Краткая справка:
архітэктар, педагог, заслужаны архітэктар Беларусі (1969)
Имена на других языках:
Гусев Валентин Иванович (русский);
3870 символов
Справка
Валянцін Іванавіч Гусеў адносіцца да той славутай плеяды дойлідаў, якія стаялі ля вытокаў станаўлення савецкай архітэктуры ў рэспубліцы. Яго імя ў адным шэрагу з імёнамі такіх архітэктараў, як І. Лангбард, У. Вараксін, Н. Трахтэнберг, Н. Макляцова, якія так многа зрабілі для развіцця беларускай архітэктуры. Менавіта яны ў 30-я гг. ХХ ст. залажылі асновы сацыялістычнай рэканструкцыі нашых гарадоў, удзельнічалі ў індустрыялізацыі краіны, будаўніцтве жылля для працоўных, у пошуку новых тыпаў грамадскіх будынкаў.
Нарадзіўся В. Гусеў у с. Александрыя Благадарненскага раёна Стаўрапольскага краю (Расія). Спецыяльную адукацыю атрымаў у Маскоўскім архітэктурным інстытуце, які скончыў у 1936 г. Яго педагогамі былі вядомыя ў краіне архітэктары В. Вяснін, К. Мельнікаў, І. Нікалаеў. У 1936 г. маладога спецыяліста накіравалі на будаўніцтва Дома Чырвонай Арміі ў Мінск. Ён дапамагаў архітэктару І. Лангбарду ў распрацоўцы інтэр’ераў і знешняга добраўпарадкавання будынка.
Творчая дзейнасць В. Гусева пачалася ў Ваенпраекце, а затым у Белпрампраекце. У творах 1940–1950-х гг. выкарыстоўваў кампазіцыйныя прыёмы і формы класічнай архітэктуры. Яго першымі даваеннымі праектамі былі Дом афіцэраў у Бабруйску, фабрыка піяніна ў Барысаве (абодва 1937 г.), пасёлкі пры торфапрадпрыемствах у Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай абласцях (1937–1939). Адначасова ён уключыўся і ў падрыхтоўку інжынерна-будаўнічых кадраў рэспублікі. Ужо восенню 1936 г. ён пачаў працаваць у Беларускім політэхнічным інстытуце (зараз – Нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт).
З 1939 г. В. Гусеў знаходзіўся ў Чырвонай Арміі. Удзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі. Працаваў над распрацоўкай розных інжынерна-тэхнічных і будаўнічых аб’ектаў. У гады Вялікай Айчыннай вайны – ваентэхнік 1-га рангу, абсталёўваў паходныя шпіталі і штабы, будаваў камандныя пункты, бамбасховішчы і іншыя збудаванні.
У 1944 г. В. Гусева накіравалі на аднаўленне разбураных гарадоў Беларусі. Працуючы галоўным архітэктарам Ваенпраекта, а затым узначальваючы майстэрню Мінгарпраекта, В. Гусеў многа праектаваў і будаваў. Сумесна з І. Лангбардам ён удзельнічаў у аднаўленні дамоў афіцэраў у Мінску і Бабруйску, праектаваў жылыя дамы па вул. Захарава і Леніна, ваенны шпіталь, адміністрацыйны будынак на вул. Фрунзэ ў Мінску і многія іншыя аб’екты. Будынкі, пабудаваныя па яго праектах, і сёння ўпрыгожваюць сталіцу. Галоўнай работай гэтага перыяду з’яўляецца адміністрацыйны будынак на вул. Чырвонай і Камуністычнай – штаб Беларускай ваеннай акругі (БВА). Дом пабудаваны ў 1945–1946 гг. у стылізаваных формах класіцызму. У гэтыя ж гады рэканструяваўся будынак штаба тылу БВА на вул. Фрунзэ (цяпер – філіял Нацыянальнага гістарычнага музея); сумесна з архітэктарам М. Барсуковым праектаваў адміністрацыйны будынак Упраўлення Беларускай чыгункі на вугле вул. Леніна і Кірава (1951). У 1952 г. Валянцін Іванавіч завяршыў (сумесна з калектывам архітэктараў) праект забудовы новай галоўнай магістралі горада Віцебска – праспекта Кірава, а затым яго назначылі і магістральным архітэктарам праекта. У 1953–1959 гг. В. Гусеў працаваў намеснікам старшыні Дзяржбуда БССР. На гэтай пасадзе ён займаўся архітэктурнай экспертызай, узначальваў Камісію па выбары месцаў будаўніцтва буйных прамысловых цэнтраў рэспублікі – Наваполацка, Салігорска, Светлагорска і іншых.
Адначасова з творчай і адміністрацыйнай дзейнасцю В. Гусеў не спыняў сваю педагагічную работу. Ён не толькі працаваў на кафедры архітэктуры БПІ, але з 1959 г. выкладаў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (у 1964–1978 гг. – загадчык кафедры інтэр’ера і абсталявання).
Адным з апошніх творчых праектаў дойліда стаў праект санаторыя “Аксакаўшчына” ў жывапіснай мясціне пад Ракавам.
У 1969 г. В. Гусеву было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны архітэктар БССР”.