Судзілоўскі (псеўданім Русель Нікалас) Мікалай Канстанцінавіч
Дата рождения:
15.12.1850 Магілёў, г.
Дата смерти:
30.04.1930
Краткая справка:
дзеяч міжнароднага рэвалюцыйнага руху, вучоны-філосаф і прыродазнавец
Псевдонимы:
Русель Нікалас; Руссель Николас
Имена на других языках:
Судзиловский Николай Константинович (русский);
3773 символа
Справка
У пажоўклых падшыўках газет, у пратаколах пасяджэнняў прэстыжных навуковых аб’яднанняў, у архівах сакрэтнай паліцыі буйных краін свету канца ХІХ – пачатку ХХ ст. даволі часта сустракалася імя нашага суайчынніка М. Судзілоўскага, больш вядомага за мяжой пад псеўданімам Русель, што па-румынску значыць “рускі”. Лёс М.К. Судзілоўскага быў незвычайным і падобным на авантурны раман.
Нарадзіўся ён у Магілёве ў сям’і калежскага асэсара. Пасля заканчэння гімназіі ў родным горадзе паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, а праз год перавёўся на медыцынскі факультэт Кіеўскага ўніверсітэта. Ён з захапленнем займаўся навукай, але павальная рэвалюцыйнасць, характэрная для студэнцкага асяроддзя таго часу, не абмінула і яго. Прасякнуты ідэямі народнікаў, ён стварыў народніцкі гурток, ездзіў у Швейцарыю, каб пазнаёміцца з рэвалюцыянерамі-эмігрантамі М. Бакуніным і П. Лаўровым. У 1874 г. М. Судзілоўскі быў вымушаны эмігрыраваць у Лондан, дзе ўдзельнічаў у рабоце эмігранцкіх арганізацый, сустракаўся з кіраўнікамі І Інтэрнацыянала, у тым ліку з Ф. Энгельсам і К. Марксам, а праз некаторы час апынуўся ў Румыніі, дзе завяршыў медыцынскую адукацыю ў сценах Бухарэсцкага ўніверсітэта. У Румыніі М. Судзілоўскі дапамагаў у пастаўцы зброі балгарскім паўстанцам, якія змагаліся супраць асманскага іга. У руска-турэцкую вайну працаваў урачом у ваенным шпіталі, удзельнічаў у стварэнні сацыялістычнай партыі Румыніі. За арганізацыю банкета ў гонар 10-й гадавіны Парыжскай камуны быў высланы з краіны. Пасля неверагодных прыгод М. Судзілоўскі трапіў у Парыж, дзе ўзнавіў сяброўскія сувязі з расійскімі палітычнымі эмігрантамі Пляханавым, Засуліч, Аксельродам і інш. У 1882 г. ён зноў вярнуўся ў Румынію: працаваў урачом у Плоўдзіве і падтрымліваў грашыма таварышаў у Жэневе, якія на той час аб’ядналіся ў групу “Вызваленне працы”.
Палітычныя абставіны прымусілі М. Судзілоўскага ў 1887 г. пераехаць у Сан-Францыска, дзе ён меў урачэбную практыку і выступаў з медыцынскімі публікацыямі. Пасля пяці гадоў жыцця ў Каліфорніі Судзілоўскі пераехаў на Гавайскія астравы, дзе працаваў урачом. У 1898 г. ЗША захапілі астравы і аб’явілі іх сваёй тэрыторыяй. Наш зямляк уключыўся ў барацьбу мясцовага насельніцтва (палінезійцаў-канакоў) супраць захопнікаў. Аўтарытэт доктара Судзілоўскага быў такім вялікім, што яго абралі сенатарам, а потым і прэзідэнтам сената. Каб мець права праводзіць у сенаце законапраекты, накіраваныя на паляпшэнне жыцця карэннага насельніцтва, М. Судзілоўскі падаў у адстаўку.
У 1903 г. ён пабываў у Шанхаі, дзе прапанаваў кітайскім разбойнікам “хунхузам” вызваліць зняволеных на забайкальскай катарзе рэвалюцыянераў. У маі 1905 г. М. Судзілоўскі арганізаваў у Японіі камітэт дапамогі расійскім ваеннапалонным, вёў сярод іх асветніцкую і прапагандысцкую работу, ствараў рэвалюцыйныя гурткі. У расійскім палітычным руху ён адчуваў уздзеянне розных плыняў, але сам не належаў ні да адной партыі і змагаўся за аб’яднанне ўсіх сіл Расіі ў барацьбе супраць самадзяржаўя. Адміністрацыя ЗША пазбавіла Судзілоўскага амерыканскага грамадзянства і забараніла вяртанне на Гаваі. М. Судзілоўскі быў вымушаны перабрацца на Філіпіны, дзе ў пачатку 1912 г. купіў невялікі зямельны ўчастак. Акрамя медыцынскай практыкі ён займаўся грамадскай і асветніцкай дзейнасцю, стварыў бібліятэку, друкаваў публіцыстычныя артыкулы. Праз пэўны час доктар Судзілоўскі апынуўся ў Японія, дзе займаўся медыцынай.
У 1920 г. М. Судзілоўскі перабраўся ў правінцыяльны кітайскі горад Цяньцзынь, дзе стварыў і ўзначаліў першы ў Азіі “Камітэт дапамогі галадаючым Расіі”. У 1921–1922 гг. пры яго садзейнічанні такія камітэты былі створаны ў Пекіне, Харбіне, Мукдэне, Ханькове. У канцы жыцця М. Судзілоўскі думаў аб вяртанні на радзіму, але яго мара не збылася.