Дата рождения:
20.12.1840 Дэмбрава, аг., Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерти:
31.12.1916
Краткая справка:
жывапісец, графік, творчаць якога звязана з мастацкім жыццём Польшчы, Беларусі і Літвы, аўтар гістарычных палотнаў і серыі карцін па матывах творчасці А. Міцкевіча, удзельнік паўстання 1863–1864 гг.
Имена на других языках:
Альхимович Казимир Доминикович (русский);
3358 символов
Справка
Казімір Дамінікавіч Альхімовіч, прадстаўнік позняга рамантызму і рэалізму ў беларускім мастацтве XIX – пачатку XX ст., быў адным з найбольш вядомых гістарычных жывапісцаў.
Нарадзіўся ён у маёнтку Дэмбрава былога Лідскага павета (цяпер Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці) у сям’і небагатага шляхціца. Першапачатковую адукацыю атрымаў у Віленскай класічнай гімназіі, дзе выкладаў жанрыст К. Русецкі, творчасць якога ў тыя гады была ў цэнтры ўвагі мастацкай грамадскасці Вільні. За ўдзел у паўстанні 1863–1864 гг. К. Альхімовіч быў сасланы ў Сібір. Вярнуўшыся са ссылкі ў 1869 г., пасяліўся ў Варшаве. Там канчаткова зразумеў, што яго прызванне жывапіс. Мастацкую адукацыю набываў у Варшаве, Мюнхене, Парыжы. У 1875 г. закончыў Акадэмію мастацтваў у Мюнхене. Гады вучобы там аказаліся надзвычай плённымі. Ён экспанаваў свае работы на розных выстаўках, неаднаразова – у Францыі, дзе жыў з 1876 па 1878 г. Прымаў удзел у шматлікіх творчых конкурсах. Атрымаў некалькі залатых і сярэбраных медалёў. Наведваў майстэрні тагачасных славутасцей.
У 1878 г. К. Альхімовіч вярнуўся ў Варшаву. Пачаў выкладаць малюнак у школе жывапісу і разьбы Б. Пасвіковай. У гэты час заявіў пра сябе як майстар гістарычнага жанру. У 1885 г. на акадэмічнай выстаўцы ў Пецярбургу было прадстаўлена яго палатно “Смерць Глінскага ў турме”. Сапраўдная ж вядомасць прыйшла да К. Альхімовіча дзякуючы карціне “Пахаванне Гедзіміна”. Твор атрымаў высокія ўзнагароды на выстаўках у Варшаве, Пецярбургу, Львове, Сан-Францыска. Карціна напісана так, што веліч і смутак у ёй паяднаны між сабой. Пачуццё велічы ўзнікае ад усведамлення таго, якія людзі калісьці жылі на беларускай зямлі. Смутак – ад незваротнасці страты. Таксама значнымі гістарычнымі палотнамі з’яўляюцца “Адпачынак Кейстута”, “Вітаўт на магіле Кейстута”, “Абарона Ольштына”. “Вясельныя ўрачыстасці Жыгімонта Аўгуста”, “Апошні жрэц Літвы з дачкою Плёнтай”. Карціны “Смерць у выгнанні”, “Пахаванне на Урале”, “На этапе” і іншыя напісаны па ўспамінах аб ссылцы ў Сібір. Праз усё жыццё пранёс ён любоў да сваёй радзімы, што гістарычна называлася Літвой. “Ліцвінам Альхімовічам” называлі мастака ў Польшчы і крытыкі, і сябры. Увасабленнем радзімы для яго была ў першую чаргу родная сядзіба. Шчымлівым пачуццём любві прасякнута яго палатно “Дажынкі”, на якім адлюстраваны ён сам разам з братам і бацькамі. Святочна накрыты стол. Гаспадары сустракаюць сялян, якія дажалі жыта і прыйшлі з поля на панскі двор. Ідылія, што сцвярджала папулярную ў той час ідэю яднання шляхты з сялянамі ў імя вызвалення краю. У карцінах “Жніво”, “Вясковая дзяўчына”, “Наём работнікаў”, “Парабкава хата”, “У поце чала” К. Альхімовіч адлюстраваў вясковы побыт.
У сваіх стылявых прыхільнасцях мастак прытрымліваўся рэалістычных прынцыпаў адлюстравання рэчаіснасці, узбагачаных ярка выяўленым рамантычным светаўспрыманнем. Карціны яго пазначаны нягучнасцю фарбаў, спакойным колеравым ладам. Творчы дар К. Альхімовіча выяўляўся не толькі ў жывапісе. Свае сілы ён спрабаваў і ў галіне графікі. Вядомы і як манументаліст. Разам з Т. Попелам і А. Пятроўскім распісаў касцёл Святой Кацярыны ў Пецярбургу. Займаўся К. Альхімовіч і разьбой па дрэве, распісваў фаянс, працаваў з глінай. Яркай старонкай творчасці мастака былі ілюстрацыі да паэмы “Пан Тадэвуш” А. Міцкевіча, твораў Ю. Славацкага, Ю. Крашэўскага.