Дата рождения:
12.03.1915 Машканы, в., Сенненскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
06.07.1943 Расія
Краткая справка:
лётчык, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза (1943), узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, медалямі
Имена на других языках:
Горовец Александр Константинович (русский);
3010 символов
Справка
Аляксандр Канстанцінавіч Гаравец нарадзіўся ў вёсцы Машканы Сенненскага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і селяніна. У 1930 г. пасля заканчэння сямігодкі паступіў у Полацкі лясны тэхнікум, але моцна захварэў і быў вымушаны вярнуцца дадому. Пасля выздараўлення пераехаў да сястры ў Віцебск. Працаваў слесарам і адначасова вучыўся ў Віцебскай школе лётчыкаў Асаавіяхіма (цяпер – навучальна-спартыўная ўстанова «Віцебскі аэраклуб імя А.К. Гараўца» ДТСААФ).
У 1933 г. па камсамольскай пуцёўцы быў накіраваны ва Ульянаўскую авіяцыйную школу інструктараў Асаавіяхіма. Летам 1935 г. лётчык-інструктар Гаравец атрымаў накіраванне ў аэраклуб горада Шахты Растоўскай вобласці. У 1939 г. скончыў лётна-камандныя курсы ў Кіраваградзе. Пасля вяртання ў Шахты працягваў займацца падрыхтоўкай пілотаў, быў камандзірам звяна, атрада, а праз некаторы час стаў кіраўніком лётнай часткі аэраклуба.
У ліпені 1941 г. на базе Шахцінскага і Растоўскага аэраклубаў была створана 20-я ваенная авіяцыйная школа лётчыкаў першапачатковага навучання Паўночна-Каўказскага фронту. Аляксандр Гаравец некалькі разоў падаваў рапарт аб адпраўцы на фронт, але камандаванне лічыла, што такі здольны інструктар павінен займацца падрыхтоўкай лётчыкаў.
У канцы лета 1942 г. 20-я ваенная авіяцыйная школа была расфарміравана, а яе інструктары залічаны ў склад 166-га знішчальнага авіяцыйнага палка. У кастрычніку 1942 г. А.К. Гаравец стаў рабіць баявыя вылеты на знішчальніку ЛаГГ-3. Першы самалёт праціўніка збіў у снежні 1942 г. Вясной 1943 г. пачаў лятаць на новым самалёце Ла-5, пабудаваным на сродкі калгаснікаў Горкаўскай вобласці. У маі таго ж года быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.
6 ліпеня 1943 г. гвардыі старшы лейтэнант Гаравец прымаў удзел у баявой аперацыі па прыкрыцці наземных войск 1-й танкавай арміі М.Я. Катукова і 6-й гвардзейскай арміі І.М. Чысцякова. Калі лётчыкі вярталіся на свой аэрадром, А.К. Гаравец заўважыў вялікую групу нямецкіх бамбардзіроўшчыкаў і ўступіў у бой. Ён знішчыў 9 самалётаў праціўніка, але трапіў пад удар чатырох варожых знішчальнікаў, быў збіты і загінуў.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 28 верасня 1943 г. Аляксандру Канстанцінавічу Гараўцу было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Аляксандр Гаравец – адзіны савецкі лётчык, які збіў такую колькасць самалётаў у адным баі. За час вайны ён здзейсніў 74 баявыя вылеты, знішчыў 11 самалётаў праціўніка асабіста і 6 у групе.
Самалёт А.К. Гараўца быў знойдзены ў кастрычніку 1956 г. жыхарамі вёскі Зорынскія Двары Іўнянскага раёна Белгародскай вобласці. Авіяцыйная гармата, пісталет, партыйны білет № 2682000, планшэт з картай, пасведчанне асобы Аляксандра Канстанцінавіча Гараўца захоўваюцца ў Цэнтральным музеі Узброеных Сіл у Маскве.
Помнікі Герою знаходзяцца ў Віцебску, Полацку, Шахтах, Белгародскай вобласці. Яго імем названы Машканскі дзіцячы сад – сярэдняя школа Сенненскага раёна, Віцебскі аэраклуб, СШ № 10 г. Віцебска, вуліцы ў Мінску, Віцебску, Багушэўску, Маскве, Белгарадзе.