Имена на других языках:
Земкевич Ромуальд Александрович (русский);
Криптонимы:
Р-н Сун.; Р. С-ца; Р.Зем.; Ром. Зем.
2595 символов
Справка
Нарадзіўся Рамуальд Аляксандравіч Зямкевіч у Варшаве ў сям’і загадчыка друкарні. Бацькі былі родам са Случчыны. Вучыўся ў Кіеве, аднак большую частку свайго жыцця правёў у Варшаве. Працуючы інжынерам-механікам, Р. Зямкевіч амаль увесь вольны час аддаваў літаратурнай і навуковай працы, а рэдкія часы адпачынку прысвячаў збіранню старадаўніх кніг, рукапісаў і рэдкіх выданняў па гісторыі беларускай культуры. Выязджаў для работы ў архівах і бібліятэках у Вільню, Пецярбург, Львоў, Раперсвіль (Швейцарыя). У яго быў выдатны збор беларускіх, украінскіх, польскіх, літоўскіх старадрукаў, у тым ліку Біблія Ф. Скарыны, Астрожская Біблія, слоўнік П. Бярынды, “Хроніка” М. Бельскага, першыя выданні твораў Я. Каханоўскага і іншыя, меў таксама аўтографы А. Рыпінскага, А. Вярыгі-Дарэўскага, В. Дуніна-Марцінкевіча, Я. Лучыны, Ф. Багушэвіча, М. Багдановіча і іншых, татарскія рукапісы XVI–XVII стст., напісаныя арабскімі літарамі па-беларуску, шматлікія кнігі па бібліяграфіі і бібліяфільстве і інш.
Пачынаючы з 1909 г., Р. Зямкевіч друкаваў літаратуразнаўчыя артыкулы ў “Нашай ніве”. Падрыхтаваў і выдаў першы спецыялізаваны бібліяграфічны даведнік на беларускай мове “Беларуская бібліяграфія” (1910). Былі апублікаваны яго біяграфічна-бібліяграфічныя нарысы “Адам Ганоры Кіркор” і “Ян Баршчэўскі, першы беларускі пісьменнік ХІХ сталецця”, якія выйшлі асобнымі кнігамі ў 1911 г. У 1913–1914 гг. шукаў гісторыка-літаратурныя матэрыялы на Магілёўшчыне, дзе рабіў і запісы беларускага фальклору. Сабраў унікальную бібліятэку па гісторыі, літаратуры, мовазнаўстве, вусна-паэтычнай творчасці Беларусі, Літвы, Украіны. Вялікі ўклад у скарбніцу беларускай літаратуры бібліяфіл зрабіў, апублікаваўшы невядомыя рукапісы беларускіх пісьменнікаў ХІХ – пачатку ХХ ст. М. Багдановіча (1919), К. Каганца (1920), Я. Лучыны (1932). Рамуальд Зямкевіч цікавіўся даследаваннямі па этнаграфіі і фальклоры беларусаў. Актыўна супрацоўнічаў з М. Федароўскім, Ч. Пяткевічам, перапісваўся з Я. Карскім, дапамагаў варшаўскаму славісту Ю. Галомбаку, калі той працаваў над манаграфіяй пра В. Дуніна-Марцінкевіча. Сабраў вялікую калекцыю беларускага народнага адзення, часта вышыванага, арнаментаванага (у 1918 г. вывезена немцамі). Напісаў “Кароткі нарыс гісторыі беларускай музыкі” (ненадрукаваны; рукапіс загінуў). Рамуальд Зямкевіч займаўся перакладам з украінскай і французскай моў, спрабаваў пісаць вершы. Большасць яго багатых збораў не захавалася. Паасобныя рукапісы і лісты Р. Зямкевіча знаходзяцца ў архівах і бібліятэках Мінска, Вільнюса, Варшавы, Санкт-Пецярбурга і інш.