Имена на других языках:
Бобрович Мечислав С. (русский);
Криптонимы:
З.Б.
3790 символов
Справка
Лявон Гмырак (сапраўднае прозвішча Мечыслаў Бабровіч) – адзін з беларускіх крытыкаў, публіцыстаў і даследчыкаў, якія шмат зрабілі для культурна-нацыянальнага адраджэння.
Нарадзіўся ён у фальварку Пархвенава Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер в. Параф’янава Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці) у сям’і ляснічага. У 11 гадоў паступіў у Першую віленскую гімназію. У перыяд рэвалюцыі 1905 г. захапіўся ідэямі нацыянальна-вызваленчага руху, за што быў зняволены ў турму на шэсць месяцаў. Вучобу Л. Гмырак прадоўжыў у 1908 г., паступіўшы ў прыватную тэхнічна-прамысловую школу ў Варшаве, якую скончыў у 1912 г. Працаваў наглядчыкам у бацькоўскім фальварку, тэхнікам у Вільні. У пачатку Першай сусветнай вайны быў мабілізаваны ў армію, даслужыўся да прапаршчыка. Загінуў на фронце ў баях каля Коўна. За адвагу пасмяротна ўзнагароджаны Георгіеўскім крыжам.
З 1913 г. Л. Гмырак актыўна выступаў з артыкуламі ў газеце «Наша ніва», друкаваўся ў зборніку «Велікодная пісанка», часопісе «Лучынка», альманаху «Маладая Беларусь». У празаічных творах раскрываў сацыяльныя праблемы беларускай вёскі, стварыў каларытныя вобразы-тыпы сялян. У апавяданні «Васілёва вяселле» (1913) аўтар рабіў першыя подступы да глыбокага асэнсавання жыцця. Расказваючы гісторыю ў многім традыцыйную, пісьменнік здолеў дакладна ўзнавіць сялянскі побыт, засяродзіў увагу на жыцці тагачаснай вёскі – забітай, абяздоленай. Як крытык і літаратуразнавец выказваў арыгінальныя думкі па гісторыі беларускай літаратуры XIX ст., уважліва сачыў за літаратурным працэсам, даследаваў творчыя сувязі беларускай і ўкраінскай літаратур, спадчыну Т. Шаўчэнкі. У артыкуле «Яшчэ аб сплачванні доўгу» падкрэсліваў цесную сувязь беларускай літаратуры з грамадскім жыццём народа. Нарыс «Беларускае нацыянальнае адраджэнне» (1914) прысвечаны гісторыі нацыянальна-культурнага руху. У лістах у рэдакцыю «Нашай нівы» крытыкаваў газету за слабае асвятленне класавай барацьбы, рабочага руху, патрабуючы сацыяльнага завастрэння публіцыстычных матэрыялаў, адпаведнага адбору інфармацыі, якая перадрукоўвалася з іншых выданняў. Прапаноўваў выпускаць два-тры разы ў год дадатак да «Нашай нівы» пад назвай «Рабочая пісанка» з артыкуламі, вершамі, хронікай жыцця рабочага класа Беларусі. Тэматыка яго публіцыстычных выступленняў разнастайная: земства, дзяржаўны бюджэт, неабходнасць зберажэння лясоў, пытанні культуры. Дасціпна і таленавіта абараняў аўтар гістарычнае права народа на сваю родную мову («Жыла, жывець і будзе жыць!», «Мова ці гутарка», «Хто з намі, хто проціў нас», «Нацыя і рэлігія»), нацыянальную школу («Сіла з народу», «Якой нам трэба школы», «Аб вясковай інтэлігенцыі»), вызначаў шляхі духоўнага адраджэння вёскі («Прыгонная спадчына», «Вясковае буянства і барацьба з ім», «Хто вінават?»), яе сацыяльна-эканамічнага адраджэння (цыкл артыкулаў «Земства і воласць», «Колькі слоў аб хутарах») і інш. На думку пісьменніка, працоўнае сялянства, гарадскія работнікі і інтэлігенцыя, якія змагаюцца з эксплуататарамі і нацыянальным прыгнётам, – аснова гістарычнага працэсу. Гэтыя прагрэсіўныя пласты грамадства павінны аб’яднацца, каб праз асвету, класавую барацьбу і дэмакратызацыю мясцовага самакіравання вызваліцца ад эксплуатацыі, нацыянальнай і сацыяльнай несправядлівасці.
Толькі 24 гады пражыў пачынаючы таленавіты празаік, крытык i публіцыст Л. Гмырак, вядомы ў літаратуры яшчэ і пад псеўданімамі Лявон Хмуры, Барыс Заяц, З. Б. Яго ўдзел у беларускім літаратурна-грамадскім руху доўжыўся каля двух гадоў. Тым не менш пісьменнік паспеў набыць за гэты час літаратурную вядомасць. Многія творы Л. Гмырака засталіся ў рукапісах, але змест іх сведчыць аб рэвалюцыйных перакананнях аўтара, яго акрэсленых поглядах на рабочы клас, неабходнасць класавай барацьбы з прыгнятальнікамі.