Літаратурна-мастацкая спадчына паэта, перакладчыка Міколы (Мікалая Аляксандравіча) Маляўкі вызначаецца выхаваўчай, пазнавальна-асветніцкай скіраванасцю.
Нарадзіўся ён у в. Мікалаеўшчыне Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сярэдняй школы (1958) два гады працаваў на лесанарыхтоўках у Карэліі. У 1960–1965 гг. вучыўся на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. Пасля настаўнічаў у Воранаўскім і Крупскім раёнах, служыў у Савецкай арміі, працаваў у рэдакцыі нясвіжскай раённай газеты «Чырвоны сцяг». З 1969 г. з’яўляўся старшым рэдактарам літаратурна-драматычнага вяшчання Беларускага радыё, з 1975 г. старшым рэдактарам рэспубліканскага метадычнага кабінета Міністэрства культуры БССР, з 1976 г. старшым рэдактарам Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання. У 1980–2012 гг. быў супрацоўнікам часопіса «Вясёлка».
Упершыню вершы М. Маляўкі з’явіліся ў газеце «Чырвоная змена». Першая кніга вершаў «Едуць маразы» выйшла ў 1966 г. Яна засведчыла, што ў літаратуру прыйшоў новы таленавіты і арыгінальны паэт са сваімі светабачаннем, выяўленчымі магчымасцямі. На творчым рахунку М. Маляўкі паэтычныя зборнікі «Жалеза» (1970), «Лотаць» (1973), «Круг» (1977), «Эстакада» (1982), «Дар» (1985), «Аднавякоўцы» (1988), «Ручнічок на крыжы» (1995), «Покуць» (2001), «Крыштальная галінка снегападу» (2011), «Беражыце шыпшыну» (2013) і інш. Ён закранае такія сур’ёзныя тэмы, як асоба і лёс, адданасць, вернасць пачуццю, любоў да Радзімы, каштоўнасць жыцця. Асаблівае месца ў вершах займае апісанне прыроды. Ласкавая, шчодрая, прыгожая, яна і сагравала, і вучыла любіць усё жывое на зямлі, і натхняла на паэтычную дзейнасць («Вясенні час», «Папараць-кветка», «У стэпе», «Дажджы», «Першы гром» і інш.). Найбольш хвалюючай з’яўляецца тэма вайны. Тут паэзія М. Маляўкі сфакусіравана ў мінулае, у памяць. Ён вяртаецца да цяжкіх і гераічных дзён вайны, якая апаліла самыя першыя ўражанні паэта, імкнецца асэнсаваць подзвіг народа больш глыбока і маштабна («Ля вечнага агню», «Мама, помню ўсё...», «Партызаны, партызаны» і інш.). Гэта своеасаблівы крытэрый ацэнкі сучасных з’яў. Праца ў Карэліі стала сапраўдным жыццёвым выпрабаваннем для М. Маляўкі. У сваіх вершах ён не раз звяртаўся да суровага карэльскага краю. У паэме «Эстакада» найбольш поўна і яскрава паўстае малюнак лесапавалу – з характарамі людзей, абрысамі часу і трагічнасцю людскіх лёсаў. У вершах праўдзіва адлюстроўваецца тое, што перажытае не толькі самім паэтам, а і нашымі бацькамі, старэйшымі братамі і сёстрамі. Кніга «Зімні дождж», выдадзеная ў 1991 г., і зараз актуальная. Там шмат чалавечага болю за гэту зямлю, людзей, будучыню. Паэт не можа быць спакойным, пакуль на яго вачах знішчаюцца чалавечыя каштоўнасці, дэвальвуецца сумленне, чыніцца гвалт над прыродай і чалавекам. Тэма бацькоў і дзяцей закранаецца ў вершы «Дом састарэлых». Пабудаваны ён на дыялогах, простых перамовах ссівелых жыхарак гэтага сумнага дома. Нельга застацца раўнадушным ад жудаснай праўды, што зыходзіць з вуснаў бабуль. Сваім землякам, роднаму краю прысвяціў дакументальна-мастацкую кнігу «Сядзіба, або Хата з матчынай душою» (2002), зборнік вершаў «Божы засценак» (2005), дакументальную аповесць «Ой, бярозы ды сосны…» (2006) і інш. Пераканаўча М. Маляўка праявіў сябе ў строгай форме санета, напісаўшы кнігу «Старая зямля: санеты, спавітыя дзеразой» (2005), якая была адразу заўважана літаратурнай грамадскасцю. У даволі аб’ёмным зборніку ён стварыў своеасаблівую біяграфію роднай вёскі, рэдка каго з жыхароў абышоўшы сваёй увагай. Дотык да творчай спадчыны вялікага паэта-земляка закрануў лірычную струнку ў душы М. Маляўкі. Жыццёвы і творчы шлях народнага песняра Беларусі Я. Коласа адлюстраваны ў дакументальна-мастацкай кнізе «Коласаў абярэг» (2011).
У сваёй творчасці М. Маляўка ўжо многія гады звяртаецца да дзіцячай тэматыкі. Праца ў часопісе «Вясёлка» стала для яго своеасаблівым стымулам. Дзіцячая паэзія адзначана гумарам, нацыянальнай адметнасцю, звязана з народнымі вытокамі, традыцыямі беларускага дзіцячага фальклору. Займальна, весела піша М. Маляўка пра характэрныя для дзяцей цікаўнасць, наіўнасць, непасрэднасць успрымання, фантазію малых, іх прыдумкі, здольнасць паверыць у самае неверагоднае. Імкнецца паэт пазнаёміць дзяцей з традыцыйнымі народнымі святамі, звычаямі, абрадамі беларусаў («Таўкачыкі», «Я вясну гукаю», «Каляда», «Велікоднае яечка» і інш.). Многа ў дзіцячай паэзіі М. Маляўкі займальных кароткіх вершаў-смяшынак, заклікаў, прыгаворак, лічылак, загадак, скорагаворак, забаўлянак і інш. Для маленькіх чытачоў выдадзены кнігі «Дзед і ўнучка» (1983), «Салодкі лядзяш» (1986), «Як дом будавалі» (1987), «Дзе жывуць казкі» (1994), «Папялушка» (2000), «Чароўныя пацеркі» (2006), «Мама – сонейка маё» (2009), «Вясёлка» (2012), «З вудай на вясёлцы» (2013), «Нябесны фатограф» (2016) і іншыя, якія спрыяюць выхаванню чуласці, удзячнасці, дабрыні.
Многія вершаваныя і празаічныя творы аўтара перакладзены на рускую і ўкраінскую мовы. Кампазітары К. Цесакоў, А. Казачкоў напісалі на яго вершы песні. Мікола Маляўка з’яўляецца лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова (1992), прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1997), спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2002), прэміі «Залаты Купідон» Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Лепшая кніга года» (2012).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.