Мар’ян Мікалаевіч Дукса – прадстаўнік паэтычнага пакалення, да якога адносяцца Я. Янішчыц, Н. Мацяш, М. Мятліцкі, В. Шніп, Л. Дранько-Майсюк, Л. Рублеўская і інш. Яно ўвайшло ў літаратуру ў 1970–80-х гг. і заявіла пра сябе сваёй яркай індывідуальнасцю.
Нарадзіўся ён у в. Каракулічы Мядзельскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1958–1960 гг. займаўся ў Свірскім вучылішчы механізацыі сельскай гаспадаркі. Закончыўшы яго, працаваў у калгасе ўчотчыкам трактарнай брыгады. Адначасова вучыўся завочна ў сярэдняй школе. У 1964 г. М. Дукса паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. На пятым курсе ён быў прыняты ў члены Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пасля заканчэння вучобы ў 1969 г. настаўнічаў у сярэдняй школе в. Солы Смаргонскага раёна. З 1987 г. прысвяціў сябе творчай дзейнасці. У 2013 г. паэт стаў ганаровым грамадзянінам Смаргоні.
Першы верш М. Дуксы быў надрукаваны ў мядзельскай раённай газеце «Нарачанская зара» ў 1960 г. З 1963 г. яго творы рэгулярна з’яўляюцца ў рэспубліканскім друку. У 1967 г. выйшаў паэтычны зборнік «Спатканне». Потым былі выдадзены кнігі «Крокі» (1972), «Станцыя» (1974), «Прыгаршчы суніц» (1976), «Забытыя словы» (1979), «Зона супраціўлення» (1982), «Твая пара сяўбы» (1985), «Валуны на пагорках» (1994), «Прыйсці да алтара» (2003). Лірычная апавядальнасць у іх спалучаецца з канкрэтнасцю назіранняў. Ад эмацыянальна ўзвышанага ўспрыняцця рэчаіснасці паэт усё больш схіляецца да аналізу, раскрыцця маральна-духоўных каштоўнасцей. У 1990 г. за кнігу паэзіі «Заснежаныя ягады» (1989) аўтар атрымаў Літаратурную прэмію імя А. Куляшова. Многія вершы зборніка сталі вершамі-роздумамі пра вызначальнасць мінулага ў чалавечым лёсе. У іх прасочваецца ідэя захавання вытокаў, традыцый вясковага жыцця. У кнізе паэзіі «Горн прымірэння» (1993) разглядаюцца галоўныя праблемы, якія хвалююць аўтара: прырода і экалогія, Чарнобыль, Курапаты, нацыянальная свядомасць і інш. У 2016 г. за кнігу паэзіі «Птушка вечнасці – душа» (2015) М. Дукса атрымаў Нацыянальную літаратурную прэмію. У зборнік увайшлі вершы самыя розныя па жанры, рыфмоўцы, паэтычных памерах. Ёсць рамантычныя замалёўкі, філасофскія разважанні, публіцыстычныя вершы, байкі, вершы-дыялогі, вершы-прысвячэнні вядомым асобам, вершы-малітвы і інш.
Адной з асаблівасцей паэзіі М. Дуксы стала яе філасафічнасць, схіленне ад эмоцый да разважанняў пра вечныя праблемы чалавечага існавання: жыццё і смерць, дабро і зло, часовае і вечнае, чалавек і прырода. Вершы традыцыйныя па сваёй будове, рэалістычныя па змесце: у іх паэтызуецца родны куток, басаногае дзяцінства, традыцыі вясковага жыцця, асэнсоўваецца шматпакутны лёс беларускага сялянства на розных этапах гісторыі. Многія з іх пра мінулае («Перачытваючы “Узнятую цаліну”», «Сельсавецкі агент», «Бацька»), значэнне паэтычнага слова ў жыцці людзей («Заснежаныя ягады», «Вільня»). Тэматыка твораў М. Дуксы вельмі разнастайная. Гэта тэма жыцця ў розных яго праяўленнях: адносіны людзей да сябе і паміж сабою, да прыроды, працы, хлеба. Цікавіць паэта і тэма прызначэння паэзіі, яе магчымасцей у выхаванні чалавека. Важным з’яўляецца асэнсаванне гістарычнага мінулага, адказнасці чалавека за сваю дзейнасць. Піша М. Дукса і для дзяцей. Юнаму чытачу прысвечаны паэтычныя зборнікі «Зялёны акварыум» (1980), «Світаюць сосны» (1986), «Працавітае сонца» (1994), «Нябесны карнавал» (1998), «Паэтычны каляндар» (2003). Творы паэта перакладаліся на рускую, украінскую, балгарскую мовы.
Прызнаны майстар лірычнага верша М. Дукса запрашае чытача падумаць разам над самымі надзённымі пытаннямі жыцця. Творамі ён імкнецца ясна і пераканаўча сцвярджаць сваё паэтычнае крэда.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.