Дата рождения:
19.10.1890 Брагін, г. п., Гомельская вобласць
Дата смерти:
20.04.1910
Краткая справка:
пісьменнік, літаратуразнавец, публіцыст, адзін з пачынальнікаў беларускай прафесійнай літаратурнай крытыкі
Псевдонимы:
Ясенович С.; Ясяновіч; Ясяновіч С.
Имена на других языках:
Полуян Сергей Епифанович (русский);
Криптонимы:
П.Ян.; С.П.
4397 символов
Справка
Сяргей Епіфанавіч Палуян (псеўданім С. Ясяновіч), якога называлі “беларускі Бялінскі”, працаваў у літаратуры толькі паўтара года. Але і за такі кароткі час ён паспеў заваяваць шырокае прызнанне ў таварышаў па пяру не толькі ў Беларусі, але і на Украіне, дзе правёў два апошнія гады свайго жыцця.
Імя С. Палуяна да нядаўняга часу ведалі не па яго творчасці, а па вершах-прысвячэннях Я. Купалы, М. Багдановіча, Ц. Гартнага, А. Гурло, дзеячаў тагачаснай дэмакратычнай украінскай літаратуры. Вялікі Я. Купала ўзвёў бессмяротны “Курган” на яго дачаснай магіле, М. Багдановіч свой адзіны прыжыццёвы “Вянок” усклаў на “магілу С. Палуяну”.
Нарадзіўся С. Палуян у Брагіне, у шматдзетнай сям’і. Дзед яго быў прыгонным селянінам, калісьці працаваў у воласці, за прыкладную службу атрымаў кавалак зямлі і саслоўнае званне мешчаніна г. Рэчыцы. Бацька браў у арэнду зямлю, а пасля, дзякуючы спадчыне, а таксама жончынаму пасагу, змог набыць зямлю, купіў у 1897 г. маёнтак Крышычы Юравіцкай воласці (цяпер Калінкавіцкі раён Гомельскай вобласці). Тут, сярод цудоўнай прыроды, і правёў С. Палуян свядомае маленства. Вучыўся спачатку ў Мазыры ў шасцігадовай прагімназіі, там жа ўпершыню пазнаёміўся з рэвалюцыйнымі ідэямі, што не засталося незаўважаным дырэкцыяй. Хутка С. Палуян мусіў перапыніць вучобу. Працягваў яе ўжо пад апекай родных дзядзькоў-выкладчыкаў у гімназіі г. Мітава (цяпер г. Елгава, Латвія). Пагроза паўторнага выключэння за актыўную антыўрадавую дзейнасць прымусіла будучага пісьменніка спыніць вучобу і вярнуцца на радзіму. Працаваў на бацькавай гаспадарцы, спазнаў нялёгкую сялянскую працу, зблізіўся з навакольнай беднатой, сярод якой працягваў агітацыю, удзельнічаў у рэвалюцыйным руху 1905 г., што прывяло да канчатковага разрыву сына з бацькам. С. Палуян назаўсёды пакінуў родныя мясціны і без сродкаў паехаў у Кіеў. Спачатку знайшоў прытулак у роднага дзядзькі, потым перайшоў на прыватную кватэру. Сваё нядоўгае самастойнае жыццё юнак правёў у страшэннай галечы. Жыў на сціплыя ганарары за свае артыкулы і рэцэнзіі ва ўкраінскім перыядычным друку, на выпадковыя заробкі рэпетытара, карэктара і г. д. Яму, хто меў выключныя здольнасці да навукі, не ўдалося скончыць нават звычайную гімназію, давялося здабываць веды самаадукацыяй.
З лета 1909 г. і да сакавіка 1910 г. С. Палуян – супрацоўнік “Нашай Нівы” ў Вільні. Тут ён пазнаёміўся з прагрэсіўнымі маладымі літаратурнымі дзеячамі Беларусі. Адразу сышоўся і пасябраваў з Я. Купалам, Ц. Гартным, вёў перапіску з М. Багдановічам. Здавалася, для С. Палуяна ўсё складвалася найлепшым чынам. Але на пачатку сакавіка 1910 г. ён парывае з рэдакцыяй, пакідае Вільню і вяртаецца ў Кіеў. У ноч з 7 на 8 красавіка, на дваццатым годзе, ён скончыў жыццё самагубствам.
З творчай спадчыны С. Палуяна да нас дайшлі толькі два мастацкія творы. Гэта апавяданне “Вёска” і верш-абразок у прозе “Хрыстос уваскрос!”. Найшырэй прадстаўлены публіцыстыка і крытыка С. Палуяна, што публікаваліся на старонках “Нашай Нівы”, а таксама ва ўкраінскай перыёдыцы. Сярод асноўных работ – першы ў беларускай крытыцы аглядны артыкул “Беларуская літаратура ў 1909 годзе”, “Беларуская паэзія ў яе тыповых прадстаўніках”, рэцэнзія на падручнік Я. Коласа “Другое чытанне для дзяцей беларусаў”. Усе гэтыя работы – выдатная заяўка пісьменніка на самастойнасць і шырыню крытычных поглядаў, яркае сведчанне таго, што малады крытык арыентаваўся на перадавую літаратуру, першаснымі асновамі літаратуры сцвярджаў народнасць, справу служэння сацыяльнаму і нацыянальнаму разняволенню. Выступаў С. Палуян і як тэатральны крытык (“Віленская беларуская вечарынка”, “Беларускія вячоркі” і інш.). Даследаваў таксама ўкраінскую культуру і літаратуру, беларуска-ўкраінскія літаратурныя сувязі. Пісьменнік адстойваў правы беларусаў на развіццё сваёй мовы і культуры (“Пра нацыянальную школу на Беларусі”, цыкл артыкулаў “З нашага жыцця”), падтрымліваў духоўнае адраджэнне іншых нацый (“Нацыянальнае адраджэнне чувашоў”, “Якуцкі нацыянальны рух”). Для яго творчай манеры характэрна валоданне жывым народным словам, доказнасць і аргументаванасць выказванняў, ужыванне гістарычных аналогій.
Уся творчасць С. Палуяна вызначаецца глыбокім дэмакратызмам і патрыятызмам, высокім прафесійным узроўнем, імкненнем далучыць роднае мастацкае слова да агульнаеўрапейскага кантэксту, глыбінёй аналітычнага мыслення, вобразным багаццем мовы.