Дата рождения: 11.07.1930 Падбулькова, в., Брэсцкі раён
Дата смерти: 20.08.2002
Краткая справка: жывапісец, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2000)
Имена на других языках: Ray Ivan Pyatrovitch (не определен); Рей Иван Петрович (русский);
Мастак вялікага таленту, прадаўжальнік лепшых традыцый беларускага жывапісу канца ХХ – пачатку ХХI ст. Іван Пятровіч Рэй з’яўляецца аўтарам шэрага жывапісных твораў. Ён адлюстроўваў веліч подзвігу народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, прыгажосць чалавека, хараство прыроды, пісаў пра жыццё сучаснай вёскі, ствараў вобразы дзеячаў айчыннай гісторыі і культуры.
Нарадзіўся І. Рэй у былым хутары Падбулькова каля в. Булькава Кобрынскага павета (цяпер Брэсцкі раён Брэсцкай вобласці). Вучыўся ў студыі выяўленчага мастацтва Брэсцкага абласнога Дома народнай творчасці. Першымі настаўнікамі былі І. Фяцісаў і П. Данэлія. У 1952 г. І. Рэй скончыў Іванаўскае мастацкае вучылішча (Расія), куды быў залічаны адразу на трэці курс. У 1953–1959 гг. вучыўся ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) у С. Цітова, В. Цвіркі, А. Мазалёва і інш. Дыпломная работа І. Рэя «Ураджай», дзе ён упершыню ў пасляваенным беларускім мастацтве звярнуўся да мазаікі, атрымала станоўчыя водгукі. У 1962–1965 гг. працаваў у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. З 1959 г. удзельнічаў у мастацкіх выстаўках. З 1964 г. ён член Беларускага саюза мастакоў. У 1988 г. стаў заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі. У 2000 г. быў узнагароджаны памятным знакам «За асабісты вялікі ўклад у развіццё выяўленчага мастацтва Рэспублікі Беларусь», а таксама стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У 2000 г. атрымаў медаль «За дасягненні ў выяўленчым мастацтве», у 2001 г. – медаль Ф. Скарыны.
Іван Рэй працаваў у розных жанрах станковага жывапісу, манументальна-дэкаратыўным мастацтве. Яго карцінам уласцівы гарманічная пабудова кампазіцыі, багацце тонавых нюансаў. У пачатку свайго творчага шляху звярнуўся да партрэтнага жанру. Першыя работы ўражваюць сур’ёзнасцю і прафесійнай грунтоўнасцю. Героі партрэтаў І. Рэя вабяць прастатой і чалавечнасцю, праўдай жыцця, шчырасцю пачуццяў, трапнасцю характараў. Мастак не імкнецца раскрыць воблік героя праз мноства дэталей, партрэты ўзбагачае каларыстычная гама. Ён стварыў партрэтную галерэю дзеячаў беларускай літаратуры: парны партрэт Янкі Купалы і Якуба Коласа (1972), «З цэлым народам гутарку весці» (А. Пашкевіч, 1976), «На радзіме Янкі Купалы» (1980), «Шлях паэта» (партрэт М. Багдановіча, 1981), «Якуб Колас» (1982), «Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч з дочкамі Камілай і Цэзарынай» (1983) і інш. Атрымаліся вобразы творчых, духоўна багатых асоб. Партрэт Якуба Коласа быў завершаны да 100-годдзя з дня нараджэння народнага песняра Беларусі. Мастак паказаў паэта ў поўны рост, сур’ёзнага, стрыманага. Гледзячы на карціну, узнікае адчуванне магутнасці, манументальнасці. Іван Рэй з’яўляецца аўтарам роспісу «Спорт» для Беларускага інстытута фізічнага выхавання (1963, у суаўтарстве з С. Мусінскім), вітражоў «Беларусь» для павільёна на міжнародным кірмашы ў Лейпцыгу і «Айчынная вайна» ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску (1967, усе ў суаўтарстве з І. Эйдэльманам). Напісаў тэматычныя карціны: «Маці» (1967), «Партызанскі сувязны» (1969), «Бацькоўскай славы вартавыя» (1970), «Дзякуй, мама!» (1975), «Сям’я» (1977), «З вогненнай вёскі», «Светлячок» (1978), «Зямля мая беларуская» (1985, прэмія за лепшы твор беларускага мастацтва), якія нібы зліваюцца ў адзін вялікі гераічны эпас. Жывапісны талент І. Рэя яскрава праявіўся ў жанры пейзажа («Івянец» (1973), «Плошча Перамогі» (1981), «Малінавы звон» (1983), «Апошні снег» (1985), «Ранішні прамень» (1988), «Зімка беларуская» (1993), «На рацэ Свіслач», «Краявід з бярозкамі» (1995), «Дарога ў вёску» (1997), «Пачатак цвіцення» (1999), «Вяча» (2001), серыі «Любімыя мясціны», «Поры года» (абедзве 2000) і інш.). Над многімі творамі ён працаваў вельмі доўга, мяняў колеры, у выніку іншым станавіўся і настрой карціны. Іван Рэй любіў яркія, светлыя тоны, лічыў, што задача мастака – убачыць цудоўнае. Выкарыстоўваў мяккія, светлыя фарбы, у асноўным залацістыя, карычневыя, шэрыя. Пісаў нацюрморты: часцей за ўсё ў цэнтры ўвагі жывапісца – кветкі («Гладыёлусы» (1980), «Нацюрморт з традысканцыяй» (1981), «Кветкі ў збане», «Ружы» (1983), «Гладыёлусы і астры» (1984), «Сухія кветкі» (1985)). У 1987 і 2000 гг. у Палацы мастацтваў у Мінску адбыліся персанальныя выстаўкі твораў І. Рэя. Яго работы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава, фондах Беларускага саюза мастакоў і інш.
Многія карціны майстра ўвайшлі ў залаты фонд беларускага мастацтва ХХ ст. Поўныя то мяккай стрыманасці і тонкага лірызму, то трагедыйнага пафасу і глыбокага філасофскага роздуму, творы нязменна прыцягваюць увагу і выклікаюць цікавасць.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.