Дата рождения:
23.11.1871 Леніна, в., Слуцкі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
10.11.1938
Краткая справка:
харавы дырыжор, кампазітар, фалькларыст, стваральнік аднаго з першых беларускіх харавых калектываў (1914), аўтар музыкі да спектакляў, песень і рамансаў на словы Я. Купалы, Я. Коласа, З. Бядулі і інш., збіральнік, апрацоўшчык і папулярызатар беларускіх народных песень
Варианты имени:
Цераўскі Уладзімір Васілевіч; Цяраўскі Уладзімір Васілевіч
Имена на других языках:
Теравский Владимир Васильевич (русский); Терравский Владимир Васильевич (русский);
3625 символов
Справка
Уладзімір Васільевіч Тэраўскі ўвайшоў у гісторыю беларускай культуры як адзін са стваральнікаў нацыянальнай музычнай школы.
Нарадзіўся ён у сям’і праваслаўнага свяшчэнніка, кіраўніка прыходскага царкоўнага хору ў мястэчку Раманава Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер аграгарадок Леніна Слуцкага раёна Мінскай вобласці). Здольнасці да музыкі праявіў яшчэ ў дзяцінстве. Аднак атрымаць прафесійную музычную адукацыю яму не ўдалося, а ўсе неабходныя веды прыйшлося набываць самастойна. У час вучобы ў Слуцкім духоўным вучылішчы і Мінскай епархіяльнай семінарыі ён спрабаваў дырыжыраваць харамі аматарскіх і школьных самадзейных калектываў. Пасля службы ў арміі працаваў на Лібава-Роменскай чыгунцы, служыў рэгентам у царкве, кіраваў харамі рабочых на Білімбаеўскім і Шайтанскім чыгуначных заводах графа Строганава на Урале. У другой палове 1890-х гг. некаторы час спяваў у капэле вядомага расійскага дырыжора Д.А. Агрэнёва-Славянскага.
З 1901 г. У.В. Тэраўскі працаваў у Мінску: быў настаўнікам спеваў і хормайстрам народных вучылішчаў, псаломшчыкам Мінскага кафедральнага сабора ў імя Святых апосталаў Пятра і Паўла і царквы Святой Марыі Магдаліны, памочнікам рэгента архірэйскага хору (1904–1914). У гэты ж перыяд пачаў актыўна прапагандаваць нацыянальную музыкальную культуру. У ліпені 1914 г. са сваіх навучэнцаў і служачых Мінска ён арганізаваў адзін з першых беларускіх харавых калектываў, які з 1917 г. рэарганізаваны ў Беларускі народны хор. Удзельнічаў з ім у дабрачынных канцэртах, арганізацыі вечарынак у клубе творчай інтэлігенцыі «Беларуская хатка».
У далейшым разам з хорам У.В. Тэраўскі працаваў у складзе Першага Беларускага таварыства драмы і камедыі (1917), Беларускага савецкага тэатра (1918–1919), Беларускага дзяржаўнага тэатра (1920–1930). Удзельнічаў у спектаклях, загадваў музычнай часткай, быў галоўным хормайстрам. Ён стварыў музыку да тэатральных пастановак «Бязвінная кроў» У. Галубка (1918), «На Купалле» М. Чарота (1921), «Машэка» і «Кастусь Каліноўскі» (1923), «Каваль-ваявода» (1925) Е. Міровіча і інш. Значную частку рэпертуару яго хору складалі беларускія народныя песні, якія запісваў і гарманізаваў музыкант. У асабістым зборы кампазітара налічвалася больш за 500 беларускіх народных песень, частка якіх была апублікавана ў падрыхтаваных У.В. Тэраўскім зборніках «Беларускі спеўнік з нотамі на тры галасы паводле народных мелодый» (1921), «Беларускі лірнік: спеўнік на чатыры галасы» (1922), «Вайсковы зборнік» (1926). Напісаў таксама песні і рамансы на словы Я. Купалы, Я. Коласа, З. Бядулі, М. Чарота і інш. Адначасова У.В. Тэраўскі займаўся выкладчыцкай дзейнасцю ў Мінскім педагагічным інстытуце, супрацоўнічаў з трупай Ф. Аляхновіча «Беларускі народны тэатр», удзельнічаў у рабоце музычнай секцыі Інбелкульта, кіраваў хорам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У 1930-х гг. В.У. Тэраўскі быў звольнены з працы ў тэатры, усе створаныя ім харавыя калектывы расфарміраваны. Некаторы час Уладзімір Васільевіч служыў псаломшчыкам у царкоўных харах Мінска. Арыштаваны органамі НКУС БССР 17 жніўня (па іншых звестках 17 верасня) 1938 г. па беспадстаўным абвінавачванні як «агент польскай разведкі» і 10 лістапада гэтага ж года расстраляны. Дзейнасць кампазітара, яго творчасць, складзеныя ім унікальныя зборнікі сталі недаступныя для музыкантаў і выканаўцаў. І толькі ў 1957 г., дзякуючы намаганням народнага артыста БССР кампазітара М.І. Аладава і народнага артыста БССР і СССР акцёра Б.В. Платонава, стваральнік знакамітага Беларускага хору У.В. Тэраўскі быў рэабілітаваны і заняў пачэснае месца ў шэрагу выдатных прадстаўнікоў айчыннай музычнай культуры.