Анатоль Канстанцінавіч Логінаў – акцёр шырокага творчага дыяпазону, высокай тэхнікі і сцэнічнай культуры. Яго работы адметныя псіхалагічнай глыбінёй і яркай характарнасцю.
Нарадзіўся акцёр у г. Казань (Расія). Скончыў тэатральную студыю пры Троіцкім драматычным тэатры Чэлябінскай вобласці (1938). Творчую дзейнасць пачаў у 1936 г. Працаваў у розных тэатрах Расіі і Малдовы. З 1951 г. выступаў на сцэне Клайпедскага тэатра (Літва), дзе выканаў ролю Гарлахвацкага ў спектаклі «Хто смяецца апошнім» па п'есе К. Крапівы.
У 1959–1989 гг. Анатоль Канстанцінавіч працаваў у Брэсцкім абласным драматычным тэатры. Дэбютаваў тут у ролі Дона Карласа ў камедыі «Схаваны кабальера» П. Кальдэрона, захапіўшы гледачоў абаяльнасцю, шчырасцю, жыццярадаснасцю і лёгкасцю выканання.
Шырокі творчы дыяпазон акцёра даваў магчымасць яму працаваць у розных сцэнічных жанрах. Спалучэннем паэтычнасці і мужнай стрыманасці вызначаліся ў яго выкананні маёр Авілаў («Людзі і камяні» К. Губарэвіча) і Андрэй Марозаў («Вернасць» В. Бергольц); высокім рамантычным пафасам, эмацыянальнасцю – Рычард Даджэн («Вучань д'ябла» Б. Шоу); дакладнасцю думкі – У. Ленін («Дзень цішыні» і «Сінія коні на чырвонай траве» М. Шатрова, «Крамлёўскія куранты» М. Пагодзіна); Сава Марозаў («Трэцяя стража» Г. Капралава і С. Туманава) і Каравай («Таблетку пад язык» А. Макаёнка). Камедыйным майстэрствам пазначаны ролі Каніфоля («Валыншчык са Страконіц» І. Тыла), дона Джэрома («Дзень цудоўных падманаў» Р. Шэрыдана), Тулягі («Хто смяецца апошнім» К. Крапівы). Пераканаўча выканаў артыст і трагедыйную ролю Атэлы ў спектаклі па аднайменнай п'есе У. Шэкспіра.
Асабліва вылучаўся Анатоль Канстанцінавіч у характарных ролях. Артыст надзяляў персанажы выразнымі канкрэтнымі рысамі, ствараў ёмістыя і каларытныя вобразы. Сярод лепшых — Бяссеменаў («Мяшчане» М. Горкага), Круціцкі («На ўсякага мудраца хапае прастаты» А. Астроўскага), Лестэр («Джэні Герхард» паводле Т. Драйзера), Прозараў («Палата» С. Алёшына), Тарасаў («Cэрца на далоні» паводле І. Шамякіна).
З іншых роляў артыста выдзяляюцца: Прокусаў («Верачка» А. Макаёнка), Бацька («Парог» А. Дударава), Капітон Ягоравіч («Шануй бацьку свайго» В. Лаўрэнцьева), дзед Навум Еўсцігнеевіч і Лысы («Характары» паводле В. Шукшына і яго ж «Энергічныя людзі»), Скварэц («Ленінградскі праспект» І. Штока), І. Сталін («Дзеці Арбата» паводле А. Рыбакова).
Значнай стала акцёрская работа А. К. Логінава над вобразам Дзяніса Зазыбы ў спектаклі «Апраўданне крыві» паводле рамана І. Чыгрынава. Акцёру ўдалося стварыць сцэнічны вобраз вялікага эмацыянальнага і інтэлектуальнага ўздзеяння на гледача. Зазыба ў выкананні А. К. Логінава прыцягваў увагу з першай сцэны – самавітай постаццю, павольнымі рухамі, засяроджанымі, разумнымі вачыма. Анатоль Логінаў з тых акцёраў, якія ўмеюць раскрываць сацыяльны план ролі. У яго выкананні Зазыба не толькі селянін-працаўнік, але і чалавек, які зрабіў свой сацыяльны выбар, для якога няма пытання: змагацца з ворагам ці перачакаць. Спалучэнне рашучасці змагацца і адначасовы клопат пра людзей, сваіх аднавяскоўцаў, і з'яўляецца самым адметным у характары чыгрынаўскага героя, якога дакладна зразумеў і ўвасобіў акцёр на брэсцкай сцэне.
Гранічная шчырасць, багацце псіхалагічных фарбаў, высокая тэхніка, шматграннасць у абмалёўцы вобразаў, пранікненне ў логіку паводзін свайго героя – вось асноўныя рысы, характэрныя для творчасці Анатоля Канстанцінавіча Логінава.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.