Уладзімір Міхайлавіч Казбярук, выдатны літаратуразнавец, шырока вядомы крытык і перакладчык, займае адметнае месца ў беларускай літаратуры. Яго работы вызначаюцца глыбінёй думкі і арыгінальнасцю погляду на літаратурныя з’явы.
Нарадзіўся У. Казбярук у в. Бандары Беластоцкага ваяводства (цяпер Польшча) у сялянскай сям’і. Да 1941 г. скончыў сярэднюю школу, у час Вялікай Айчыннай вайны юнак заставаўся ў роднай вёсцы. У снежні 1944 г. У. Казбярук пераехаў у Мінск, дзе паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. Пасля яго заканчэння працаваў выкладчыкам беларускай і рускай мовы і літаратуры Любчанскай і Нягневіцкай сярэдніх школ Навагрудскага раёна (1949–1952). У 1955 г. скончыў аспірантуру пры Мінскім педагагічным інстытуце імя М. Горкага. Выкладаў беларускую літаратуру ў Полацкім педагагічным інстытуце. Навуковай і даследчыцкай дзейнасцю У. Казбярук пачаў займацца ў Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы Акадэміі навук БССР, дзе працаваў вучоным сакратаром (1959–1964), затым старшым навуковым супрацоўнікам (1964–1993).
Першыя крытычныя артыкулы навукоўца пра беларускіх пісьменнікаў і паэтаў і іх творчасць з’явіліся ў друку ў 1954 г. Уладзімір Казбярук зарэкамендаваў сябе як цікавы, удумлівы, руплівы крытык і літаратуразнавец. З цягам часу акрэслілася і кола яго навукова-даследчыцкіх пошукаў: новае, удумлівае прачытанне нацыянальнай класікі, даследаванне праблем беларускага рамантызму, вывучэнне ўзаемасувязяў і ўзаемаўплыву славянскіх літаратур і беларуска-польскіх творчых кантактаў. Упершыню малады крытык звярнуўся да нацыянальнай класікі пры напісанні кандыдацкай дысертацыі “Творчество Якуба Коласа дооктябрьского периода”, абароненай у 1963 г. Да творчасці песняра У. Казбярук неаднаразова звяртаўся і пазней, прысвяціўшы ёй кнігі “Якуб Колас у школе” (1967, 1975) і «Паэма Якуба Коласа “Новая зямля”» (1979). Сведчаннем плённай дзейнасці даследчыка сталі працы “Ступені росту” (1974), “Рамантычны пошук” (1983). Вялікая заслуга У. Казберука ў тым, што ён вярнуў з забыцця імя выдатнага беларускага паэта пачатку ХХ ст. А. Гаруна. Даследчык падрыхтаваў да друку кнігі пісьменніка “Сэрцам пачуты звон” (1990), “Выбраныя творы” (2003), “І я з народам…” (2007). У іх змешчаны не толькі паэтычныя творы, але і проза, драматургія, публіцыстыка. Выдаў нарыс “Светлай волі зычны звон” (1991). Гэта работа дазволіла канчаткова пераканацца ў тым, што беларуская літаратура выглядала б няпоўнай без творчасці А. Гаруна.
Уладзімір Казбярук – даследчык гісторыі беларускай літаратуры ХІХ–ХХ стст., аднак вялікую ўвагу ён надае і літаратуры старажытнага перыяду. У 2007 г. была выдадзена кніга “Нашы вытокі: пошукі гісторыка-літаратурнай праўды”. У ёй крытык разглядае з’явы і падзеі даўняй беларускай літаратуры, удакладняе некаторыя трактоўкі “Слова аб палку Ігаравым”, іншых помнікаў пісьменнасці. Асноўную ўвагу ўдзяляе разгляду так званых белых плям і спрэчных пытанняў тых далёкіх часоў. Літаратуразнавец даследаваў творчасць Ф. Багушэвіча, К. Каліноўскага, В. Дуніна-Марцінкевіча, Г. Пельгрымоўскага, мітрапаліта Кіпрыяна і інш. Наватарскім лічыцца нарыс У. Казберука “Францішак Скарына” (2003), адрасаваны дзецям сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту. Крытык таксама з’яўляецца ўкладальнікам кнігі “Заняпад і адраджэнне: беларуская літаратура ХІХ стагоддзя” (2001), у якую ўвайшлі творы першапраходцаў новай беларускай літаратуры Я. Чачота, Я. Лучыны, А. Гурыновіча і інш.
Уладзімір Казбярук – адзін з аўтараў “Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры” (т. 2, 1969), кнігі “Старонкі літаратурных сувязей” (1970), “Гісторыі беларускай літаратуры: ХІХ – пачатак ХХ ст.” (1998), “Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя” (т. 1, 1999). Шэраг змястоўных матэрыялаў даследчыкам напісана і для “Гісторыі беларускай літаратуры ХІ–ХІХ стагоддзяў” (т. 2, 2010). Творчасць У. Казберука вылучаецца ўніверсальнасцю, аб чым гавораць яго даклады на VII Міжнародным з’ездзе славістаў “Традыцыі польскага рамантызму ў беларускай літаратуры пачатку ХХ ст.” (1972) і ІХ Міжнародным з’ездзе славістаў “Славянскія літаратуры і праблемы беларускага параўнальнага літаратуразнаўства (дакастрычніцкі перыяд)” (1982).
На працягу навуковай дзейнасці крытык напісаў, апублікаваў дзясяткі, сотні цікавых артыкулаў па гісторыі беларускай літаратуры і культуры. Талент У. Казберука не абмяжоўваецца даследчыцкай працай, ён вядомы і як перакладчык. Для беларуска-польскага зборніка “Малыя героі вялікай вайны” (1986) пераклаў успаміны маладых польскіх удзельнікаў Другой сусветнай вайны, таксама пераклаў на рускую мову “Клад” (1986) З. Бядулі, “Хітры мангуст” (ангольскія казкі, 1987), “Комбле” (грузінскія казкі, 1990), асобныя казкі і апавяданні пісьменнікаў народаў СССР.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.