Дата рождения:
13.05.1941 Ордаць, в., Шклоўскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
21.03.1970 Мінск, г.
Краткая справка:
паэт, аўтар вершаў, паэм, вянкоў санетаў
Имена на других языках:
Sierbantowicz Anatol (польский); Сербантович Анатолий Станиславович (русский);
4295 символов
Справка
Канец 50-х – 60-я гг. ХХ ст. – гэта своеасаблівы перыяд, адзначаны вялікімі пераменамі ў грамадскім і культурным жыцці, які прынёс у літаратурны працэс прагу абнаўлення, свабоды, павышаную грамадзянскасць, бескампраміснасць. Адзначаныя асаблівасці ляглі ў аснову творчасці плеяды маладых літаратараў, пакалення, якое прынята называць “філалагічным” ці “шасцідзясятнікамі”. Яскравы і адмысловы прадстаўнік гэтага пакалення паэт Анатоль Сербантовіч.
Нарадзіўся Анатоль Станіслававіч Сербантовіч у вёсцы Ордаць Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і настаўніка. Ён быў выратаваны маці, якую разам з калонай савецкіх людзей фашысты гналі за лінію фронту, на захад. Нейкім цудам жанчына з немаўляткам на руках уратавалася, выжыла. Як і ўсе дзеці вайны, Анатоль прайшоў нялёгкія жыццёвыя выпрабаванні: былі і нясцерпныя фізічныя пакуты, і адчуванне хуткацечнасці і стратнасці чалавечага жыцця. Паступова ў свядомасці будучага паэта складваўся вобраз жыцця як вялізнага міннага поля, гатовага выбухнуць у кожнае імгненне.
Пісаць А. Сербантовіч пачаў яшчэ ў школе. Вершы юнага паэта, у асноўным байкі і сатыркі на злобу калгаснага жыцця, разам са шматлікімі заметкамі і фельетонамі друкаваліся ў шклоўскай раённай газеце “Чырвоны барацьбіт”. Менавіта тады і акрэслілася думка – пасля заканчэння школы паступаць ва ўніверсітэт, а галоўнай справай жыцця выбраць паэзію. Аднак адразу пасля заканчэння школы вучыцца ва ўніверсітэце Анатолю не давялося: за некалькі месяцаў да ўступных экзаменаў трапіў у бальніцу з цяжкай траўмай галавы. Неаднойчы потым прыйшлося яму пакутаваць ад гэтай невылечнай траўмы, перапыняць важную працу і звяртацца за дапамогай да дактароў. Паспяховае паступленне ў 1960 г. на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прымусіла маладога паэта зірнуць на свае паэтычныя спробы больш уважліва і патрабавальна – так пачаліся сур’ёзныя заняткі мастацкай літаратурай. Мінула нямнога часу, і вершы А. Сербантовіча ўсё часцей пачалі з’яўляцца на старонках перыядычнага друку. Некаторы час ён працаваў у дзіцячых перыядычных выданнях “Бярозка” і “Піянер Беларусі”, потым друкаваўся ў “Маладосці” і “Полымі”. Паступова ў А. Сербантовіча выкрышталізаваўся свой паэтычны почырк, уласцівы толькі яму аднаму. Паэзію шукаў і знаходзіў усюды, здавалася б у самым будзённым. Уражлівае вока заўважала яе ў звычайнай працы грузчыка, кірмашовым гомане, простым дзявочым імені вагоннай правадніцы. Пісаў А. Сербантовіч пераважна пра родныя мясціны, жыццё і памкненні аднавяскоўцаў. Увогуле, уражанні дзяцінства пры іх далейшым пераасэнсаванні шмат чаго далі творчасці паэта. Вельмі захапляла А. Сербантовіча родная прырода, яе фарбы і гукі. У кожным яго творы ёсць роздум чалавека заклапочанага і засяроджанага, свае адносіны да жыцця і яго праяў. Як прыгадваюць родныя і блізкія паэта, А. Сербантовіч быў бескампрамісным, адкрытым і шчырым. За праўду змагаўся да канца, не глядзеў пры гэтым на аўтарытэты, не падладжваўся і не дагаджаў. Таму і яго творам уласціва смеласць думкі, непрымірымасць, нейкая задзірыстасць.
Спадчыну А. Сербантовіча складаюць чатыры зборнікі лірыкі: “Азбука” (1966) і “Міннае поле” (1968) выйшлі яшчэ пры жыцці паэта, “Пярсцёнак” (1971) і “Жаваранак у зеніце” (1989) убачылі свет ужо пасля яго смерці. У іх сабраны цудоўныя, надзвычай вобразныя вершы, у якіх паэт абрушвае на чытача свае глыбокія перажыванні. Вершы, паэмы, вянкі санетаў – на ўсё знаходзіў час А. Сербантовіч. У творах, насычаных яркімі рамантычнымі вобразамі, часта разважаў на вечныя тэмы жыцця і смерці, спакою і хвалявання, шчасця і бяды, пакорлівасці і пратэсту. Яго спадчына застаецца глыбокай крыніцай пазнання чалавека.
Для таленту А. Сербантовіча толькі надыходзіла шчаслівая пара росквіту. Паэт, якому яшчэ не споўнілася і трыццаці, чакаў выхаду сваёй трэцяй кнігі. У ёй павінен быў сказаць нешта важкае і значнае, сказаць па-свойму шчыра, вобразна і пераканаўча. Гэтай кнізе А. Сербантовіч даў назву “Пярсцёнак”. Пісалася і наступная, але ўсе планы і задумы, якіх было так многа, перакрэсліла заўчасная смерць. Анатоль Сербантовіч – творца таемны, найбольш вядомы сярод саміх паэтаў. Жыццё яго было імгненным, як росчырк каметы, але след яе застаўся на зямлі і ў сэрцах чытачоў!