Дата рождения:
14.01.1920 Плёсы, в., Бабруйскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
08.05.2017
Краткая справка:
паэт, празаік, перакладчык, заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Я. Купалы (1964), ганаровы грамадзянин Бабруйскага раёна (1998)
Варианты имени:
Аўрамчык Мікалай Якаўлевіч
Имена на других языках:
Аврамчик Микола (русский); Аврамчик Николай Яковлевич (русский);
4295 символов
Справка
Творчасць паэта і празаіка Міколы Аўрамчыка напоўнена мудрасцю, памяркоўнасцю, добразычлівым стаўленнем да людзей і вынікаў іх працы. Такая чалавечая і мастацкая пазіцыя, якой ён прытрымліваўся на працягу ўсёй сваёй літаратурнай дзейнасці, з’яўляецца люстэркам жыццёвых і творчых перакананняў і выклікае вялікую павагу да майстра.
Мікалай Якаўлевіч нарадзіўся 14 студзеня 1920 г. у в. Плёсы на Бабруйшчыне ў сялянскай сям’і. Яшчэ падчас вучобы ў школе сур’ёзна захапіўся беларускай літаратурай і вельмі палюбіў творы Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, К. Чорнага. У гэты ж час сам пачаў пісаць вершы і змяшчаць іх у школьнай сценгазеце. Адзін з вершаў нават чытаў перад самім Я. Коласам у час наведвання ім Бабруйска. Пасля заканчэння сярэдняй школы М. Аўрамчык паступіў на рэспубліканскія курсы маладых аўтараў у Мінску, а ўвосень 1938 г. пачаў вучобу на літаратурным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага. Аднак студэнцкія клопаты пачынаючага паэта прыпыніла Вялікая Айчынная вайна. Ваяваў на Паўночна-Заходнім і Волхаўскім франтах. Летам 1942 г. трапіў у палон і быў вывезены ў Германію, дзе да заканчэння вайны працаваў на каменнавугальных шахтах Рура.
Вясной 1946 г. М. Аўрамчык вярнуўся ў Мінск і паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адначасова працаваў у рэдакцыях газет “Літаратура і мастацтва”, “Чырвоная змена”, часопісе “Полымя”. Пасля заканчэння вучобы цалкам прысвяціў сябе журналісцкай і пісьменніцкай дзейнасці. Да 1980 г. Мікалай Якаўлевіч быў рэдактарам аддзела паэзіі часопіса “Маладосць”. За гэты час праз яго рукі прайшла незлічоная колькасць вершаваных радкоў, а праз яго сэрца – не адзін дзясятак творцаў з новага пакалення: Г. Бураўкін, А. Грачанікаў, К. Цвірка, Я. Сіпакоў, Я. Янішчыц, В. Зуёнак, У. Някляеў і інш.
Выступаць у друку Мікола Аўрамчык пачаў яшчэ ў далёкім 1937 г. Спачатку друкаваўся ў бабруйскай газеце “Камуніст”, потым – у часопісе “Полымя рэвалюцыі”. У красавіку 1939 г. на адным з літаратурных вечароў у педагагічным інстытуце малады паэт чытаў свой верш “Адлёт жураўлёў”. Я. Колас, які быў запрошаны на мерапрыемства, даў вельмі станоўчую ацэнку гэтаму твору і падштурхнуў такім чынам да далейшай творчасці і ўдасканалення. Так быў зроблены першы ўпэўнены крок у літаратурнае жыццё.
Першы зборнік паэта пад назвай “Пярэдні край” быў надрукаваны ўжо ў 1949 г. Пазней з’явіліся і іншыя: “Шляхамі дружбы” (1952), “Ключы жураўліныя” (1960), “Сустрэча былых канагонаў” (1963), “Універсітэцкі гарадок” (1967), “Агледзіны” (1969), “Як на далоні” (1970), “Дрэва дружбы” (1973), “Радовішча” (1976), “Запрашэнне да роздуму” (1994). Паэзія М. Аўрамчыка адлюстроўвае драматычны ваенны лёс, уражанні ад студэнцкіх гадоў, успаміны аб гадах працы у трактарных брыгадах і паездках па краіне. Шмат вершаў з эпізодамі асабістай біяграфіі: “Дзень добры, Мінск!”, “Універсітэцкі гарадок”, “Не трывожся гэтак, маці, аба мне” і інш. Праз усю творчасць паэта праходзіць балючая тэма палону, катаржнай працы ў рурскіх шахтах і суму па роднай зямлі: верш “Глюкаўф!”, паэма “Волхаўская споведзь”, раман “У падзямеллі”. Шмат у творчасці М. Аўрамчыка вершаў-прысвячэнняў, успамінаў і эсэ аб калегах, сябрах і франтавых таварышах: “Памяці Міколы Сурначова”, “У доме Якуба Коласа”, “На магіле Максіма Багдановіча”, “Песня пра Мікалая Гастэлу” і інш. У 2004 г. выйшла кніга мемуараў “Знаёмыя постаці”, дзе шмат нататкаў пра людзей, з якімі давялося сустракацца і працаваць у жыцці: Я. Коласа, К. Крапіву, З. Бядулю, М. Лынькова, М. Танка, П. М. Машэрава, А. Сербантовіча і шмат інш.
Займаўся Мікалай Якаўлевіч і перакладамі на беларускую мову твораў Д. Байрана, А. Міцкевіча, Л. Украінкі, І. Куратава, Я. Смелякова, М. Джаліля, Г. Эміна і інш. Творы самога паэта перакладзены на розныя мовы, у тым ліку, на англійскую, нямецкую, французскую, іспанскую, балгарскую і польскую.
За сваю плённую працу М. Я. Аўрамчык быў узнагароджаны ордэнамі “Знак Пашаны” і Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі, граматамі Вярхоўных Саветаў Беларусі, Украіны і Літвы. У 1964 г. за зборнік “Сустрэча былых канагонаў” пісьменнік атрымаў Літаратурную прэмію імя Я. Купалы, а ў 1980 г. яму было прысвоена званне заслужанага работніка культуры Беларусі.