Дата рождения: 10.03.1933
Дата смерти: 04.04.2022
Краткая справка: крытык, літаратуразнавец, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя І. Мележа (1984)
Имена на других языках: Андреюк Серафим Антонович (русский);
Імя Серафіма Антонавіча Андраюка – вядомага літаратурнага крытыка, сур’ёзнага даследчыка айчыннай літаратуры і апантанага кнігалюба – шырока вядома ў Беларусі. Ён з кагорты тых крытыкаў і літаратуразнаўцаў, хто па-сапраўднаму захоплены літаратурай.
Нарадзіўся С. Андраюк на Беласточчыне (вёска Градзялі), якая ў той час належала Польшчы. У 1939 г. пайшоў у школу, разам з сям’ёй і аднавяскоўцамі перажыў жахі вайны. У 1945 г., калі родная вёска зноў адышла да Польшчы, разам з бацькамі пераехаў у Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці БССР. У 1952 г. скончыў сярэднюю школу ў гарадскім пасёлку Мір і паступіў на філалагічны факультэт БДУ. Пасля атрымання дыплома пяць гадоў працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Крываносаўскай сярэдняй школе Старадарожскага раёна. У 1962 г. С. Андраюк паступіў у аспірантуру Інстытута літаратуры імя Я. Купалы АН БССР, у 1966 г. абараніў дысертацыю на званне кандыдата філалагічных навук, стаў навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры. Пятнаццаць гадоў жыцця працаваў у гэтай установе, прайшоў шлях ад малодшага да галоўнага навуковага супрацоўніка, займаўся даследаваннем стылю І. Мележа, яго сувязей з рускай класічнай літаратурай, вывучаў традыцыі і наватарства ў беларускай прозе. На пачатку 1980-х гг. прыйшоў у выдавецтва «Мастацкая літаратура», дзе на працягу трынаццаці гадоў займаў пасаду галоўнага рэдактара, а пасля стаў дырэктарам. Дзякуючы намаганням С. Андраюка і творчага калектыву выдавецтва (тут працавалі Р. Барадулін, Б. Сачанка, В. Палтаран, А. Разанаў, М. Мятліцкі, В. Хомчанка, У. Арлоў і інш.) прадпрыемства з’яўлялася адным з вядучых выдавецтваў рэспублікі: штогод тут друкавалася каля 170 найменняў кніг паэзіі, прозы, крытыкі і перакладаў. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак С. Андраюк працуе ў Інстытуце літаратуры НАН Беларусі, займаецца вывучэннем і асэнсаваннем творчасці В. Гігевіча, М. Лупсякова, М. Лобана, дапамагае маладым творцам.
Любоў і пашана да кнігі, цяга да літаратуры была ў С. Андраюка яшчэ з дзяцінства: ён чытаў усё, што траплялася ў рукі – газеты, часопісы, кнігі на беларускай, рускай і польскай мовах. У час працы настаўнікам заўважыў недахопы падручнікаў, хрэстаматый і даведнікаў па літаратуры і ў 1960 г. ён апублікаваў у газеце «Літаратура і мастацтва» пісьмо «Каму верыць?», дзе выкрываў памылкі ў даведніку па літаратуры. У наступным лісце «У хрэстаматыю – творы хрэстаматыйныя» (верасень 1961) прадоўжыў распачатую размову. Неабыявакавасць маладога педагога, яго літаратурныя здольнасці заўважылі вядомы мовазнаўца Ф. Янкоўскі, крытык і літаратуразнаўца Ю. Пшыркоў. Яны і параілі С. Андраюку не губляць сувязяў з навукай і літаратурай.
У сярэдзіне 1960-х гг. публікацыі маладога літаратуразнаўцы пачалі з’яўляцца ў рэспубліканскім і ўсесаюзным друку. Першая кніга С. Андраюка «Жыццё. Літаратура. Героі» (1973) вызначылася высокім узроўнем літаратурнага аналізу і засведчыла, што ў беларускую крытыку прыйшоў цікавы і творчы чалавек. Галоўным напрамкам даследчыцка-аналітычнай і літаратурна-крытычнай дзейнасці даследчыка з’яўляляецца вывучэнне сучаснага стану беларускай прозы. Проза для яго – найбольш універсальны від літаратурнай творчасці, здольны сказаць галоўнае аб чалавеку. Серафім Андраюк – аўтар кніг літаратурна-крытычных артыкулаў «Вывяраючы жыццём» (1976), «Традыцыі і сучаснасць» (1981), «Жыць чалавекам» (1983, Літаратурная прэмія імя І. Мележа), «А жыццё – вышэй за ўсё» (1992), «Пісьменнікі. Кнігі» (1997). У яго працах паядноўваюцца прыкметы ўсіх асноўных галін літаратуразнаўства: гісторыі літаратуры, тэорыі літаратуры і літаратурнай крытыкі, побач з апісаннем фактаў літаратурнага жыцця заўсёды ідзе абагульненне, разгортваецца аўтарская думка, пазначаюцца асноўныя крытэрыі асэнсавання літаратурнага працэсу. Вучоны прымаў актыўны ўдзел у працы над калектыўнымі манаграфіямі «Стыль пісьменніка» (1974), «История белорусской советской литературы» (1977), «Сучасная літаратура: каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку» (2008), шматтомнай «Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя» (1999–2014). На пачатку ХХІ ст. даследчык працягвае плённа працаваць – прымае ўдзел у навукова-тэарэтычных канферэнцыях, актыўна друкуецца.
Адной з самых грунтоўных прац даследчыка з’ўляецца кніга аб творчасці І. Пташнікава «Чалавек на зямлі» (1988). Аўтар імкнуўся заглыбіцца ў мастацкі свет гэтага самабытнага празаіка, выявіць сутнасць яго творчай манеры, паказаць этапы станаўлення яго таленту. Шэраг літаратурна-крытычных артыкулаў С. Андраюк прысвяціў даследаванню творчасці пісьменнікаў даваеннага і пасляваеннага пакалення: М. Лынькова, Я. Скрыгана, М. Лобана, І. Мележа, І. Шамякіна, Я. Брыля, М. Лупсякова, Б. Сачанкі, І. Чыгрынава, П. Місько; уважліва сачыў за творчымі пошукамі маладых празаікаў: А. Жука, Г. Далідовіча, Л. Калодзежнага, В. Гігевіча. Не засталася па-за ўвагай вучонага праца літаратурных даследчыкаў У. Юрэвіча, Ю. Пшыркова, А. Адамовіча, Ф. Куляшова, А. Матрунёнка. Для прац С. Андраюка характэрна плённая спалучанасць аналітычнага разгляду значнага літаратурнага матэрыялу з тэарэтычнымі развагамі, з роздумам над прыродай слоўнага мастацтва.
Серафім Андраюк – выбітны крытык і літаратуразнаўца – унёс вялікі ўклад у развіццё сучаснай літаратуразнаўчай навукі і літаратурнай крытыкі. Яго працы сталі важкім укладам у беларускае тэарэтычнае літаратуразнаўства: вучоны абгрунтаваў канцэптуальныя палажэнні тэорыі літаратурнага стылю як выражэння цэласнасці мастацкага свету літаратурнага твора, сфармуляваў тэарэтычныя асновы паняцця мастацкага свету пісьменніка. Серафім Антонавіч Андраюк узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, мае ганаровае званне “Заслужаны работнік культуры Беларусі” (1994).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.