Дата рождения:
10.12.1930 Вецявічы, в. Слонімскі раён, Гродзенская воласць
Дата смерти:
02.03.2013
Краткая справка:
пісьменнік, літаратуразнавец, крытык, перакладчык
Псевдонимы:
Арчак М.; Ядловец М.
Варианты имени:
Арочка Мікола
Имена на других языках:
Арочко Микола (русский); Арочко Николай Николаевич (русский); Орочко Н.Н. (русский); Орочко Николай Николавеич (русский);
4103 символа
Справка
Мікола Арочка ўвайшоў у гісторыю беларускай літаратуры, як паэт, літаратуразнавец, крытык, празаік і перакладчык.
Нарадзіўся пісьменнік у вёсцы Вецявічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. Першапачатковую адукацыю атрымаў у Азярніцкай сярэдняй школе. Пасля закончыў філалагічны факультэт БДУ імя У.І. Леніна. Працаваў у часопісе “Сельская гаспадарка Беларусі” (1956–1960 гг.), а з 1962 г. – у газеце “Літаратура і мастацтва”. З 1966 г. быў навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Так склаўся лёс, што другую палову свайго жыцця Мікола Арочка быў вымушаны пражываць з сям’ёй у роднай вёсцы Вецявічы.
У друку з вершамі Мікола Арочка пачаў выступаць з 1949 г. (Баранавіцкая абласная газета “Чырвоная звязда”). Першы зборнік “Не ўсе лугі пакошаны…” выйшаў у свет у 1958 г., затым кнігі паэзіі “Ветраломная паласа” (1962), “Крылатае семя” (1967), “Кветкі бяссмертніка” (1972) і інш. Ужо ў ранніх вершах Міколы Арочкі абазначаліся матывы, вобразы, якія сталі па сутнасці, галоўнымі ў яго паэзіі, – гэта бацькаўшчына, зямля, зерне, жыта, жыццё, родная мова… Паэтызацыя бацькоўскай зямлі і свету родных людзей пачалася з першых творчых крокаў. Мянялася жыццё, а разам з ім мяняўся ракурс яго спасціжэння, паглыбляліся каардынаты вымярэння. Мікола Арочка – аўтар шэрага кніг паэзіі, з іх сталасцю светавыяўлення вызначаюцца “Матчына жыта” (1978), “Курганне. Крэва” (1982), “Падземныя замкі” (1986) і інш. Мастацкае слова Мікалая Арочкі прасякнута турботай пра высокую еднасць духоўнасці і хлеба надзённага – гэта клопат пра гістарычную жыццяздольнасць свайго народа і яго невычэрпныя патэнцыяльныя магчымасці. Лепшыя вершы аўтара з’яўляюцца аўтабіяграфічнымі (“Далучэнне да зямлі”, “Дарогай світання”, “Пах саломы”). Балючая памяць вайны нарадзіла вялікую колькасць твораў пра перажытае (вершы “Перакалочаныя ночы”, “А салдаты ішлі”, “Партызанскі пароль”, “Начная балада салдаткі” і інш.). Мікола Арочка належыць да пакалення, дзяцінства якога апалена вайной. Але памяць пра ўласна зведанае ажыве на старонках кніг не адразу, а ў 60-я, калі дастатковы жыццёвы і творчы вопыт надаў эмоцыям асэнсаваны характар. Павышаная ўвага да лёсу народа, яго вялікіх выпрабаванняў і драм усё больш схіляла аўтара да пазнання мінулага.
Паэзія Міколы Арочкі прыцягвае ўвагу перш за ўсё двума вымярэннямі: прагай спазнання глыбінных пластоў роднай зямлі і ўстурбаваным далучэннем да яе сучасных праблем і патрэб. Пафас усвядомленнага спазнання і шанавання нашага “гістарычнага дому” ўласцівы ўсім без выключэння драматычным паэмам Міколы Арочкі. Важкім дасягненнем беларускай літаратуры канца ХХ ст. стала драматызаваная паэма пісьменніка “Судны дзень Скарыны”. З глыбінь XVI ст. паэт выводзіць светлы воблік беларускага першадрукара. Усе сюжэтныя калізіі твора (рэальныя, бытавыя, сацыяльна-палітычныя падзеі) так ці інакш закранаюць самую істотную праблему, у якой сканцэнтравана сутнасць жыцця Скарыны – ідэю Асветы, культуры, нацыянальнага Адраджэння.
Вядома, што адна з прыкмет нашага часу – паварот грамадства да агульначалавечых хрысціянскіх каштоўнасцей. Гэта з’ява, узмоцненная горкім вопытам Чарнобыля, выклікала да жыцця творы на біблейскія матывы. Зварот Міколы Арочкі да хрысціянскіх вобразаў, пытанняў веры абумоўлены асабістым лёсам (вершы “Укрыжаванне”, “Малітва сына Віталія”, “Святая зямля”, “У пустой капліцы”, “Асвячэнне крыніцы” і інш.).
За гады сваёй творчай працы аўтар нярэдка звяртаўся да вобраза каханай жанчыны (вершы “Ласкавасць”, “Ты даравала ўсё…”, “Маёй супольніцы” і інш.). Вельмі высока ацэнены літаратуразнаўчыя кнігі Міколы Арочкі “Валянцін Таўлай” (1989), “Галоўная служба паэзіі” (1974), “Сучасная беларуская паэзія” (1976), “Беларуская савецкая паэма” (1979), “Саюз часу і майстэрства” (1981), “Максім Танк : жыццё ў паэзіі” (1984), “Поэзия и война” (1987). Значнае месца ў творчасці Міколы Арочкі займала перакладчыцкая дзейнасць. Яго творчыя інтарэсы, як літаратуразнаўца і крытыка былі звязаны з даследаваннем паэтычных жанраў, іх гістарычным рухам.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2005 г. актуалізаваны ў 2020 г.