Имена на других языках:
Тищенко Иван Кириллович (русский);
3030 символов
Справка
Іван Кірылавіч Цішчанка – вядомы даследчык беларускай традыцыйнай культуры, літаратар, педагог – прыйшоў у навуку праз любоў да народнай песні і музыкі, праз цікавасць да фальклору і міфалогіі. Нарадзіўся вучоны 22 мая 1930 г. у в. Улукі Слаўгарадскага раёна Магілёўснай вобласці ў сялянскай сям’і. Яго бацька, удзельнік Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў, у 1937 г. быў рэпрэсіраваны, і хлопчык рана спазнаў смак хлеба, заробленага ўласнай працай. На вячорках улукаўскай моладзі ён іграў на губным гармоніку, балалайцы, спацігаючы досціп і вясёлую гарэзнасць прыпевак да танцаў, якія пазней сталі аб'ектам даследванняў.
Пасля школы І. Цішчанка паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, які скончыў у 1956 г. Год выкладаў рускую мову і літаратуру ў кааператыўным тэхнікуме, з 1957 г. працаваў ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы АН БССР, з 1992 г. – у Беларускім універсітэце культуры (зараз Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў). У 1968 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю, у 1992 г. стаў прафесарам.
Іван Кірылавіч даследаваў праблемы беларускай фалькларыстыкі, яе гісторыю, жанры фальклору, міфалогію. Аб адданай працы вучонага сведчыць багатая бібліяграфія. Ён адзін са складальнікаў зборнікаў "Беларускія частушкі" (1960), "Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны" (1961), "Паэзія барацьбы" (1985) і іншых, а таксама шэрагу кніг са зводу "Беларуская народная творчасць"(БНТ): "Жартоўныя песні" (1974), "Песні пра каханне" (1978), "Сямейна-бытавыя песні" (1984), "Сацыяльна-бытавыя песні" (1987), "Прыпеўкі" (1989) і інш. Запісаныя вучоным фальклорныя творы ўвайшлі ў тамы серыі БНТ: "Радзінная паэзія" (1971), "Жніўныя песні" (1974), "Прыказкі і прымаўкі" (кн. 1–2, 1976), "Зімовыя песні" (1978), "Выслоўі" (1979) і інш. За ўдзел у складанні зводу І.К. Цішчанка ў 1986 г. атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР. Іван Кірылавіч вызначыўся не толькі як складальнік, але і як аўтар кніг "Беларуская частушка. Пытанні генезісу жанру" (1971), "Жыццё песні" (1984), "Да народных вытокаў. Збіранне і вывучэнне беларускага фальклору ў 50–60-я гады ХІХ ст." (1986). Суаўтар манаграфій "Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць" (1967), "Беларуская народна-паэтычная творчасць" (1979), "Беларуская фалькларыстыка" (1989) і інш. Ён таксама вядомы і як аўтар шэрагу літаратуразнаўчых, крытычных артыкулаў, рэцэнзій на зборнікі апавяданняў.
Шмат працаваў І.К. Цішчанка ў дакументальным кіно. З рэжысёрам Л. Гідравічусам былі зняты фільм пра паэта-песенніка А. Русака і кінастужка "Песня на ўсё жыццё" (у суаўтарстве з А. Лісам), прысвечаная фалькларысту, дырыжору, народнаму артысту СССР Р. Шырме. У творчай садружнасці з кінарэжысёрам Р. Ясінскім створаны поўнаметражны дакументальны фільм, у якім таленавіта расказана пра няпросты жыццёвы і творчы лёс славутага беларускага спевака М. Забэйду-Суміцкага. Апошнія 10–15 гадоў жыцця кола навуковых інтарэсаў вучонага ўсё часцей замыкалася на вывучэнні міфалогіі.