Дата рождения:
25.01.1920 Сухі Бор, вёска, Полацкі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
02.08.1942 Полацкі раён, Віцебская вобласць
Краткая справка:
удзельніца партызанскага руху ў Полацкім раёне ў Вялікую Айчынную вайну, Герой Савецкага Саюза (1965), узнагароджаная ордэнам Леніна
Имена на других языках:
Мариненко Татьяна Савельевна (русский);
4225 символов
Справка
У летапіс Вялікай Айчыннай вайны ўпісаны самаадданы подзвіг партызанскай разведчыцы і сувязной Таццяны Савельеўны Марыненка. Яна нарадзілася 25 студзеня 1920 г. на Віцебшчыне ў вёсцы Сухі Бор Полацкага раёна ў сялянскай сям’і. Не па гадах сур’ёзная, Таня выдатна вучылася, многа чытала і марыла стаць настаўніцай.
У 1936 г. яна паступіла ў Полацкае педагагічнае вучылішча (цяпер – Полацкі каледж Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава). Скончыўшы яго ў 1939 г., пачала працаваць настаўніцай малодшых класаў у сярэдняй школе ў вёсцы Зялёнка Полацкага раёна. Тут яе і застала Вялікая Айчынная вайна.
З першых дзён акупацыі Полаччыны маладая настаўніца ўступіла ў рады супраціўлення. Яна ўзначаліла падпольную камсамольскую арганізацыю, дапамагала работнікам райкама партыі арганізоўваць партызанскія атрады. Па схаваным у доме радыёпрыёмніку разам з братам таемна слухала і запісвала зводкі Савецкага інфармбюро, каб потым сярод насельніцтва распаўсюджваць інфармацыю аб становішчы на фронце. Менавіта такім чынам да аднавяскоўцаў прыйшла першая радасная вестка аб перамозе пад Масквой.
Праз некаторы час Таццяна пад псеўданімам “Васілёк” стала разведчыцай і сувязной знакамітай партызанскай брыгады “Няўлоўныя” (камандзір М.С. Пруднікаў). Па ўспамінах яе саратнікаў галоўнымі рысамі характару разведчыцы былі надзейнасць, адвага, высокая ступень адказнасці, сіла волі. У складаных сітуацыях яна адрознівалася незвычайнай вытрымкай. Праяўляючы кемлівасць і знаходлівасць пры сустрэчы з нямецкімі патрулямі і паліцэйскімі, “Васілёк” здабывала звесткі аб варожых гарнізонах у Полацкім раёне, руху фашысцкіх войск, якія ішлі на ўсход, падрыхтоўцы карных экспедыцый.
Атрыманыя разведданыя перадаваліся на Вялікую зямлю, згодна ім планаваліся і ажыццяўляліся дзёрзкія партызанскія вылазкі і дыверсіі, аперацыі Чырвонай арміі. Так, дзякуючы здабытым Таццянай дакладным звесткам аб месцах канцэнтрацыі нямецкіх войск, савецкая авіяцыя бамбіла размяшчэнне фашыстаў на станцыях Полацк і Громы. Партызаны рэалізавалі ідэю Таццяны збіваць самалёты гітлераўцаў на іх узлёце, у выніку быў нанесены значны ўрон варожаму аэрадрому. Часам пры гэтым здабывалася найкаштоўнейшая інфармацыя: у адным са збітых самалётаў, які аказаўся штабным, былі знойдзены 23 карты і сакрэтныя дакументы; у ліпені 1942 г. перадала партызанам звесткі аб падрыхтоўцы карнай аперацыі, што дало магчымасць М.С. Пруднікаву своечасова адвесці брыгаду ў бяспечнае месца.
Таццяна не забывалася і аб сваёй прафесіі. У перадышках паміж заданнямі яна праводзіла ў арганізаванай па яе прапанове лясной школе ўрокі арыфметыкі, літаратуры, гісторыі для дзяцей, якія знаходзіліся ў партызанскай лясной зоне.
У канцы ліпеня 1942 г. Таццяна была арыштавана атрадам карнікаў па наводцы здрадніка, у даносе якога ўказвалася, што маладая настаўніца звязана з партызанамі і раённым падполлем. На допыце дзяўчына трымалася з бяспрыкладнай мужнасцю. Яна з пагардай адмовілася ад абяцання захаваць жыццё, не прыняла вялізную суму грошай і не выдала інфармацыю аб падпольшчыках і лясных мсціўцах. Фашысты, зразумеўшы, што выбіць прызнанне ў мужнай партызанкі немагчыма, на наступны дзень арыштавалі яе 14-гадовага брата. Іх даставілі ў сяло Жарцы. Таццяна і Лаўрэн стойка трымаліся на допытах. На працягу трох сутак іх па-зверску катавалі: ламалі пальцы, выкручвалі рукі, калолі штык-нажамі. На кавалачку тканіны сваёй кашулі Таня крывёю напісала дзве запіскі. У адной паведаміла імя здрадніка, у другой папярэдзіла партызанскіх сувязных у горадзе. Зразумеўшы, што партызанка нічога не скажа, фашысты ў бяссільнай злосці на досвітку 2 жніўня 1942 г. расстралялі яе разам з братам.
У Беларусі свята шануюць памяць аб самаадданым подзвігу Таццяны Марыненка. Яе імем названы мікрараён і вуліца ў Полацку, школы ў Мінску і ў вёсцы Зялёнка. У гонар Т.С. Марыненка ўстаноўлены бюсты каля сярэдняй школы № 8 Полацка, у вёсцы Зялёнка, каля Полацкага каледжа Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава, а на яго будынку – мемарыяльная дошка. Для землякоў стала шматгадовай традыцыяй адзначаць дзень памяці Таццяны Савельеўны Марыненка, жыццё якой з’яўляецца ўзорам мужнасці, нязломнай сілы духу, самаахвярнага служэння Радзіме.