановіча, М. Зарэцкага і інш. Упершыню было рэалізавана выданне поўных збораў твораў М. Багдановіча ў трох тамах (1991–1995), Я. Купалы ў дзевяці тамах (1995–2003). Міхасём Мушынскім падрыхтаваны асобныя і выбраныя творы многіх беларускіх пісьменнікаў, напісаны прадмовы, пасляслоўі да іх, каментарыі. Зробленае вучоным у галіне тэксталогіі ў многім прадвызначыла яе сучасны стан. Тэарэтычныя распрацоўкі і метадычныя рэкамендацыі М. Мушынскага эфектыўна выкарыстоўваюцца ў практычнай дзейнасці тэкстолагаў. Ажыццяўленне якасна новых выданняў больш высокага тыпу адкрыла для іх новыя перспектывы, узбагаціла ранейшыя ўяўленні пра беларускіх класікаў, стала асновай для напісання навейшых гісторыка-літаратурных даследаванняў.
Міхась Мушынскі ў сваіх шматлікіх працах не толькі раскрыў творчы працэс і спадчыну многіх беларускіх пісьменнікаў, але і абагульніў вопыт развіцця, станаўлення метадалогіі, тэарэтыка-метадалагічных прынцыпаў крытыкі і літаратуразнаўства, адлюстраваў ролю і значэнне ў літаратуры прынцыпаў рэалізму, народнасці, гуманізму, агульначалавечых каштоўнасцей і зрабіў гэта грунтоўна, у значнай ступені па-новаму («Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20–30-я гады» (1975), «Беларускае савецкае літаратуразнаўства» (1979), «Якуб Колас: летапіс жыцця і творчасці» (1982), «Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 40-я – першая палавіна 60-х гг.» (1985), «Каардынаты пошуку: беларуская крытыка: набыткі, перспектывы» (1988), «І нічога, апроч праўды: якой быць “Гісторыі беларускай літаратуры”» (1990), «Нескароны талент: праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці Міхася Зарэцкага» (1991) і інш.). Творча засвоеныя М. Мушынскім прыёмы і прынцыпы мастацкага аналізу з’яўляюцца вызначальнымі рысамі яго даследчыцкага стылю, а высокая патрабавальнасць да сябе прыводзіць да пераасэнсавання раней напісанага, да новага прачытання літаратурнай спадчыны беларускіх пісьменнікаў («Падзвіжнік з малой Багацькаўкі: жыццёвы і творчы шлях Максіма Гарэцкага» (2-е выд., выпр. і дап., 2013), «Мае Каласавіны: з вопыту вывучэння літаратурнай і грамадска-культурнай дзейнасці Якуба Коласа» (2-е выд., выпр. і дап., 2016) і інш.). Вучоны ўдзельнічаў у падрыхтоўцы двухтомнага даследавання «История белорусской дооктябрьской литературы» і «История белорусской советской литературы» (1977). Ён з’яўляецца адным з аўтараў фундаментальных навуковых прац «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), «Нарысы па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (кн. 2–4, 1994–1995), «Гiсторыя беларускай лiтаратуры XX стагоддзя» (1999–2003); манаграфій «Беларуская савецкая проза: раман і аповесць» (1971), «Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы» (1972) і інш. Міхась Мушынскі напісаў больш за 380 навуковых прац, у тым ліку 13 манаграфій.
Вучоны быў адным з арганізатараў штогадовых навуковых канферэнцый «Каласавіны», «Гарэцкія чытанні», «Узвышаўскія чытанні», «Купалаўскія чытанні» і інш. З грунтоўнымі дакладамі выступаў на міжнародных, рэспубліканскіх канферэнцыях. На працягу 20 гадоў М. Мушынскі быў вучоным сакратаром савета па абароне доктарскіх дысертацый пры Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы НАН Беларусі, некаторы час з’яўляўся старшынёй экспертнага савета Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Беларусі і намеснікам старшыні рэспубліканскага Фонду фундаментальных даследаванняў. Таксама займаўся падрыхтоўкай кваліфікаваных спецыялістаў-тэкстолагаў, якія працягваюць ажыццяўляць падрыхтоўку і выданне навукова каменціраваных збораў твораў беларускіх класікаў. Вучоны – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1980), прэміі НАН Беларусі (2013). Арганізацыйна-метадычная, навукова-даследчая дзейнасць М. Мушынскага адзначана шматлікімі ганаровымі граматамі, медалямі.