Краткая справка:
архітэктар, педагог, заслужаны будаўнік Беларусі
Имена на других языках:
Вараксин Владимир Николаевич (русский);
3019 символов
Справка
Уладзімір Мікалаевіч Вараксін належыць да плеяды выдатных архітэктараў нашай краіны, якія стаялі ля вытокаў стварэння і развіцця беларускай савецкай архітэктуры. Яго імя заўсёды ўпамінаецца побач з імёнамі таленавітых дойлідаў – Г. Заборскага, А. Воінава, Н. Трахтэнберга.
Нарадзіўся Уладзімір Вараксін у сям’і ваеннага інжынера ў г. Омску (Расія). Пасля заканчэння школы і службы ў арміі ў 1923 г. паступае ў Омскі мастацка-прамысловы тэхнікум і атрымлівае спецыяльнасць “тэхнік – мастак – архітэктар”. З 1928 г. тры гады вучыцца ў Акадэміі мастацтваў у Ленінградзе. Пасля рэарганізацыі архітэктурных факультэтаў Акадэміі і Ленінградскага інстытута інжынераў камунальнага будаўніцтва У. Вараксіна пераводзяць у гэты інстытут, дзе ў 1934 г. ён абараняе дыпломны праект і накіроўваецца на працу ў Беларусь.
Творчая біяграфія маладога архітэктара пачынаецца ў інстытуце “Белдзяржпраект” (цяпер РУП “Інстытут Белдзяржпраект”). У гэты ж час пачынаецца дружба і супрацоўніцтва маладых дойлідаў Уладзіміра Вараксіна і Аляксандра Воінава. Яны працуюць над праектам будынка Мінскага палаца піянераў і школьнікаў імя М.Ф. Гікалы (цяпер Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі). Палац будуецца ў 1936 г. на перакрыжаванні вуліц Энгельса і Кірава, у стварэнні яго інтэр’ераў прымаюць удзел скульптары А. Бембель, А. Грубэ, А. Арлоў.
У 1936–1937 гг. У. Вараксін падрыхтаваў праекты Дома Саветаў у Слуцку, клуба запалкавай фабрыкі ў Рэчыцы, педагагічнага тэхнікума ў Крычаве, інфекцыйнай бальніцы ў Мінску. Пасля прынятага рашэння аб пераносе сталіцы ў Магілёў У. Вараксін удзельнічаў у рэканструкцыі і забудове горада. У Магілёве па яго праектах быў пабудаваны кінатэатр “Радзіма”, жылы пасёлак аўтарамонтнага завода. Працягвалася і сумесная работа з архітэктарам А. Воінавым: імі быў створаны праект будынка ЦК КПБ БССР (цяпер будынак Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Будаўніцтва гэтага аб’екта пачалося ў 1939 г.
У гады вайны У. Вараксін працаваў у Ніжнім Тагіле, а потым у Омску. Пасля вызвалення Беларусі ён вяртаецца ў Мінск. Па праектах архітэктара былі пабудаваны: Беларускі інстытут народнай гаспадаркі (1954), жылыя дамы па вуліцах К. Маркса, Маскоўскай, Захарава ў Мінску, будынак абкама КПБ у Гродне (1952), кінатэатр імя Калініна ў Гомелі (1950), дастроены будынак ЦК КПБ (1946). За 20 гадоў работы ў “Белдзяржпраекце” У. Вараксін спраектаваў звыш 60 розных аб’ектаў. У 1961 г. архітэктар адным з першых быў удастоены ганаровага звання “Заслужаны будаўнік БССР” (у той час яшчэ не было ўведзена званне заслужанага архітэктара).
Паспяхова склалася педагагічная дзейнасць Уладзіміра Мікалаевіча. У 1952 г. ён пачынае працу выкладчыка ў Беларускім політэхнічным інстытуце (цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт), у 1954–1971 гг. – дацэнт БПІ. У 1971–1975 гг. ён узначальвае кафедру архітэктурнага праектавання Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута (цяпер Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт).