Дата рождения:
03.01.1738 Лідскі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерти:
17.03.1807
Краткая справка:
мысліцель-асветнік, прадстаўнік эклектычнага кірунку ў філасофіі эпохі Асветніцтва на Беларусі і ў Літве
Варианты имени:
Нарбут Даніла; Нарбут Даніэль
Имена на других языках:
Нарбут Данила (русский); Нарбут Казимир (русский);
2921 символ
Справка
Нарадзіўся Казімір Нарбут у маёнтку Яшнец Лідскага павета ў шляхецкай сям’і. Першапачатковую адукацыю атрымаў у піярскай школе ў Шчучыне, потым навучаўся ў Любяшоўскім навіцыяце, піярскай калегіі ў Дубровіцы (Пінскі павет), з 1759 г. – у піярскім калегіуме ў Вільні, пасля заканчэння якога адпраўляецца на вучобу ў Рым. Пасля вяртання на радзіму ў 1764 г. К. Нарбут прызначаны прафесарам і прэфектам піярскага калегіума ў Дубровіцы, пасля выкладаў у Віленскім піярскім калегіуме, быў прэфектам піярскай друкарні. З 1773 г. працаваў у Германіі і Францыі, як прыватны выхавацель. Пасля вяртання яго запрасілі да ўдзелу ў рабоце Адукацыйнай камісіі. Ён займаўся рэформай школьнага навучання на Беларусі і ў Літве, з’яўляўся адным з самых вядомых членаў “Таварыства па складанні элементарных кніг”, напісаў два раздзелы для школьнага “Статута парафіяльных школ” і настаўленне “Аб інспектаванні (візітацыі) школ”. Асветнік адстойваў думку аб неабходнасці шырокай свецкай адукацыі, сам, як член Адукацыйнай камісіі, непасрэдна займаўся рэформай школьнага навучання на Беларусі і ў Літве.
Свае першыя працы па рыторыцы, касмаграфіі, геаграфіі К. Нарбут напісаў падчас працы ў Дубровіцы. Да гэтага перыяду адносіцца і яго рукапісны трактат (курс лекцый) на лацінскай мове “Institutionis Philosophiae Ecliticae. Dombrovicae (1764–1765)”, дзе аўтар крытыкаваў сярэдневяковую схаластыку. У 1769 г. ён выдаў у Вільні падручнік “Логіка, або Навука разважання і разумнай размовы” на польскай мове, дзе выказаўся за свабоду філасофствавання, пошук ісціны і крытычныя адносіны да выказвання ўсіх мысліцеляў незалежна ад аўтарытэту. Нягледзячы на тое, што аўтар крытычна адносіўся да сваёй працы, кніга вытрымала 4 выданні (1775, 1782, 1791 і 1799). К. Нарбут аўтар кнігі “З філасофіі выбранныя думкі” (1771), якая ўяўляе сабой малую энцыклапедыю і складаецца з 96 навуковых і філасофскіх тэзісаў з прыродазнаўчых, матэматычна-астралагічных і фізічных навук.
У 1771 г. К. Нарбут пераклаў з французскай мовы на польскую кнігу “Ваенная навука прускага караля для яго генералаў”. Закранаючы ў прадмове розныя грамадскія праблемы, выказаў сваё захапленне грамадскімі мерапрыемствамі, што ажыццяўляліся ў тагачаснай Беларусі, у прыватнасці, будаўніцтвам пінскага канала, які спрыяў зносінам паміж багатымі правінцыямі, у чым бачыў вялікую карысць для грамадства.
У 1777 г. К. Нарбут быў прызначаны інспектарам школ украінска-беларуска-літоўскай піярскай правінцыі. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. ён адышоў ад грамадскага жыцця, вярнуўся на Лідчыну ў маёнтак брата Дамініка (в. Радзівонішкі), дзе і памёр.
К. Нарбут стаяў у авангардзе прадстаўнікоў эпохі Асветніцтва і адстойваў перадавыя, гуманістычныя ідэі свайго часу. Яго праца “Логіка, або Навука разважання і разумнай размовы” змяніла апарат логікі, тым самым стварыўшы прадпасылкі для далейшага развіцця навукі.