Дата рождения:
15.08.1831 Селішча, в., Навагрудскі павет, Мінская губерня (цяпер Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць)
Дата смерти:
07.02.1891
Краткая справка:
беларускі і польскі паэт, публіцыст, перакладчык
Псевдонимы:
Borzywojowіcz; Bozywoj
Имена на других языках:
Коротынский Винцесь Александрович (русский);
Криптонимы:
K.W.; W.K.; W.Kor.
4997 символов
Справка
Вінцэсь Аляксандравіч Каратынскі з’яўляецца адным з найбольш вядомых літаратараў і журналістаў 50-х гг. XIX ст. Дэмакратызм і гуманістычны пафас яго творчасці аказалі значны ўплыў на станаўленне беларускай літаратуры.
Нарадзіўся В. Каратынскі ў в. Селішча Навагрудскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці) у сям’і былога прыгоннага селяніна. Яго першым настаўнікам быў мясцовы арганіст, які навучыў чытаць і пісаць, дапамог засвоіць асновы арыфметыкі. Потым В. Каратынскі займаўся самаадукацыяй: шмат чытаў, перапісваў для сябе кнігі. Атрыманых ведаў хапіла, каб заняцца абучэннем малодшых братоў, а потым працаваць хатнім настаўнікам на Навагрудчыне. У 1850 г. В. Каратынскі стаў сакратаром У. Сыракомлі, які жыў у фальварку Залучча. Ён перапісваў гатовыя вершы і пераклады (пераважна лацінамоўных аўтараў), адказваў на лісты і адначасова ўдасканальваў свае веды. У хуткім часе самастойна авалодаў некалькімі замежнымі мовамі, што дазволіла пазней займацца перакладамі. Двухгадовая праца ў Залуччы стала для В. Каратынскага сапраўдным універсітэтам. Менавіта там фарміраваліся яго інтарэсы и погляды, адбывалася станаўленне творчай асобы. У 1852 г. У. Сыракомля разам з сям’ёй пераехаў у Вільню. Каб давесці да канца гаспадарчыя справы, В. Каратынскі на некаторы час заставаўся ў Залуччы. У пачатку 1853 г. пасяліўся ў фальварку Барэйкаўшчына (пад Вільняй), які арэндаваў У. Сыракомля.
Друкавацца В. Каратынскі пачаў у 1856 г. Ён супрацоўнічаў з часопісам «Teka Wileńska» («Віленскі зборнік»), з’яўляўся асноўным карэспандэнтам ад беларуска-літоўскага краю «Gazety Warszawskiej» («Варшаўскай газеты»), уваходзіў у склад Віленскай археалагічнай камісіі і Статыстычнага камітэта, наведваў літаратурны салон А. Кіркора. У 1859 г. В. Каратынскі ажаніўся з дачкой заможнага шляхціца Станіславай Цалінай Якубовіч і пераехаў у маёнтак Якентаны Ашмянскага павета. Ён працягваў супрацоўніцтва з перыядычнымі выданнямі Вільні, куды дасылаў польскамоўныя артыкулы на розныя тэмы. У 1860 г. В. Каратынскі ўваходзіў у склад рэдакцыі газеты «Kurіer Wileński» («Віленскі веснік»), рыхтаваў матэрыялы ў «Slownik języka polskiego» («Слоўнік польскай мовы») і рэдагаваў яго. У 1866 г. разам з сям’ёй пераехаў у Варшаву і цалкам прысвяціў сябе журналістыцы. Пісаў рэцэнзіі, дарожныя нататкі, нарысы, эсэ, артыкулы на гісторыка-краязнаўчую тэматыку. Найбольш вядомыя працы – «Наваградчына і Наваградак», «Віцебск», «Карціны з берагоў Нёмана» і інш. Шматлікія публікацыі В. Каратынскага былі прысвечаны ўраджэнцам Беларусі, замежным пісьменнікам, дзеячам культуры і навукі (А. Міцкевічу, А. Адынцу, І. Дамейку, С. Рысінскаму, К. Тышкевічу, Р. Зянькевічу, М. Лермантаву, М. Гогалю і інш.). Ён рыхтаваў таксама артыкулы пра беларускія гарады (Віцебск, Слуцк, Валожын, Стоўбцы і інш.) для «Encyklopedii Powszechnej» («Усеагульнай энцыклапедыі») С. Аргельбранда. У 1869–1877 гг. рэдагаваў папулярны «Kalendarz Jaworowskiego» («Каляндар Явароўскага»), быў членам рэдкалегіі часопісаў «Wieniec» («Вянок», 1878), «Tygodnik Powszechny» («Папулярны штотыднёвік», 1878–1885) і «Tуgodnik іlustrowany» («Ілюстраваны штотыднёвік», 1886–1891).
Паэтычнай творчасцю В. Каратынскі пачаў займацца пад уплывам і пры падтрымцы У. Сыракомлі. Прыналежнасць да разначыннай інтэлігенцыі, якая не парывала духоўнай сувязі са сваімі каранямі, сялянствам, вызначыла тэматыку, ідэйную скіраванасць і стылёвую спецыфіку яго паэзіі. Першы верш «Nad kolebką» («Над калыскай») быў апублікаваны ў 1856 г. Праз год у Вільні з’явіўся зборнік «Gzem chata bogata, tem rada» («Чым хата багата, тым і рада»), у вершах якога В. Каратынскі апісаў жыццё селяніна, выступіў супраць прыгонніцтва. У наступную кнігу «Tomilo» («Таміла», 1858) увайшла вялікая паэма з аднайменнай назвай, у аснову якой былі пакладзены знаёмыя з маленства карціны жыцця вёскі. У 1859 г. з’явілася апошняя кніга – вершаваны памфлет «Wypił Kuba do Jakóba» («Выпіў Куба на Якуба»).
За некалькі дзесяцігоддзяў творчай дзейнасці В. Каратынскі напісаў шмат мастацкіх твораў. На беларускай мове захаваліся вершы «Далібог-то, Арцім...» (прысвячэнне А. Вярыгу-Дарэўскаму) і «Уставайма, братцы, да дзела, да дзела» (дадатак да прывітальнага адраса Аляксандру ІІ), элегія «Туга на чужой старане» (лічыцца, што прысвечана сасланым у Сібір удзельнікам паўстання 1863–1864 гг., пакладзена на музыку В. Клімовічам). Пісьменніку прыпісваюцца таксама вершаваныя творы антыцарскага зместу «Гутарка старога дзеда» і «Гутарка двух суседаў», якія былі напісаны ў пачатку 1860-х гг. па-беларуску. Вінцэсь Каратынскі перакладаў на польскую мову творы Ж.П. Беранжэ, А. Пушкіна, М. Лермантава, Л. Талстога і Г. Гейнэ і інш. У 1872 г. ён выдаў збор твораў У. Сыракомлі (т. 1–10). У апошнія гады жыцця разам з А. Плугам падрыхтаваў да друку пяцітомнае выданне выбранай паэзіі У. Сыракомлі (выйшла ў 1890 г.). Творы В. Каратынскага на беларускую мову перакладалі Р. Баравікова, Р. Барадулін, Г. Дубянецкая, П. Бітэль, У. Мархель, Г. Тумаш.