Дата рождения: 23.11.1931
Дата смерти: 27.10.1985
Краткая справка: актрыса тэатра, народная артыстка Беларусі
Имена на других языках: Маркина Галина Петровна (русский);
Галіна Пятроўна Маркіна нарадзілася ў Варонежы (Расія) у акцёрскай сям'і: дачка П.А. Маркіна і В.С. Захаравай. У 1956 г. скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (педагог Д. Арлоў) і адначасова Варонежскі дзяржаўны ўніверсітэт (філалагічны факультэт). З 1956 г. працавала ў Брэсцкім абласным драматычным тэатры, з 1959 г. – у Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы, з 1961 г. – у Беларускім дзяржаўным драматычным тэатры імя Я. Коласа.
Галіна Маркіна – актрыса шырокага творчага дыяпазону, яна валодала майстэрствам пераўвасаблення, высокай акцёрскай тэхнікай. Глыбокае спасціжэнне аўтарскага стылю, эпохі, сацыяльнай прыроды вобраза дазвалялі ёй знайсці адпаведную матывіроўку паводзін, моўную інтанацыю, пластычны малюнак. Гераіні Г. Маркінай адметныя інтэлектуальнасцю, жаноцкасцю, абаяльнасцю. Вызначальнай у творчасці актрысы брэсцкага перыяду стала роля Жэнькі ў спектаклі «Фабрычнае дзяўчо» А. Валодзіна (1957). У ім упершыню выявілася яе індывідуальнасць, раскрыўся драматычны талент, тэмперамент, прафесійнае майстэрства, шчырасць. З іншых роляў актрысы ў Брэсцкім абласным драматычным тэатры вылучаюцца: Наташа («Вясёлка» М. Заруднага), Рыка («Юстына» Х. Вуаліёкі), Лэці Джэральд («Джэні Герхардт» паводле Т. Драйзера), Ксенія («Разлом» Б. Лаўранёва).
Свае лепшыя ролі Г. Маркіна сыграла ў Коласаўскім тэатры. Пэўную ўвагу гледача выклікаў спектакль «Ганарліўка» па п'есе Т. Ян (1964), у якім актрыса стварыла вобраз галоўнай гераіні Лёлькі – шчырай, наіўнай, вельмі прывабнай маладой дзяўчыны. Гэту ролю крытыка адзначала як асобную акцёрскую ўдачу выканаўцы. Значным дасягненнем коласаўцаў у 1960-я гг. стаў спектакль «Ветрык, вей!» Я. Райніса (1965), у пастаноўцы якога было шмат цікавых акцёрскіх работ. Адметным атрымаўся вобраз Заны ў выкананні Г. Маркінай. Актрыса пераканаўча раскрывала драму зняважанай дзяўчыны, яе азлобленасць, і адначасова выяўляла меру яе трагічнай віны.
Паспяховым аказаўся зварот тэатра да п'есы У. Шэкспіра «Кароль Лір» (1965). Упершыню на беларускай мове прагучаў бессмяротны твор вялікага драматурга на коласаўскай сцэне. Моцны, валявы характар дачкі Ліра Ганерыльі стварыла Г. Маркіна.
У 1967 г. на сцэне тэатра быў пастаўлены спектакль «Вайна пад стрэхамі» паводле А. Адамовіча, у якім коласаўцы выказалі свой адметны мастакоўскі погляд на праблему гераічнага ў беларускім тэатральным мастацтве. Носьбітамі аўтарскай думкі ў спектаклі былі Ганна Корзун (Г. Маркіна) і яе дзеці. Актрыса пераканаўча перадае думкі і пачуцці простай жанчыны, якая з прыходам фашыстаў жадае толькі аднаго – захаваць, выратаваць блізкіх ёй людзей. Але паступова яна знаходзіць сваё месца ў агульнанароднай барацьбе. Яе дом становіцца цэнтрам супраціўлення. Ідзе вайна пад стрэхамі, спачатку быццам непрыкметная, але ўсё больш адчувальная для акупантаў.
Раскавана і імправізацыйна іграла Г. Маркіна ў спектаклі «Клоп» У. Маякоўскага, ствараючы вобраз Эльзевіры (1968). У пастаноўцы «Варшаўская мелодыя» Л. Зорына (1968) актрыса таленавіта выканала ролю польскай спявачкі Гелены, што пашырыла камернасць сцэнічнага твора, надала яму сапраўдны драматызм. Галіну Пятроўна вабілі характары дзейсныя, моцныя, якія не пасіўна ўспрымаюць жыццё, а імкнуцца змяніць асабісты лёс. У спектаклі «Зыкавы» паводле М. Горкага (1968) актрыса стварыла моцны, валявы характар Соф'і Зыкавай, якая, па словах адной з дзеючых асоб, «раней у рэвалюцыю хадзіла». Сіла і рашучасць спалучаліся ў гераіні з жаноцкай прывабнасцю, з прагай адзінокага чалавека да асабістага шчасця.
Значны поспех прынесла тэатру пастаноўка «Улада цемры» паводле Л. Талстога (1969). Усе сцэнічныя характары вылучаліся шматпланавасцю і неадназначнасцю. Драматызмам, спасціжэннем глыбінных зрухаў таямнічай жаночай душы вылучаўся створаны Г. Маркінай вобраз Аніссі, якая шчыра прагнула шчасця. Аднак сродкі, якія яна выбрала для дасягнення мэты, антычалавечныя, антыгуманныя. Спазнаўшы жудасны жах злачынства, жанчына так нічога і не здолела змяніць у сваім жыцці. Актрыса пераконвала: зло можа нарадзіць толькі зло. Яно спусташае душу, робіць чалавека жорсткім, асуджае яго на заўсёдныя пакуты. Галіна Маркіна пераканаўча раскрыла асабістую віну Аніссі, шукаючы прычыны яе віны ў цяжкіх умовах тагачаснага жыцця.
Адметнае прачытанне знайшла на коласаўскай сцэне п'еса «Марыя Сцюарт» Ф. Шылера (1969), якая прываблівала сапраўдным гуманізмам, паэзіяй рамантыкі. Ігра Г. Маркінай вызначалася ўнутранай сілай, эмацыянальнасцю. Яе Марыя паўставала перад гледачом як высакародная, адкрытая, перакананая ў справядлівасці сваіх патрабаванняў асоба. У апошнія хвіліны жыцця яна трымае сябе з годнасцю, як і належыць каралеве.
Асаблівай паспяховасцю вызначаўся спектакль «Зацюканы апостал» А. Макаёнка (1971). Менавіта на коласаўскай сцэне гэта п'еса, прачытаная як востра публіцыстычны памфлет, атрымала найбольш глыбокае і дакладнае вытлумачэнне. Спектакль раскрываў трагедыю чалавечай асобы ў грамадстве. Акцёры М. Цішачкін і Г. Маркіна ў ролях Таты і Маці паказалі, як людзі, што самі жывуць у атмасферы хлусні і ханжаства, разбэшчваюць, псуюць, губяць душы сваіх дзяцей.
Актуальным для свайго часу быў спектакль «Трывога» паводле А. Петрашкевіча (1974). Галоўную сэнсавую нагрузку ў пастаноўцы нёс вобраз суддзі Зубрыч у трактоўцы Г. Маркінай. Актрыса выконвала ролю ў вельмі стрыманай манеры. Аднак за вонкавай стрыманасцю пастаянна адчувалася вялікая ўнутраная напружанасць, шчыры боль за людзей, непахісная рашучасць вырашыць справу па законах справядлівасці. Актрыса стварыла цэласны характар з акрэсленай грамадзянскай пазіцыяй.
У спектаклі «Матухна Кураж і яе дзеці» паводле Б. Брэхта (1976) Г. Маркіна выканала ролю галоўнай гераіні. У трактоўцы актрысы характар яе гераіні спалучаў, здавалася, несумяшчальныя супярэчнасці: душэўную чуласць і бессардэчнасць, любоў да людзей і разлік гандляркі, глыбінны народны розум і абывацельскую абмежаванасць. Гераіня Г. Маркінай выклікала спачуванне гледача, але яно шчыльна перапляталася з адмаўленнем яе фатальнай абыякавасці, бо матухна Кураж, перажыўшы трагедыю, так і не ўзнялася да разумення ісціны, не вызвалілася ад ілюзій. Прыкметнай акцёрскай работай Г. Маркінай вызначаецца роля Ранеўскай у спектаклі «Вішнёвы сад» А. Чэхава (1981).
Прыхільна быў сустрэты гледачом спектакль «Філумена Мартурана» Э. Дэ Філіпа (1983), у якім Г. Маркіна выконвала галоўную ролю. Яна разам з партнёрамі па сцэне дакладна адчула і перадала атмасферу твора, дзе выбухі гневу змяняюцца хвілінамі роспачы, пакутлівага маўчання, дзе тонкі камізм, іронія мяжуюць з драматызмам.
Галіна Маркіна – высокапрафесійная, інтэлектуальная актрыса класічнага тыпу. Яе выканаўчай манеры былі ўласцівы аналітычная паглыбленасць, пранікненне ў таямніцы жаночай душы. Характары, створаныя ёю на коласаўскай сцэне, самі па сабе былі цэлым сусветам, а сама актрыса заўсёды з'яўлялася цэнтральнай фігурай сцэнічнай кампазіцыі дзякуючы яркай акцёрскай індывідуальнасці. У 1976 г. актрысе было прысвоена ганаровае званне «Народная артыстка БССР».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.