Дата рождения: 26.06.1941
Дата смерти: 22.09.1999
Краткая справка: артыст тэатра і кіно, народны артыст Беларусі
Имена на других языках: Кулешов Владимир Алексеевич (русский);
Уладзімір Аляксеевіч Куляшоў нарадзіўся ў станіцы Ніжнячырская Суравікінскага раёна Валгаградскай вобласці (Расія). Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (1964) працаваў у Беларускім дзяржаўным драматычным тэатры імя Я. Коласа ў Віцебску (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа). Акцёр меў прывабную знешнасць, прыгожы, меладычны тэмбр голасу, яму былі ўласцівы аналітычнае мысленне і інтэлектуальнасць.
У 1964 г. на сцэне Коласаўскага тэатра была пастаўлена п'еса В. Лаўрэнцьева «Шануй бацьку свайго», у якой па-мастацку асэнсоўвалася сучасная праблематыка. І хаця спектаклю была ўласціва пэўная дыдактычнасць, адчувальная аўтарская зададзенасць у развіцці падзей, выразныя характары і вострыя драматычныя сутыкненні рабілі яго цікавым для гледача. Уладзімір Куляшоў здолеў зрабіць характар свайго героя жывым і абаяльным. Яго Максім вызначаўся душэўнай шчодрасцю, высакародствам, дабратой у адносінах да людзей.
У спектаклі «Многа шуму з нічога» па У. Шэкспіру (1971), які быў пастаўлены ў стылістыцы карнавальнага прадстаўлення, акцёр вынаходліва і пераканаўча сыграў ролю Бенядзікта – высакароднага, смелага, іранічнага, шчырага і непасрэднага ў сваім першым каханні.
Уладзімір Куляшоў стварыў адметныя характары ў пастаноўках твораў нацыянальнай драматургіі. Актуальнасцю вылучаўся спектакль «Трывога» А. Петрашкевіча (1974). Сама назва п'есы вызначала сутнасць грамадзянскай пазіцыі аўтара: выклікаць у гледача актыўнае непрыняцце зла, назва якому п'янства. Праз канкрэтны выпадак драматург, а разам з ім тэатр узняліся да абмеркавання дзяржаўных спраў і клопатаў. Акцёр праз ролю пракурора Размысловіча дакладна паказаў, як заблытаўся яго герой, як маленькія кампрамісы прымусілі яго здрадзіць сумленню і прафесійнаму абавязку.
Спектакль «Званы Віцебска» паводле У. Караткевіча (1974) быў прысвечаны 1000-годдзю горада Віцебска. Глыбіня сцэнічнага прачытання гістарычнай хронікі Коласаўскім тэатрам, актуальнасць гучання спектакля, яго звязанасць з духоўнымі пошукамі сучаснікаў у значнай ступені абумоўлена ігрой У. Куляшова, які стварыў злавесны, супярэчлівы вобраз біскупа Іасафата Кунцэвіча. Ужо першае яго з’яўленне на сцэне аказвае моцнае ўражанне. Высокая, статная фігура, цяжкі заварожваючы позірк, якім ён спыняе людзей, – усё прыцягвае да яго ўвагу. Значнае творчае дасягненне У. Куляшова абумоўлена і глыбокім драматургічным матэрыялам ролі, і высокапрафесійнай рэжысурай, і, безумоўна, напружанай працай акцёра, які стварыў кульмінацыйнае развіццё вобраза па законах акцёрскага псіхалагічнага мастацтва. Створаны У. Куляшовым вобраз адзначаўся сцэнічнай манументальнасцю пры дакладнай распрацоўцы псіхалагічных інтанацый і фарбаў. Яго філасофская сутнасць – недапушчальнасць дыктатарства і здрадніцтва.
Творчае крэда тэатра, заяўленае ў гэтай пастаноўцы, працягваў спектакль «Кастусь Каліноўскі» паводле У. Караткевіча (1978). У ім У. Куляшоў стварыў вобраз адданага сына сваёй Радзімы, зямлі, народа. Артыст паказаў моцны, валявы характар народнага героя, барацьбіта, патрыёта Беларусі, стварыў вобраз узнёслы і сімвалічны. Тэатразнавец А. Саннікаў адзначаў, што «Каліноўскі У. Куляшова нагадвае вялікую моцную птушку, якую немагчыма ні забіць, ні пасадзіць у клетку. Грамадзянскі тэмперамент акцёра, яго адчуванне паэзіі створанага У. Караткевічам вобраза Каліноўскага, здольнасць перадаць і розныя ўзроўні ацэнак, і сам рух ідэі асэнсавання свабоды асобы і свабоды народа робяць Каліноўскага – У. Куляшова цэнтрам болю і гора, мары і надзей, месіяй свабоды» (цыт. па: Літаратура і мастацтва. – 1979. – 12 студз.(№ 2). – С. 13). Праз драматургію У. Караткевіча найбольш поўна раскрыўся трагедыйны талент У. Куляшова, яго грамадзянскі тэмперамент.
Ролі У. Куляшова у рускім класічным рэпертуары адметныя арыгінальнасцю сцэнічнай трактоўкі, пераканаўчым і дакладным выкананнем. У спектаклі «Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф. Дастаеўскага (1973) акцёр сыграў князя Валкоўскага. Ён пераканаўча паказаў, што за знешняй вытанчанасцю і добрымі манерамі князя хаваецца чалавек несумленны, здатны на подласць. Пры стварэнні вобраза У. Куляшоў наблізіўся да таго зместу, які ўклаў у яго аўтар.
Спектакль Коласаўскага тэатра «ЧП – 1» і «ЧП – 2» паводле «Рэвізора» М. Гогаля (1992) абагульняе шматлікія эксперыменты над гэтай камедыяй. Пастаноўка вылучаецца арыгінальнасцю рэжысёрскай задумы. У прачытанні гогалеўскай камедыі ўжываюцца такія жанры, як трагедыя, вадэвіль, палітычная сатыра. Відовішча шчодра аздоблена фантасмагарычнымі матывамі. У парадыйным напластаванні розных стыляў, напрамкаў, плыняў не губляюцца, а наадварот, вольна існуюць акцёры-коласаўцы. На гэтым гратэскным фоне паасобку стаіць Восіп у выкананні У. Куляшова: мажны, спакойны, засяроджаны сярод усеагульнага перапалоху і мітусні. З псіхалагічнай дакладнасцю і верагоднасцю акцёр «смачна» абыгрывае падрабязнасці і дэталі. Такім чынам у выканаўчай манеры акцёраў адбываецца наўмыснае, па рэжысёрскай задумцы, злучэнне незлучальнага.
Уладзімір Куляшоў – акцёр, у якім спалучаліся і манументальнасць, і мяккая інтэлігентнасць, і пэўная тыпажнасць дзякуючы высакароднаму выгляду. Гэта дазволіла яму доўгі час быць «прэм'ерам» Коласаўскага тэатра і ствараць на яго сцэне розныя і непадобныя вобразы: Князя («Сымон-музыка» паводле Я. Коласа), Леніна («Сінія коні на чырвонай траве» М. Шатрова) і інш. Найбольш цікавыя з апошніх сыграных роляў – Павел («Хам» Э. Ажэшкі), Кэббат («Любоў пад вязамі» Ю. О'Ніла), – вобразы, у якіх У. Куляшоў канцэнтруе ўнутраную прастору, нясе філасофскую ідэю хрысціянства – цярпенне, дараванне, засяроджанасць і спакой.
Сярод сыграных роляў: Леанідзік («Мой бедны Марат» А. Арбузава), Стывен («Гарачае лета ў Берліне» паводле Д. К'юсак), Віктар («Варшаўская мелодыя» Л. Зорына), Казік («Вайна пад стрэхамі» паводле А. Адамовіча), Евель («Бацькаўшчына» К. Чорнага), Дзед, Ломцеў («Зацюканы апостал», «Таблетку пад язык» А. Макаёнка), Пан («Несцерка» В. Вольскага), Гапон Барычка («Залёты» В. Дуніна-Марцінкевіча), Просты чалавек («Энергічныя людзі» В. Шукшына), Немаўля («Шчаслівае здарэнне» С. Мрожака), Глостэр, граф Кент («Генрых VI», «Кароль Лір» У. Шэкспіра), Лейстэр («Марыя Сцюарт» Ф. Шылера) і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.