Дата рождения:
27.05.1871 Кульшычы, в., Слаўгарадскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
21.01.1943
Краткая справка:
этнограф, фалькларыст, археолаг, які вывучаў побыт, матэрыяльную культуру, вусна-паэтычную і музычную творчасць беларускага народа, першым з беларускіх этнографаў стварыў фотатэку, правадзейны член Інбелкульта
Имена на других языках:
Сербов Исаак Авраамович (русский);
4172 символа
Справка
Імя Ісака Абрамавіча Сербава займае пачэснае месца ў гісторыі беларускай навукі. Вучоны вялікай эрудыцыі, ён пакінуў пасля сябе невялікую, але каштоўную спадчыну.
Нарадзіўся ён 27 мая 1871 г. у в. Кульшычы Слаўгарадскага раёна. У 1892 г. скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю, у 1901 г. – Маскоўскі археалагічны інстытут. Працаваў сельскім настаўнікам, пазней выкладчыкам у навучальных установах Мінска і Гомеля і ўвесь час прыглядаўся да жыцця і побыту простых людзей, да іх звычаяў, прыслухоўваўся да народных песень і казак.
У 1910 г. пачало дзейнічаць Паўночна-Заходняе аддзяленне Рускага геаграфічнага таварыства. І. Сербаў стаў адным з першых яго членаў. У 1911–1912 гг. ім быў праведзены шэраг экспедыцый на поўдзень Беларусі. Сабраныя матэрыялы і назіранні даследчык абагульніў у працы "Паездкі па Палессі 1911 і 1912 гг." (1914). Першая частка працы ("Па Дрыгавіцкай вобласці ўлетку 1911 г.") уяўляе сабой своеасаблівую справаздачу І. А. Сербава аб паездцы па Беларусі і змяшчае асноўныя рысы быту палешукоў-дрыгавічоў: звесткі аб здароўі, адзенні, сялянскім двары, хаце, мэблі, посудзе і інш. Амаль зусім не закрануў даследчык духоўнае жыццё дрыгавічоў, толькі назваў асноўныя абрады: хрэсьбіны, вяселле, дзяды і інш. Другая частка працы ("Па Дрыгавіцкай вобласці ўлетку 1912 г.") адлюстроўвае багаты фальклорна-этнаграфічны матэрыял, дае кароткую характарыстыку быту насельніцтва, закранае асобныя рысы грамадскага быту жыхароў Палесся, адносіны сялян да цэрквы і рэлігіі.
У 1915 г. Ісак Сербаў выдаў больш грунтоўны этнаграфічны нарыс "Беларусы-сакуны", у якім зрабіў шырокі агляд палескіх дыялектаў, змясціў апісанні сялянскіх сядзіб, забудоў, адзення, абутку, гаспадарчых прыладаў, а таксама 37 песень з нотамі (калядныя, веснавыя, велікодныя, валачобныя, траецкія, жніўныя, пазаабрадавыя), некалькі казак і паданняў.
Асабліва шырока разгарнулася навуковая і педагагічная дзейнасць І. Сербава пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Ісак Абрамавіч працаваў у органах народнай асветы на пасадзе загадчыка Магілёўскага губернскага аддзела народнай асветы, у Надзвычайнай камісіі па ліквідацыі непісьменнасці і іншых установах. У 1922 г. даследчык становіцца правадзейным сябрам Інбелкульта, адначасова працуе выкладчыкам і загадчыкам кафедры этнаграфіі БДУ. Пасля стварэння Акадэміі навук БССР І. Сербаў працаваў там на кафедры этнаграфіі і фальклору. У 1934 г. за навуковыя працы яму без абароны дысертацыі была прысуджана вучоная ступень кандыдата навук.
1920–1930-я гг. былі для вучонага часам вялікага творчага ўздыму. Ён займаецца этнаграфіяй, археалогіяй, аховай старажытных помнікаў, а найбольш – матэрыяльнай культурай беларусаў. Бадай, самай капітальнай працай у этнаграфічнай літаратуры даваеннага часу стала праца І. А. Сербава "Вічынскія паляне" (1928). Найкаштоўная частка кнігі – ілюстрацыйны матэрыял, фатаграфіі, зробленыя з натуры самім аўтарам даследавання.
Побач з вывучэннем матэрыяльнага і вытворчага быту вучоны даследаваў народнае мастацтва. Ён падрыхтаваў да друку ўнікальную, багата ілюстраваную ўласнымі малюнкамі і фотаздымкамі манаграфію аб беларускім народным адзенні, галаўных уборах і прычосках "Беларускае народнае мастацтва". Друкаванне першага тома было пачата перад вайной, аднак убачыў свет ён толькі ў 1951 г. У яго ўвайшлі ўзоры беларускага народнага ткацтва, дываноў, вышывання, вязання і набойкі. Другі том павінны былі скласці ўзоры народнага мастацтва па дрэве, метале, гліне, скуры, рогу і косці. Аднак, на жаль, гэтыя матэрыялы загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны, як і іншыя запісы даследчыка.
Першым у беларускай этнаграфіі І. А. Сербаў шырока займаўся фатаграфаваннем падчас экспедыцый. Ён зрабіў каля 5000 фотаздымкаў, з якіх у сваіх кнігах апублікаваў толькі 44. Пазней у архіве Вільнюскага дзяржаўнага ўніверсітэта былі знойдзены 450 здымкаў. Значэнне іх цяжка пераацаніць. Гэта найкаштоўнейшы і найцікавейшы іканаграфічны матэрыял аб жыцці і побыце беларускіх сялян у першым дзесяцігоддзі ХХ ст.
Памёр Ісак Абрамавіч 21 студзеня 1943 г. у Тамбове, куды эвакуіраваўся ў пачатку вайны.
Матэрыял падрыхтаваны ў 1996 г., актуалізаваны ў 2011 г.