Дата рождения: 15.03.1940 Камуна, в., Любанскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти: 06.03.2020
Краткая справка: артыстка оперы (лірычнае сапрана), педагог, народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1980), узнагароджана медалём Ф. Скарыны
Имена на других языках: Шикунова Ирина Семёновна (русский);
Ірына Сямёнаўна Шыкунова нарадзілася 15 сакавіка 1940 г. у вёсцы Камуна Любанскага раёна Мінскай вобласці (менавіта гэтай вёсцы прысвечана паэма Я. Купалы «Над ракою Арэсай»). Ёй мінуў толькі год, калі бацька загінуў на фронце. Маці з дочкамі Ірынай і пяцігадовай Лідай пайшла ў партызаны.
З дзяцінства Ірына мела добры голас, любіла спяваць, брала ўдзел у мастацкай самадзейнасці. Пасля заканчэння сярэдняй школы Ірына паступіла ў фінансавы інстытут, але жаданне спяваць перамагло: аднойчы ўбачыла аб'яву, што ў кансерваторыі прымаюць на падрыхтоўчае аддзяленне, і паехала ў Мінск. Рэктарам Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А. В. Луначарскага (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі) у той час быў Анатоль Васільевіч Багатыроў. Пасля выканання некалькіх народных песень камісія на чале з рэктарам вырашыла прыняць здольную да спеваў Ірыну Шыкунову.
Пачаліся гады напружанай вучобы: дзяўчына не мела ніякай музычнай адукацыі, не ведала нотнай граматы, аднак жаданне спяваць і імкненне вучыцца дапамагала пераадольваць цяжкасці.
Пасля заканчэння кансерваторыі (1964 г.) Ірына Шыкунова была залічана ў групу стажораў Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР (цяпер Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь). Маладая артыстка ўпарта працавала, уважліва сачыла за майстрамі опернай сцэны і ўсё лепшае назапашвала сабе. Упершыню спявачка «раскрылася» ў «Багеме» Д. Пучыні. Глыбокая чалавечая драма заключаецца ў вобразе Мімі, якая ў выкананні Ірыны Шыкуновай прываблівала самаадданасцю і вернасцю каханню. Яе Мімі – пяшчотная, тонкая натура, якой уласціва ўсё, што дае маладосць: страсныя парыванні, гарэзлівасць. Публіка адразу ўспрыняла Мімі – Шыкунову, вітала яе бурнымі апладысментамі.
У оперы Ж. Бізэ «Кармэн» Ірына Шыкунова стварыла запамінальны вобраз закаханай дзяўчыны Мікаэлы. Яе Мікаэла здольная змагацца за сваё каханне, бо для яе згубіць Хазэ – значыць згубіць веру ў дабрату і чалавечнасць. Менавіта так падавала гэты вобраз артыстка.
У 1970 г. маладую таленавітую салістку паслалі на стажыроўку ў Міланскі тэатр «Ла Скала». Паўгода, праведзеныя ў Італіі, былі для Ірыны Шыкуновай надзвычай плённымі: пад кіраўніцтвам славутых педагогаў яна авалодвала нюансіроўкай, рухомасцю ў голасе, выроўнівала яго дыяпазон – набывала спявацкую тэхніку. Акрамя таго, рыхтавала оперныя партыі на італьянскай мове (у т. л. партыю Віялеты з «Травіяты» Д. Вердзі).
Ірына Шыкунова мае прыгожы, рухомы голас цёплага тэмбру. Ёй уласцівы дасканалае вакальнае майстэрства, уменне надаць сцэнічным персанажам душэўную чысціню, пяшчотнасць, высакароднасць. Спявачка стварыла шэраг яркіх, запамінальных вобразаў у партыях нацыянальнага рэпертуару: Юзэфа («Яснае світанне» А. Туранкова), Марфачка («Алеся» Я. Цікоцкага), Аксана («Калі ападае лісце» Ю. Семянякі), Ірына («Сівая легенда» Д. Смольскага), Клава («Сцежкаю жыцця» Г. Вагнера).
Асаблівае месца ў творчасці Ірыны Шыкуновай займае роля Ірыны ў «Сівой легендзе» Д. Смольскага, створанай паводле аднайменнай аповесці У. Караткевіча (прэм'ера адбылася ў 1978 г.). Крытыкі адзначалі «прыгожыя», адухоўленыя спевы, у якіх спалучаліся пеўчыя традыцыі бельканта і экспрэсіўнасць сучаснага моўнага інтанавання. Спявачка ўпэўнена карысталася такімі прыёмамі, як меладызаваная, ледзь чуткая гаворка (спевы напаўголасу), што забяспечыла псіхалагічную глыбіню і дакладнасць вобраза. Гераіня паўстала не толькі як вобраз пяшчотнай прыгажосці, але і як сімвал жаночай сілы і маральнай чысціні, які ўвасабляе ідэю жыццесцвярджальнага пачатку. Шматграннасць вобразнага вырашэння, а таксама выканальніцкае майстэрства Ірыны Шыкуновай зрабілі ролю Ірыны лідзіруючай у спектаклі. У 1980 г. за выкананне партыі Ірыны спявачка была ўзнагароджана Дзяржаўнай прэміяй БССР (Дзяржаўную прэмію таксама атрымаў аўтар оперы – кампазітар Д. Смольскі). У той жа год Ірыне Сямёнаўне Шыкуновай было прысвоена ганаровае званне «Народная артыстка БССР».
Актрыса заўсёды адчувала боль і складаныя лёсы сваіх гераінь – беларускіх жанчын, даносіла іх душэўныя перажыванні да публікі вельмі пераканаўча. У партыі радысткі Клавы – гераіні оперы «Сцежкаю жыцця» Г. Вагнера, спявачка выявіла лірычныя глыбіні і стварыла максімальную душэўную напоўненасць вобраза. Вакальную палітру партыі Клавы артыстка падпарадкавала раскрыццю персанажа ў развіцці, ва ўсёй шматграннасці псіхалагічных станаў, звязаных перш за ўсё з лірычнымі рысамі. Ірына Шыкунова пабудавала вобраз на кантрасных супастаўленнях розных эмацыянальных станаў, з вялікім майстэрствам перадаўшы шырокую амплітуду пачуццяў гераіні – ад жорсткай пагарды да глыбокага лірычнага пачуцця.
Новы аспект раскрыцця нацыянальнай тэмы паказала камерная лірычная опера Д. Смольскага «Францыск Скарына». Яна была запісана як канцэртная опера ў 1988 г. на Беларускім тэлебачанні ў дні ўрачыстасцей, прысвечаных 500-годдзю з дня нараджэння першадрукара. Ірына Шыкунова ў ролі Маргарыты прадэманстравала яркія акцёрскія магчымасці, дакладна адчула стылістыку сучаснай камернай оперы.
Акрамя таго, спявачка выканала партыю Аўгінні ў тэлефільме паводле оперы «У пушчах Палесся» А. Багатырова, партыю Алесі ў радыёоперы «Барвовы золак», напісанай кампазітарам К. Цесаковым паводле «Палескай хронікі» І. Мележа.
У снежні 1967 г. па Цэнтральным тэлебачанні адбылася трансляцыя першай беларускай тэлеоперы «Раніца» Г. Вагнера. Партыю Арыны выконвала Ірына Шыкунова. Вобраз Арыны прасякнуты шчырасцю і цеплынёй, ён блізкі да лірычнай народнай песні з характэрнай для яе меладыйнай напеўнасцю.
Любоў да роднай прыроды пранізвае выкананне спявачкай беларускіх народных песень: «У роўным полі» (апрацоўка А. Багатырова), «Хлопец кудравы» (апрацоўка Н. Сакалоўскага), «Зязюленька» (апрацоўка Р. Пукста), «Перапёлачка» (апрацоўка А. Туранкова), «Прыляцелі гусі», «А зязюлька кукавала» (апрацоўка П. Падкавырава), «Бярозка» (апрацоўка М. Чуркіна) і інш. Гучанню народных песень у выкананні Ірыны Шыкуновай уласцівы арганічнае спалучэнне інтанацыйнага і эмацыянальнага зместу, яркая вобразнасць, дакладная перадача жанравых асаблівасцей твора.
За час сваёй працы ў тэатры спявачка выканала шэраг разнапланавых партый класічнага рэпертуару, стварыла шэраг яркіх, запамінальных вобразаў.
У сярэдзіне 1970-х гг. у тэатры была пастаўлена опера «Лаэнгрын» Р. Вагнера. Для яе пастаноўкі быў запрошаны з Лейпцыга вядомы рэжысёр доктар Карл-Гейнц Фіртэль. Ірына Шыкунова выконвала партыю Эльзы. Спявачка здолела перадаць усё багацце тонкай псіхалагічнай нюансіроўкі ролі, знайсці выразную інтанацыю і дакладны сцэнічны малюнак. Яе Эльза надзіва гарманічна спалучала ахвярнасць, жаночую безабароннасць і сілу характару. Эльза – адна з лепшых партый класічнага рэпертуару Ірыны Шыкуновай.
Паэтычны жаночы вобраз атрымаўся ў партыі Мзіі («Міндыя» А. Тактакішвілі). Мяккім лірызмам і жаноцкасцю спявачка прыцягвала ўвагу гледача ў ролі Графіні («Вяселле Фігара» В. А. Моцарта). З вялікім драматычным напалам артыстка выканала партыю Купавы («Снягурачка» М. Рымскага-Корсакава). У створаным ёю вобразе пераважалі рашучасць, унутраная сіла і непераадольнае імкненне да шчасця. У выкананні Ірыны Шыкуновай Таццяна («Яўген Анегін» П. І. Чайкоўскага) – паэтычная, шчырая, чыстая, гордая, дастойна стрыманая ў сваім каханні.
Сярод іншых роляў Ірыны Шыкуновай: Дэздэмона, Лізавета, Амелія («Атэла», «Дон Карлас», «Баль-маскарад» Д. Вердзі), Марфа («Царская нявеста» М. Рымскага-Корсакава), Іаланта, Ліза («Іаланта», «Пікавая дама» П. Чайкоўскага), Маргарыта («Фаўст» Ш. Гуно), Донна Анна («Дон Жуан» В. А. Моцарта), Джульета і Антонія («Казкі Гофмана» Ж. Афенбаха), Яраслаўна («Князь Ігар» А. Барадзіна), Галька («Галька» С. Манюшкі).
Ірына Шыкунова – цэлая эпоха ў развіцці беларускага опернага мастацтва. На працягу доўгага сцэнічнага жыцця ёю выканана больш за трыццаць вядучых оперных партый, амаль кожная з якіх мае права ўвайсці ў скарбніцу беларускай музычнай культуры.
3 1989 г. Ірына Сямёнаўна Шыкунова працуе выкладчыкам, а з 2001 г. дацэнтам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (кафедра спеваў). Сярод яе вучняў – лаўрэаты міжнародных і нацыянальных конкурсаў вакалістаў В. Красоўская, С. Маціеўская, Т. Пятрова, Т. Рэмез, А. Сало і інш.
Сёння Ірына Сямёнаўна клапоціцца пра тое, каб па-ранейшаму бруіла крыніца талентаў на Беларусі, каб адбывалася іх пераемнасць, жыло творчае натхненне.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.