Іван Паўлавіч Сайкоў нарадзіўся ў Гомелі, творчую дзейнасць пачаў у мастацкай самадзейнасці. З 1938 г. вучыўся ў харавой студыі пры Дзяржаўным тэатры оперы і балета БССР. Пасля яе заканчэння працаваў у беларускіх тэатрах музычнай камедыі. У гады Вялікай Айчыннай вайны быў ўдзельнікам франтавых канцэртных брыгад. У 1949–1956 гг. І. Сайкоў з’яўляўся салістам Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР. З 1956 г. працаваў у Саратаўскім оперным тэатры. У пасляваенны перыяд цікавасць тэатра да народнага жыцця, імкненне стварыць на сцэне жыццясцвярджальны, самабытны, у яркіх жанрава-бытавых фарбах калектыўны мастацкі вобраз былі натуральнымі. На змену народнаму гору, разбурэнням прыходзілі першыя радасці мірнага жыцця. У сувязі з гэтым зварот тэатра да опер з ярка выяўленым жанрава-бытавым пачаткам быў правамерным, бо дазваляў рабіць спектаклі аптымістычнага гучання. Найбольш паказальнай у гэтых адносінах стала опера «Прададзеная нявеста» Б. Сметаны, пастаўленая ў 1949 г. Яна атрымалася высокапрафесійнай і адрознівалася дынамікай вакальна-аркестравага развіцця, дакладнасцю ансамбля, выразным гучаннем рэчытатываў і сольных эпізодаў. Сярод вакальна-акцёрскіх работ у гэтым спектаклі вылучаліся партыі Енака і Мажэнкі. У выкананні спевакоў І. Сайкова і А. Барсуковай яны гучалі свежа, эмацыянальна, знаходзілі жывы водгук у гледача. У 1949 г. на сцэне тэатра была пастаўлена опера «Чаравічкі» П. Чайкоўскага. У прачытанні твора стрыжань рэжысёрскага вырашэння склалі масавыя ігры, абрады, бытавыя эпізоды, якія ў сакавітых і фальклорных фарбах раскрывалі паэтычныя народныя вобразы. Яркія жанрава-бытавыя рысы твора былі перададзены шэрагам салістаў, у тым ліку І. Сайковым, які каларытна выканаў партыю Вакулы. Шырокі грамадскі рэзананс у краіне мела пастаноўка спектакля «Іван Сусанін» М. Глінкі (1950), у якой артыст з высокім вакальна-акцёрскім майстэрствам сыграў ролю Сабініна.
У рэчышчы агульных творчых прынцыпаў савецкага тэатра 1950-х гг. была пастаўлена опера ўкраінскага кампазітара Ю. Мейтуса «Маладая гвардыя» (1954). У партыі Алега Кашавога І. Сайкоў лаканічнымі, знешне скупымі сродкамі, без пафасу і дэкларацыйнасці рознабакова раскрыў характар, падкрэсліў героіка-патрыятычныя рысы героя. Яго заключная, кульмінацыйная арыя прыцягнула гледачоў шчырасцю выканання, што ўзмацняла трагедыйны эфект сцэнічнай сітуацыі, узнімала вобраз да сапраўднай драматычнай глыбіні. Разам з гэтым спеваку ў поўнай меры ўдаліся і лірычныя сцэны. Натуральна і шчыра гучалі ў выкананні І. Сайкова вакальна-меладычныя эпізоды партыі, звязаныя з раскрыццём пачуццяў героя да маці, да Ульяны Громавай.
Найбольш значнай пастаноўкай тэатра ў сярэдзіне 1950-х гг. з'явіўся спектакль «Барыс Гадуноў» М. Мусаргскага (1954). Гэты шэдэўр рускай класікі быў пастаўлены ў традыцыйнай для савецкай сцэны трактоўцы як маштабнае сцэнічнае палатно высокага сацыяльнага і маральнага гучання. Спектакль адзначаўся дакладнай распрацоўкай характараў дзеючых асоб. Іван Сайкоў з поспехам выканаў ролю Самазванца. Ён імкнуўся індывідуалізаваць характар свайго персанажу, правільна і глыбока перадаць кампазітарскую задуму.
Сярод іншых партый артыста: Сяргей («Дзяўчына з Палесся» Я. Цікоцкага), Герман, Вадэмон, Андрэй («Пікавая дама», «Іаланта», «Мазэпа» П. Чайкоўскага), Хазэ («Кармэн» Ж. Бізэ), Радамес («Аіда» Д. Вердзі), Каварадосі («Тоска» Д. Пучыні) і інш.
Іван Паўлавіч Сайкоў валодаў выразным голасам шырокага дыяпазону, вялікім драматычным тэмпераментам, глыбокім адчуваннем характару вобраза. На беларускай сцэне ён выконваў галоўныя драматычныя партыі класічнага і сучаснага рэпертуару. У 1955 г. І. Сайкову было прысвоена ганаровае званне народнага артыста БССР.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.