Юрый Васільевіч Шпіт нарадзіўся ў Запарожжы (Украіна). Скончыў архітэктурны факультэт Кіеўскага інжынерна-будаўнічага інстытута (1954). Пасля атрымання дыплома быў запрошаны ў інстытут «Белдзяржпраект», дзе займаўся праектаваннем масавых тыпаў жылля.
З 1964 па 1975 г. працаваў намеснікам старшыні Дзяржбуда БССР, удзельнічаў у распрацоўцы генеральных планаў населеных пунктаў, забудоў мікрараёнаў і новых гарадоў. Адначасова з 1967 г. выкладаў на архітэктурным факультэце Беларускага політэхнічнага інстытута (зараз Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт).
У 1976 г. прызначаны дырэктарам Беларускага навукова-даследчага і праектнага інстытута горадабудаўніцтва (БелНДІПгорадабудаўніцтва). У 1986–1989 гг. быў кіраўніком распрацоўкі Генеральнай схемы комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі БССР. У 1990–2005 гг. – кіраўнік персанальнай творчай майстэрні.
Архітэктар шмат зрабіў для фарміравання аблічча Мінска і станаўлення масавага жыллёвага будаўніцтва практычна на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Найбольш буйнымі праектамі, якія рэалізаваны ў сталіцы, лічацца жылы дом па вуліцы Чырвонаармейскай (1961–1962), комплекс жылых і грамадскіх будынкаў па вуліцы Талбухіна (1962–1967), 120-кватэрны жылы дом па вуліцы К. Маркса (1965) і 150-кватэрны жылы дом па вуліцы Я. Коласа (1964–1966), кінатэатр «Партызан» і рэстаран «Каменная кветка» (1967), храм Святога апостала Андрэя Першазваннага на праспекце Ракасоўскага (2000) і інш. З’яўляецца аўтарам праектаў будынкаў абкама КПБ у Магілёве (1971), санаторыя «Беларусь» у Місхоры (Крым, 1974), гасцініцы міжнароднага маладзёжнага цэнтра «Юнацтва» на Заслаўскім вадасховішчы Мінскага раёна (1975), горкама КПБ у Бабруйску (1976), пансіяната «Свіцязь» (Навагрудскі раён), санаторыя «Белая Русь» у г.п. Наваельня Дзятлаўскага раёна (1990-я гг.), ашчаднага банка у г. Старыя Дарогі Мінскай вобласці (1998), праектаў планіроўкі і забудовы раёнаў у Светлагорску, Наваполацку і інш. Юрый Васільевіч – аўтар манумента партызанам Вілейшчыны на возеры Нарач у мядзельскім раёне (1968), помніка вызваліцелям у Віцебску (1974).
Шпіт Ю. В. з’яўляецца аўтарам больш за 10 разнастайных серый тыпавых праектаў жылых дамоў і 40 індывідуальных праектаў розных жылых і грамадскіх будынкаў. Ён унёс значны ўклад у даследаванне праблем беларускага горадабудаўніцтва і архітэктуры, распрацаваў прынцыпы і метады далейшага ўдасканалення масавага жыллёвага будаўніцтва. Напісаў 30 навуковых прац, сярод якіх – «Гражданское строительство и архитектура в Белорусской ССР» (1968), «Архитектура Советской Белоруссии» (1973, у суаўтарстве), «Современные тенденции формирования территориальных систем расселения» (1981), «Принципы и методы комплексной территориальной организации регионов: на примере Генеральной схемы комплексной территориальной организации Белорусской ССР» (1990) і інш. Архітэктар займаўся грамадскай дзейнасцю, быў прадстаўніком БССР на пасяджэннях рабочай групы па горадабудаўніцтве і будаўніцтве Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН у Жэневе. У 1970–1973 гг. з’яўляўся старшынёй праўлення Саюза архітэктараў БССР.
У 1969 г. за вялікія заслугі ў развіцці беларускай савецкай архітэктуры і масавага жыллёвага будаўніцтва Ю.В. Шпіт удастоены звання «Заслужаны архітэктар БССР». У 1984 г. за ўдзел у планіроўцы і забудове Наваполацка атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.