Дата рождения: 10.12.1870 Багданаў, п., Валожынскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти: 30.10.1936
Краткая справка: жывапісец, графік, тэатральны дэкаратар і педагог, творчасць якога звязана з мастацкім жыццём Беларусі, Польшчы і Літвы
Имена на других языках: Рущиц Фердинанд (русский);
Беларуская зямля з яе блакітнымі азёрамі, паплавамі, сівымі павуціннымі барамі і палямі натхніла не аднаго вялікага майстра жывапісу на стварэнне сапраўдных шэдэўраў. Сярод іх асабліва вылучаецца Фердынанд Рушчыц, з імем якога звязана цэлая эпоха ў развіцці беларускага пейзажа.
Сын шляхціца Ф. Рушчыц нарадзіўся ў маёнтку Багданава Ашмянскага павета Віленскай губерні (цяпер Валожынскі раён Мінскай вобласці) у шляхецкай сям’і. У 1883 г. быў прыняты ў Мінскую класічную гімназію, адначасова браў урокі жывапісу ў мастака К. Ермакова, выхаванца Санкт-Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Пасля заканчэння вучобы (1890) паступіў на юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, праз год стаў вольным слухачом Санкт-Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, потым студэнтам-акадэмістам. Вучыўся ў майстэрні І. Шышкіна, з 1895 г. яго педагогам быў А. Куінджы. У 1897 г. Ф. Рушчыц прадставіў на выстаўцы дыпломных работ тры карціны – «Вячэрняя зорка», «Трытоны» і «Вясна». Апошнюю набыў вядомы калекцыянер П. Траццякоў.
Пасля заканчэння акадэміі вярнуўся ў Багданава. Там была створана большасць яго работ. Сярод іх – вядомыя палотны «Зямля»» і «Млын» (1898), «Каля касцёла» (1899), «Дажынкі», «Вечар – Вілейка» і «З берагоў Вілейкі» (1900), «Пустка. Старое гняздо», «У свет» і «Восень» (1901), «Эмігранты» і «Мінулае» (1902), «Былое» і «Стары дом» (1903), «Зімовая казка» (1904) і інш. Творам мастака ўласцівы вострая індывідуальнасць, выразны малюнак, ёмістая кампазіцыйнасць, умелае спалучэнне каларыстычнага і танальнага жывапісу. Адным з першых беларускіх жывапісцаў Ф. Рушчыц змог у сваіх палотнах не толькі адлюстраваць хараство роднай прыроды, але і раскрыць праз яе сацыяльнае жыццё. Ён актыўна ўдзельнічаў у мастацкіх выстаўках. У 1899 г. упершыню прадставіў некалькі сваіх работ у Вільні, потым у Варшаве. У гэтым жа годзе (і ў 1911 г.) карціны Ф. Рушчыца дэманстраваліся ў Санкт-Пецярбургу на выстаўцы аб’яднання «Свет мастацтва». У 1902 г. палатно «Лясны ручай» (1898–1900) было адзначана ўзнагародай Акадэміі ведаў у Кракаве.
У 1903–1904 гг. Ф. Рушчыц жыў у мястэчку Влохі пад Варшавай. Разам з мясцовымі мастакамі прымаў актыўны ўдзел у адраджэнні Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве, куды ў 1904 г. быў прызначаны прафесарам (працаваў да 1907 г.). Потым выкладаў жывапіс у Кракаўскай акадэміі мастацтваў. З 1908 па 1917 г. жыў у Багданаве. Пісаў інтэр’еры сваёй сядзібы, натурныя эцюды жывапісных наваколляў. Сярод іх – «Мастак», «Бледнае сонца», «У пакоях», «Зіма», «Залаты пакой» і інш. Для гэтых твораў характэрна тонкае адчуванне аб’ёму, лаканізм і прастата кампазіцыі. З 1919 па 1932 г. Ф. Рушчыц знаходзіўся ў Вільні. Ён выкладаў на аддзяленні прыгожых мастацтваў Віленскага ўніверсітэта, актыўна ўдзельнічаў у культурным жыцці горада, займаўся грамадскай дзейнасцю, афармляў дэкарацыі да спектакляў у тэатры Н. Младзяёўскай-Шчуркевіч, ілюстраваў часопісы і кнігі, рабіў эскізы медалёў, штандартаў, афіш. У 1921 г. стаў арганізатарам першай афіцыйнай выстаўкі польскіх мастакоў у Гран-Пале ў Парыжы. У сувязі з гэтым быў узнагароджаны ордэнам Ганаровага легіёна. У 1920-30-х гг. Ф. Рушчыц з’яўляўся старшынёй камісіі па ахове помнікаў старажытнасці. Ён здзейсніў шэраг вандровак па Беларусі: наведаў Крэва, Мір, Ліду, Гродна і іншыя мясціны. Збіраў гістарычныя звесткі пра беларускія замкі, рабіў замалёўкі, эцюды. У 1932 г. польскі ўрад скасаваў дзейнасць камісіі, і мастак пакінуў Вільню.
Апошнія гады жыцця Ф. Рушчыц правёў у сваім маёнтку. Ён працягваў займацца творчасцю, працаваў над манументальным роспісам інтэр’ера касцёла ў в. Вішнева. Пасля інсульту страціў магчымасць пісаць правай рукой. Левай зрабіў шмат гравюр, часопісных ілюстрацый, алоўкавых замалёвак («Сям’я мастака», «Дрэвы над вадой», «Аўтапартрэт»). Да гэтага часу адносіцца і цудоўны пейзаж «Старыя яблыні» (1935) – апошняя карціна мастака. Памёр Ф. Рушчыц 30 кастрычніка 1936 г. у доме, дзе нарадзіўся, і быў пахаваны на могілках у Багданава.
Большая частка палотнаў мастака захоўваецца ў музеях Варшавы, Кракава, Вільнюса і Львова. У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь знаходзіцца адна яго карціна «Каля касцёла». Жыццё Ф. Рушчыца і шматгранная дзейнасць у Беларусі сталі больш актыўна і паслядоўна папулярызавацца на пачатку 2000-х гг. У 2002 г. быў перакладзены з польскай на беларускую мову яго «Дзённік: да Вільні, 1894–1904». У жніўні 2000-га г., у сувязі з 130-годдзем з дня нараджэння жывапісца, у Багданаве, Вішневе, Гальшанах, Крэве, Барунах і Трабах адбыўся І Міжнародны пленэр, вынікам якога стала выстаўка «Зямля і неба Фердынанда Рушчыца». У 2020 г. імя мастака ўключана ў спіс памятных дат ЮНЕСКА. У Багданаве і Мінску ў гонар Ф. Рушчыца названы вуліцы і ўстаноўлены марыяльныя дошкі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.