Фёдар Аляксандравіч Мадораў адносіцца да ліку тых майстроў савецкага мастацтва, якія пачыналі свой творчы шлях яшчэ ў дарэвалюцыйны час, а пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі аддана служылі справе будаўніцтва сацыялізму ў СССР.
Нарадзіўся Ф.А. Мадораў у 1890 г. у с. Мсцёра (цяпер г. п. Вязнікаўскага раёна Уладзімірскай вобласці Расіі). Гэта мясцовасць вядома як цэнтр іканапіснай вытворчасці. Пасля заканчэння трохкласнай сельскай школы, хлопчыка аддалі ў Мсцёрскае іканапіснае вучылішча. Педагогі параілі юнаку прадоўжыць навучанне ў мастацкай вучэбнай установе, і ён адпраўляецца ў пошуку ведаў і працы спачатку ў Маскву, а затым у Казань, дзе паступае ў Казанскую мастацкую школу. У 1914 г. цярністы шлях прывёў Ф. Мадорава ў Пецярбургскую акадэмію мастацтваў да славутага настаўніка – У.Я. Макоўскага.
У даваенны час, па ініцыятыве П.К. Панамарэнкі, Фёдар Мадораў быў запрошаны ў Беларусь для знаёмства з нацыянальнымі мастацкімі традыцыямі і творчай працы над сюжэтным палатном «Народны сход у Заходняй Беларусі». Потым стаў кіраўніком курсаў павышэння кваліфікацыі мастакоў у Мінску (1938–1941). Пэндзлю Мадорава належаць таксама эцюды «С.В. Прытыцкі» і «Беларускія жанчыны». Вялікая Айчынная вайна не парушыла сувязь мастака з Беларуссю. Ён увекавечыў у мастацкіх палотнах гістарычныя падзеі партызанскай барацьбы на тэрыторыі рэспублікі, стварыў галерэю партрэтаў Герояў Савецкага Саюза, самааданых змагароў за гонар і незалежнасць Айчыны.
Каталог карцін Фёдара Аляксандравіча Мадорава, выдадзены да 75-й гадавіны з дня яго нараджэння, налічвае 37 работ, прысвечаных прадстаўнікам Беларусі, удзельнікам партызанскага руху, падпольшчыкам. У мастацкай галерэі – славутыя людзі, імёны якіх зараз носяць вуліцы гарадоў, заводы, школы. Сярод іх – П. Панамарэнка, І. Бельскі, Б. Булат, І. Варвашэня, Ф. Дуброўскі, А. Кляшчоў, В. Корж, В. Казлоў, М. Каралёў, М. Канстанцінаў, У. Лабанок, Р. Мачульскі, С. Маркевіч, М. Пакроўскі, М.Ф. Шмыроў (бацька Мінай), В. Талаш, У. Царук, К. Арлоўскі і іншыя.
Вялікую ўвагу надаваў Ф.А. Мадораў увекавечанню жанчын – удзельніц Вялікай Айчыннай вайны. Гэта славутая гераіня Ліда Асмалоўская, Тамара Дубоўка, Марыя Осіпава, Таццяна Гаварэнь. Створаны партрэты масквічак Галі Кіравай і Ніны Макаравай, якія пасля падрыхтоўкі ў школе падрыўнікоў прыбылі ў штаб Мінскага партызанскага злучэння.
Ф.А. Мадораў стварыў шэраг сюжэтных палотнаў, прысвечаных партызанскай барацьбе. Адно з іх – «У штабе партызанскага руху» (1942–1943).
У 1944 г. мастаку прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР. Карціны і партрэты, напісаныя Ф.А. Мадоравым, неаднаразова экспанаваліся на беларускіх рэспубліканскіх выстаўках.
На працягу жыцця Ф.А. Мадораў акрамя творчай мастацкай дзейнасці вёў значную грамадска-палітычную і педагагічную дзейнасць. Ён арганізатар і дырэктар Мсцёрскага мастацка-прамысловага вучылішча і мастацкай школы-камуны (1918–1922), член Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыйнай Расіі (з 1923), рэктар Маскоўскага дзяржаўнага інстытута імя В. Сурыкава (1948–1962). У 1958 г. Ф.А. Мадорын быў абраны членам-карэспандэнтам Акадэміі мастацтваў СССР.
За выдатныя заслугі, дасягненні ў галіне выяўленчага мастацтва і ў сувязі з 75-годдзем Ф.А. Мадораву прысвоена ганаровае званне народнага мастака РСФСР (1965).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.