Дата рождения:
10.07.1900 Стаўрова, в., Браслаўскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
01.11.1984
Краткая справка:
беларускі і літоўскі жывапісец, графік, заслужаны дзеяч мастацтваў Літвы
Варианты имени:
Сергіевіч Пётр Аляксандравіч
Имена на других языках:
Сергиевич Пётр Александрович (русский);
3681 символ
Справка
Творчасць таленавітага жывапісца і графіка, стваральніка цэлай галерэі мастацкіх вобразаў славутых сыноў зямлі беларускай і простых яе людзей Пётры (Пятра Аляксандравіча) Сергіевіча займае адметнае месца як у мастацтве Беларусі, так і Літвы.
Нарадзіўся будучы мастак у вёсцы Стаўрова Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. Бацькі, беззямельныя сяляне, не вельмі сур’ёзна ставіліся да прагі хлопчыка да малявання. Толькі ў семнаццаць гадоў у Пецярбургу, куды ён паехаў на заробкі, П. Сергіевіч на фабрычных курсах пазнаёміўся з маляваннем як са спецыяльным прадметам. У 1919 г. паступіў на мастацкі факультэт Віленскага універсітэта. Нейкі час вучыўся ў Кракаўскай акадэміі мастацтваў. Але сродкаў не хапала, і ён быў вымушаны зноў вярнуцца дадому. Жыў то ў Вільні, то ў Стаўрове. Як чалавек і майстар П. Сергіевіч фарміраваўся ў складаных умовах Заходняй Беларусі 1920–30-х гг. Ён актыўна ўдзельнічаў у культурным жыцці Вільні. У часопісе “Нёман”, прысвечаным пытанням літаратуры, мастацтва і навукі, змяшчаліся рэпрадукцыі яго малюнкаў і карцін. Больш таго, ён узяўся за нялёгкую самаахвярную ў заходнебеларускіх умовах працу – быць рэдактарам гэтага выдання. У 1932 г. П. Сергіевіч стаў членам Віленскага саюза незалежных мастакоў. Гэта членства давала права на персанальную выстаўку, якая і адбылася ў 1935 г. Творчасць мастака атрымала высокую ацэнку ў прэсе. Яго карціны вызначаліся вобразнасцю пластычнага і кампазіцыйнага вырашэння, эмацыянальным ладам, глыбокім веданнем псіхалогіі чалавека, цікаўнасцю да самабытнасці беларускай народнай культуры, гісторыі роднага краю, зваротам да рэлігійных матываў. Сярод твораў 1930-х гг., напісаных на гістарычную тэму, – тэматычныя карціны “Усяслаў Полацкі” (1931–1932), “Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў” (1935). Не пакідалі абыякавым мастака і сумныя праявы заходнебеларускага жыцця (“Шляхам жыцця”, 1934 і “Араты”, 1935). Побач са строга рэалістычнымі мастак ствараў і рамантызаваныя вобразы сучаснікаў. Так, ён напісаў у трох варыянтах (“Вясляр”, “Насуперак буры”, “Пад ветразем”) маладога хлопца з заходнебеларускай вёскі, які выйшаў насустрач жыццю з яго нягодамі і выпрабаваннямі.
У час Вялікай Айчыннай вайны П. Сергіевіч перабраўся ў вёску і там маляваў сялян. Карнікі знішчылі Стаўрова, на шчасце, мастака тады ў вёсцы не было. Мастацкая спадчына П. Сергіевіча ваенных гадоў небагатая. Частка работ загінула ў спаленай вёсцы. Засталіся некаторыя пейзажы (“Ноч”, 1941; “Пад снегавым пакрывалам”, 1942), шэраг партрэтаў, сярод якіх карціна “Партызан Федзя” (1943).
У пасляваенны час мастак звярнуўся да творчасці Я. Купалы. Яго карціны “А хто там ідзе?”, “Званар”, “А ты, сіраціна, жыві” (усе 1947 г.), эцюды на тэмы паэм “Яна і я”, “Гусляр” (1959) трапна ўвасобілі дух купалаўскай паэзіі. У сярэдзіне 1950-х гг. творчы пошук зноў прывёў П. Сергіевіча да гістарычнай тэмы. Гэта палотны з “паўстанцкай серыі” “Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 г. ” (1955), “К. Каліноўскі і В. Урублеўскі на аглядзе паўстанцаў” (1959), мастацкая інтэрпрэтацыя асветніцкага подзвігу Ф. Скарыны (“Скарына ў друкарні”, 1957; “Скарына ў рабочым кабінеце”, 1960). У 1960-я гг. П. Сергіевіч стварыў шэраг партрэтаў, цэлую галерэю вобразаў беларускіх і літоўскіх інтэлігентаў, творчых работнікаў. А жыццё ішло. Мастака клікалі ў Мінск паказаць свае творчыя набыткі на радзіме. У 1963 г. адбылася яго першая персанальная выстаўка ў сталіцы Беларусі, у 1978 г. – другая. Гэта быў апошні прыезд П. Сергіевіча ў Мінск. Усё сваё творчае жыццё ён жыў і працаваў у Вільні, атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў Літвы (1965), але назаўсёды пакінуў важкі след у беларускім мастацтве.