Имена на других языках:
Zienkiewicz Romuald (польский); Зенькевич Ромуальд Семёнович (русский);
3611 символ
Справка
Рамуальд Сымонавіч Зянькевіч – адзін з пачынальнікаў беларускай фалькларыстыкі і этнаграфіі, першаадкрывальнік унікальнай абрадава-святочнай культуры Палесся нарадзіўся ў шляхецкай сям’і ў Завілейскім павеце Віленскай губерні (цяпер Уценскі павет, Літва). Вучыўся ў Свірскай парафіяльнай і Пастаўскай павятовай школах, затым у Віленскай гімназіі. У 1826 г. стаў студэнтам літаратурнага аддзялення Віленскага ўніверсітэта. Сярод яго выкладчыкаў былі філолаг Г.Э. Гродэк, гісторык і грамадскі дзеяч
І.І. Лялевель, літаратуразавец і лінгвіст І.М. Лабойка і іншыя выдатныя навукоўцы. Менавіта пад іх уплывам Р.С. Зянькевіч зацікавіўся археалогіяй, народнай творчасцю і славістыкай у цэлым.
Пасля заканчэння ўніверсітэта (1830) ён працаваў настаўнікам і выхавацелем у прыватных дамах у розных мясцінах Паўночна-Заходняга краю, быў выкладчыкам ў Росенскай павятовай школе (Ваўкавыскі павет Гродзенскай губерні). Адначасова з настаўніцкай дзейнасцю займаўся збіраннем мясцовых народных песень, казак, легенд, паданняў і абрадаў. Першы яго невялікі нарыс пра абрад «Ваджэнне казы» з’явіўся ў друку ў 1843 г. Найбольш жа плённым для даследчыка стаў час працы ў маёнтку князёў Друцкіх-Любецкіх у Луніне Пінскага павета Мінскай губерні (цяпер аграгарадок у Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці), дзе ён атрымаў дазвол карыстацца бібліятэкай, архівам і кабінетам-музеем. У 1847 г. у часопісе «Athenаeum» («Атэнэум») быў надрукаваны нарыс «Народныя песні, сабраныя на Піншчыне і перакладзеныя Р. Зянькевічам». У ім даследчык класіфікаваў паводле народнага календара творы калядныя, веснавога і летняга цыклаў. Больш за 200 песень, запісаных у гэтым жа рэгіёне, у далейшым апублікаваны ў зборніку «Народныя песні Піншчыны» (1851). Тэксты ў ім пададзены ў беларускім арыгінале з вершаваным перакладам і тлумачэннем абрадаў, у час якіх яны спяваліся. Каментарыі і дапаўненні да гэтага зборніка даследчык праз некаторы час апублікаваў у часопісе «Biblioteka Warszawska» («Бібліятэка Варшаўская»). У артыкуле «Пра ўрочышчы і звычаі жыхароў Піншчыны, а таксама пра характар іх песень» (1852–1853) змешчана апісанне некаторых відаў вясковай працы, нораваў, звычаяў людзей, каляндарных і сямейных абрадаў, вераванняў і забабонаў, закранута пытанне генезісу народных песень. Разгледжаны пахавальныя абрады, памінальны абрад «Дзяды», упершыню апісаны старажытны веснавы абрад «Куст».
Акрамя вуснай народнай творчасці Р.С. Зянькевіч займаўся археалагічна-краязнаўчым даследаваннем гарадзішчаў, валоў, курганоў Ашмяншчыны, Турава і Крэва. У артыкуле «Пра курганы і гарадзішчы Ашмянскага павета» (1848) Р.С. Зянькевіч прывёў мясцовыя назвы гэтых аб’ектаў, запісаў легенды і паданні аб іх. Стварыў таксама карту Ашмянскага павета. Сярод іншых прац – «Гісторыя польскай літаратуры», «Пра выхаванне моладзі, з пералікам абавязкаў бацькоў і настаўнікаў», «Сістэматычны агляд усіх навук» (засталіся ў рукапісах), зборнік вершаў «Рыфмаваныя спробы» (1856), нарыс «Вяселле, рыфмаваны перадшлюбны падарунак» (1857) і інш. Шмат матэрыялаў і асабісты архіў даследчыка страчаны. Невялікая частка яго рукапіснай спадчыны зараз захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы АН Літвы ў Вільнюсе.
Фальклорнымі і этнаграфічнымі матэрыяламі, сабранымі Р.С. Зянькевічам, у далейшым карысталіся іншыя даследчыкі: М.А. Янчук, Е.Р. Раманаў, З. Глогер, М.В. Доўнар-Запольскі, Ю.Ф. Крачкоўскі, О. Кольберг і інш. Яго запісы вусна-паэтычнай творчасці былі надрукаваны ў зборніках «Жніўныя песні» (1974), «Вяселле. Песні» (1980–1988), «Земляробчы каляндар» (1990), «Паэзія беларускага земляробчага календара» (1992) і інш.