Развіццё беларускай савецкай архітэктуры цесна звязана з імем Георгія Арцёмавіча Парсаданава, які стаяў ля вытокаў яе стварэння і ўнёс значны ўклад у яе развіццё і станаўленне.
Нарадзіўся ён у г. Арджанікідзэ (цяпер г. Уладзікаўказ, Паўночная Асеція – Аланія). Закончыў школу-дзевяцігодку з будаўнічым ухілам, першы курс тэхікума ў родным горадзе. У 1937 г. атрымаў дыплом па спецыяльнасці “праектаванне гарадоў і населеных месцаў” у Ленінградскім інжынерна-будаўнічым інстытуце і прыехаў у Мінск. З гэтага часу многія гады яго творчай дзейнасці звязаны з інстытутам “Белдзяржпраект” (цяпер РУП “Інстытут Белдзяржпраект”). У перыяд з 1937 па 1941 г. архітэктар працаваў над генеральнымі планамі Рэчыцы (1937–1939, у суаўтарстве) і Слуцка (1937–1940), рабіў планіроўку раёна Лупалава і жылога квартала шаўковай фабрыкі ў Магілёве, праектаваў і будаваў ваенныя аэрадромы.
У першы дзень Вялікай Айчыннай вайны Г.А. Парсаданаў добраахвотна ўступіў у рады чырвонаармейцаў. Будаваў масты і пераправы, удзельнічаў у баях пад Масквой, Сталінградам, Харкавам, вызваляў Румынію, Балгарыю, Венгрыю, Аўстрыю, Югаславію, быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі.
У жніўні 1945 г. Г.А. Парсаданаў вярнуўся ў Мінск і актыўна ўключыўся ў работу. У верасні 1945 г. ён удзельнічаў у распрацоўцы генеральнага плана аднаўлення і развіцця беларускай сталіцы. Пры непасрэдным удзеле архітэктара ў 1940–1950-х гг. дапрацоўваліся генеральныя планы Рэчыцы, Слуцка, Магілёва, распрацоўваліся праекты забудовы жылых раёнаў аўтамабільнага, падшыпнікавага заводаў, камвольнага камбіната Мінска (усе ў суаўтарстве), генеральныя планы жылых пасёлкаў Мозырскага нафтаперапрацоўчага завода і Старобінскага калійнага камбіната. У 1956 г. творчы калектыў архітэктараў пад кіраўніцтвам Г.А. Парсаданава прымаў удзел у конкурсе на праект забудовы эксперыментальна-паказальнага мікрараёна па вуліцах Талбухіна – Валгаградскай у Мінску. Праект атрымаў першую прэмію і быў ажыццёўлены ў 1965 г. Шмат творчай энергіі Георгій Парсаданаў аддае праектаванню новага горада Салігорска, распрацоўваючы яго генеральны план, праекты забудовы першых мікрараёнаў (1958, 1971, у суаўтарстве).
Як сцвярджаюць спецыялісты, у творчасці Г.А. Парсаданава на працягу многіх гадоў адной з галоўных тэм была арганізацыя ландшафта і азелянення. У 1950-я гг. ён распрацоўвае праект Цэнтральнага парку культуры і адпачынку ў Магілёве, працуе над пытаннямі арганізацыі адпачынку мінчан у прыбярэжнай зоне Заслаўскага вадасховішча. За стварэнне гэтага праекта ў 1961 г. Г.А. Парсаданаў быў узнагароджаны вялікім залатым медалём ВДНГ. З 1972 г. (па некаторых крыніцах – 1973 г.) ён узначальваў архітэктурна-планіровачную майстэрню № 5 Мінскага філіяла Цэнтральнага навукова-даследчага і праектнага інстытута горадабудаўніцтва, якая спецыялізавалася на арганізацыі адпачынку і ландшафтным праектаванні. Разам з калектывам архітэктараў праектаваў забудову курортнай зоны возера Нарач (1966, 1974–1975), распрацоўваў генеральную схему развіцця і размяшчэння зон адпачынку ў БССР, перспектыўную схему развіцця турызму ў БССР.
Адначасова з інтэнсіўнай творчай дзейнасцю Г.А. Парсаданаў праводзіў значную грамадскую работу. У 1949 г. увайшоў у склад праўлення Саюза архітэктараў Беларускай ССР, а ў 1955–1958 гг. з’яўляўся яго старшынёй. У 1962–1972 гг. Г.А. Парсаданаў узначальваў Упраўленне па справах будаўніцтва і архітэктуры Мінскага аблвыканкама. Шмат часу Георгій Арцёмавіч прысвячаў рабоце з маладымі архітэктарамі. Многія яго вучні сталі высокакваліфікаванымі спецыялістамі ў галіне горадабудаўніцтва, аўтарамі буйных праектаў.
У 1969 г. за актыўны ўдзел і поспехі ў развіцці беларускай архітэктуры Георгію Арцёмавічу Парсаданаву было прысвоена званне “Заслужаны архітэктар Беларускай ССР”. Праца архітэктара была адзначана Ганаровымі граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР (1954, 1961, 1969), ордэнам “Знак Пашаны” (1960).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.