Дата рождения:
10.05.1931 Дрыбінскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
12.03.1988
Краткая справка:
паэт, крытык, перакладчык, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова (1987)
Имена на других языках:
Гаврусёв Степан Захарович (русский);
4030 символов
Справка
Выдатным і самабытным майстрам беларускай паэзіі ХХ ст. быў Сцяпан Захаравіч Гаўрусёў, які належаў да выдатнай пісьменніцкай плеяды – пакалення “шасцідзясятнікаў”.
Нарадзіўся будучы паэт у вёсцы Новааляксандраўка Дрыбінскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Сцяпан Гаўрусёў адносіўся да таго пакалення, чыё дзяцінства было апалена вайной, таму вучыцца яму давялося з перапынкамі. У 1951 г. скончыў Магілёўскае педагагічнае вучылішча. Пасля была служба ў арміі, завочная вучоба ў Мінскім педвучылішчы, праца літсупрацоўнікам рэспубліканскай газеты “Звязда”, рэдактарам выдавецтва “Беларусь”.
З вершамі ў друку пачаў выступаць з 1948 г. Першая кніга паэзіі “Паходныя кастры” ўбачыла свет у 1955 г. Потым адзін за адным выходзяць з друку зборнікі вершаў “На грэбнях хваль” (1959), “Шчодрасць” (1962), “Ураган” (1966), “Профіль веку” (1969), “Кляновыя лісты” (1971), “Пераклічка” (1973), “Клопат” (1976). Галоўнае, што вызначае творчасць С. Гаўрусёва, – гэта выдатнае паэтычнае майстэрства. Кожны яго зборнік надзвычай цэласны па змесце, паслядоўнасці аўтарскіх думак. Вершы паэта прысвечаны не толькі Вялікай Айчыннай вайне, але і працоўнаму подзвігу народа, прыгажосці роднага краю, красе чалавека. Ёсць у С. Гаўрусёва верш “Я вырас пад гарматнымі стваламі”. Ён не толькі пра самога паэта, яго дзяцінства, апаленае шалёным полымем вайны, але і пра цэлае пакаленне, у якога “губы пахлі дымам, бо мы з снарадных конавак пілі”. Гэты верш стаў лейтматывам, галоўнай тэмай творчасці С. Гаўрусёва. Падзеі мінулага – своеасаблівая скарбонка, адкуль ён чэрпаў свае паэтычныя матывы, вобразы. Пазней выйшлі яшчэ зборнікі вершаў “Водсветы” (1978), “Азарэнне” (1980), “Крона” (выбранае, 1981). У іх аўтар гаворыць аб адказнасці чалавека перад будучыняй, пра страшныя дні вайны, родную яму Магілёўшчыну, яе мінулае і сучаснае, непаўторную прыгажосць яе прастораў, зямлі – такой шчодрай і багатай на таленты. Глыбокая лірычная шчырасць уласціва паэмам С. Гаўрусёва “Іней”, “Штодзённы лістапад”. У паэме “Іней” паэт паказаў сябе сапраўдным майстрам пейзажу. Яму выдатна ўдаліся замалёўкі марозных зімовых дзён і вечароў у вёсцы:
Мароз пахруствае крамяны,
Рыпіць пад ботам сыпкі снег,
І месяц коціцца румяны
Па-над пуховай гладдзю стрэх.
Вобраз інею суправаджае герояў на ўсіх іх шляхах, стварае рамантычныя абставіны для закаханых, адцяняе іх знешнюю прыгажосць:
Ад галавы да ног прыбрана
Дзяўчына ў іней – ён мігціць! –
Уся, нібы красуня тая
З дзіцячай казкі, з даўніх дзён...
Творчасць паэта вылучаецца высокім прафесійным майстэрствам. У 1987 г. яго кніга “Пладаноснасць” (1986) была адзначана Літаратурнай прэміяй Саюза пісьменнікаў БССР імя А. Куляшова.
Шмат увагі аддаваў С. Гаўрусёў і мастацкаму перакладу. На беларускую мову ім перакладзена паэма “Ануш” А. Туманяна, “Маабіцкі сшытак” М. Джаліля (з А. Пысіным), паасобныя творы А. Твардоўскага, М. Святлова, Я. Райніса, К. Куліева, Э. Межэлайціса і інш. Гэта дзейнасць стала для яго важным сродкам пранікнення ў мастацкі свет іншых майстроў слова, і таму ў агучаных па-беларуску творах ён не толькі жыва ўзнаўляў змястоўны бок і вобразнасць таго ці іншага тэксту, але і перадаваў індывідуальна-непаўторны пульс радка, яго духоўную глыбіню. Выступаў пісьменнік у друку з крытычнымі артыкуламі, рэцэнзіямі, нарысамі. У сваіх працах паказаў, што ўмее цаніць зробленае ў літаратуры яго папярэднікамі. Сцяпан Гаўрусёў тонка адчуваў паэтычны радок, яго прыгажосць, водар, гучанне. Пішучы пра А. Куляшова, П. Панчанку, А. Грачанікава, П. Макаля, В. Зуёнка, дакладна выяўляў творчую манеру, індывідуальнае аблічча мастакоў слова, пры гэтым вылучаў і паказваў мастацкія якасці многіх іх твораў.
Аб прызнанні творчай спадчыны С. Гаўрусёва сведчыць выданне яго вершаў на 13 мовах свету, у тым ліку на англійскай і французскай. У перакладах на рускую мову паэзія майстра не адзін раз выходзіла асобнымі кнігамі.