Дата рождения:
10.07.1913 Верхнядзвінск, г., Віцебская вобласць
Дата смерти:
04.03.1976
Краткая справка:
мовазнавец, аўтар прац па дыялекталогіі і гісторыі беларускай мовы, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1971)
Имена на других языках:
Войтович Нина Трофимовна (русский);
2769 символов
Справка
Гісторыя беларускага мовазнаўства складаецца з набыткаў многіх тысяч даследчыкаў. Адным з іх з'яўляецца Ніна Трафімаўна Вайтовіч.
Яна нарадзілася ў мястэчку Дрыса (цяпер г. Верхнядзвінск Віцебскай вобласці) у сям'і настаўнікаў. У 1927 г. скончыла сямігодку і паступіла ў Полацкі педагагічны тэхнікум. Выкладала беларускую мову і літаратуру ў школах Лепельскага і Чашніцкага раёнаў. З 1933 па 1937 г. Н.Т. Вайтовіч вучылася на літаратурным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага. Пасля заканчэння інстытута працавала ў Мінскім педвучылішчы, паступіла ў аспірантуру. Вучобу сумяшчала з работай на вячэрнім і завочным аддзяленнях Мінскага педагагічнага інстытута.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Ніна Трафімаўна Вайтовіч эвакуіравалася на Усход. Працавала культработнікам у адным з ваенных шпіталяў, з’яшлялася палітрэдактарам аблліта, узначальвала палітычны аддзел пры Арэнбуржскім абласным радыёкамітэце. У кастрычніку 1943 г. атрымала прызначэнне ва Упраўленне пачатковых і сярэдніх школ Народнага камісарыята асветы БССР (Масква). У гэты час напісала падручнік па беларускай літаратуры для шостага класа сярэдняй школы, за які была ўзнагароджана нагрудным знакам «Выдатнік народнай асветы». Пасля заканчэння вайны Н.Т. Вайтовіч працягвала навучанне ў аспірантуры пры Маскоўскім дзяржаўным універсітэце імя М.В. Ламаносава, працавала над кандыдацкай дысертацыяй «Аб мове Баркалабаўскага летапісу» (абараніла ў 1947 г.). Наступныя гады былі прысвечаны выкладчыцкай дзейнасці ў Мінскім педагагічным інстытуце імя А.М. Горкага. З 1956 г. з’яўлялася старэйшым навуковым супрацоўнікам сектара дыялекталогіі Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР.
За час навукова-педагагічнай дзейнасці Н.Т. Вайтовіч напісала і апублікавала каля 60 навуковых і метадычных работ па актуальных пытаннях беларускага мовазнаўства. Пачынаючы з 1960 г. займалася збіраннем матэрыялаў для Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа. Вынікам шматгадовых пошукаў у галіне дыялектнай фанетыкі з'явілася манаграфія «Ненаціскны вакалізм народных гаворак Беларусі». За гэта даследаванне Ніне Трафімаўне Вайтовіч у 1966 г. была прысуджана вучоная ступень доктара філалагічных навук. За ўдзел у комплексе прац па беларускай лінгвагеаграфіі Н.Т. Вайтовіч разам з іншымі вучонымі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР была ўдастоена ў 1971 г. Дзяржаўнай прэміі СССР.
Ніна Трафімаўна Вайтовіч памерла 4 сакавіка 1976 г. Да апошніх дзён жыцця ўсе сілы і веды аддавала развіццю беларускай лінгвістычнай навукі. Яе навуковыя працы з'яўляюцца важным укладам у беларускае мовазнаўства і з часам не страчваюць тэарэтычнай і практычнай вартасці.
Матэрыял падрыхтаваны Віцебскай абласной бібліятэкай імя У.І. Леніна ў 2013 г.