“Маё жыццё” – менавіта так назваў юбілейную выстаўку, прысвечаную свайму 80-годдзю, якая адкрылася 25 кастрычніка 2010 г. у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Леанід Аляксандравіч Дударэнка. Па словах спецыялістаў, экспазіцыя – вялікая, шматгранная, уражальная – стала поўным пацвярджэннем не толькі сталасці мастака, але і вынікам яго складаных і востраарыгінальных, часам супярэчлівых, вобразна-пластычных пошукаў.
Нарадзіўся Леанід Аляксандравіч Дударэнка ў г. Маладзечна Мінскай вобласці. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1956), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1962). З гэтага ж года ўдзельнік міжнародных і рэспубліканскіх мастацкіх выставак, у тым ліку персанальных пленэраў. З 1965 г. – член Беларускага саюза мастакоў.
Леанід Дударэнка працуе ў станковым жывапісе ў жанрах сюжэтна-тэматычнай карціны, пейзажа, нацюрморта, партрэта. Вядома, што ў 1960–1970 гг. мастак набыў славу нястомнага вандроўніка. Родная Беларусь, Прыбалтыка, Малая зямля, Далёкі Усход, Якуція і Калыма, Калінінградскі порт і Паволжа, Карэлія і Архангельская вобласць, Каўказ, гарады Прычарнамор'я ... – гэта геаграфія яго паездак і творчай працы. Яго героі – рабочыя, докеры, маракі, салдаты, студэнты. У творчых вандроўках Л. Дударэнка авалодаў усім «рэпертуарам» тэхнічных сродкаў жывапісу і асновамі «еўрапейскага» кампазіцыйнага мыслення, дасягнуў найвышэйшай свабоды пейзажных і партрэтных характарыстык. У Л. Дударэнкі на рэдкасць абвостранае пачуццё гістарызму, пастаянныя і шматзначныя дыялогі з мінулым, пачынаючы з ранніх карцін: «П'ета» і «Вызваленне» і заканчваючы «прытчавымі»: «Чалавек – гаспадар Зямлі», «Эпілог», «Гібель на шляху да камунізму», «Мая шматпакутная Беларусь», «Юдзіф», «На парозе стагоддзя», «Людзі і манументы».
Высокую ацэнку спецыялістаў атрымалі партрэты і партрэтныя кампазіцыі беларускіх пісьменнікаў, створаныя ў 1980-я гг.: У. Караткевіча, М. Багдановіча, Н. Гілевіча, Ф. Багушэвіча і інш. Творы Л. Дударэнкі вызначаюцца насычанасцю фарбаў, дакладнасцю малюнка, пластычнай выразнасцю форм і сілуэтаў. Глыбіня псіхалагічнай характарыстыкі ўласціва партрэтам, эпічнасць і манументальнасць – пейзажам, імкненне паказаць непарыўную сувязь часоў і пакаленняў – тэматычным палотнам. Драматычная ўнутраная дынаміка часцей за ўсё аказваецца лейтматывам твораў мастака. Гэта яго складана-філасофскія кампазіцыі «Жыццё – гэта тэатр», «Памяць паэта», «Майму народу гэта кніга (Скарына)», «Дзень Перамогі», «Аляксандр Салжаніцын», «За вас, сябры», а таксама грандыёзная серыя, прысвечаная праваслаўным храмам і манастырам. «Званы праваслаўя» (1995–2006) – так назваў мастак гэту серыю, цалкам прысвечаную праваслаўнай храмавай архітэктуры Беларусі і Расіі. Храмы Полацка і Магілёва, Лагойска і Мсціслава, Васкрасенска і Вышняга Валачка, Салаўкоў і Таржка, Звянігарада і Чардыні ўвасоблены Л. Дударэнкам у эскізах, накідах, жывапісных палотнах у час шматлікіх паездак. У 2000 г. ён выстаўляў першую частку работ з гэтай серыі ў залах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і прысвяціў яе тысячагоддзю хрысціянства. Калекцыя, створаная з натуры у час паездак у 1970–1990 гг., з цягам часу дапаўнялася новымі работамі, якія затым экспанаваліся на самых розных выставачных пляцоўках. У 2005 г. персанальная выстаўка «Званы праваслаўя» заслужанага дзеяча мастацтваў БССР (1991), лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» (2000) Л. Дударэнкі экспанавалася ў Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Прысвечана яна была 75-годдзю з дня нараджэння мастака. У 2006 г. Л. Дударэнка ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны, у 2009 г. – ордэнам Кірылы Тураўскага 1-й ступені.
Творы Л. Дударэнкі знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Літаратурным музеі М. Багдановіча (Мінск), Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава, фондах Беларускага саюза мастакоў, Астраханскім мастацкім музеі (Расія), фондах Міністэрства культуры Расіі, у музеях, галерэях і прыватных калекцыях за мяжой.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.