Дата рождения:
04.12.1943 Малыя Навікі, в., Стаўбцоўскі раён, Мінская вобласць
Краткая справка:
пісьменнік, лаўрэат Літаратурных прэмій імя А. Куляшова (1989), імя В. Віткі (2003), "Залаты Купідон" (2010), Нацыянальнай літаратурнай прэміі (2018)
Имена на других языках:
Камейша Казимир Викентьевич (русский);
3726 символов
Справка
Казімір Вікенцьевіч Камейша, вядомы беларускі паэт, крытык, перакладчык, нарадзіўся ў в. Малыя Навікі Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1961 г. скончыў Дзераўнянскую сярэдюю школу і паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя У. І. Леніна на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта. У 1963 г. быў прызваны ў армію. Пасля дэмабілізацыі працягваў вучобу. У верасні 1967 г. перавёўся на завочнае аддзяленне. Універсітэт скончыў у 1970 г. Працаваў на Беларускім радыё, у часопісах “Полымя”, “Вясёлка”, “Маладосць”, “Вожык”.
Першыя вершы К. Камейшы былі апублікаваны ў стаўбцоўскай раённай газеце “Голас селяніна” ў 1959 г. У рэспубліканскім друку ён упершыню выступіў у 1961 г. У 1969 г. быў выдадзены зборнік “Восеньскія позвы”. Вершы, надрукаваныя ў ім, прасякнуты пачуццём любві да роднага краю, павагай да людзей працы, юнацкімі ўспамінамі. У 1971 г. К. Камейша стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР. Ад кнігі да кнігі – “Мембрана” (1972), “Нектар” (1974), “Тут мае вёсны прычалены” (1977), “Сябрына” (1978), “Плёс” (1982), “Галоўная вярста” (1985), “Кубак блакіту” (1993) і іншыя – узрастала яго майстэрства, вызначалася грамадзянская значнасць лірыкі. У творчасці паэта знайшлі адлюстраванне адносіны людзей да мінулага і сучаснага. У вершах ён вяртаецца да вытокаў духоўнасці народа, звяртаецца да спадчыны, што пакінулі продкі. У 1989 г. К. Камейша стаў лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова за кнігу “Пярэймы дня” (1988). Галоўным героем вершаў, што ўвайшлі ў гэты зборнік, з’яўляецца просты чалавек, які востра адчувае час, ведае яго трывогі, радасці і беды, разважае пра хуткацечнасць жыцця. У 1995 г. была выдадзена кніга выбранай паэзіі К. Камейшы “Я з пушчы”. Вершы гэтага зборніка – творы чалавека, жыццё якога непарыўна звязана з Бацькаўшчынай. Сэрца паэта, яго думкі заўсёды там, дзе высокай сцяной стаіць Налібоцкая пушча, да якой прытулілася родная вёска. Усе жыццёвыя шляхі прыводзяць на радзіму, дзе К. Камейша спазнаў матчыну ласку і цяпло, дзе засталіся сны дзяцінства і быў пасаджаны разам з бацькам сад… Пушчанскі свет назаўсёды стаў дарагім і блізкім, зрабіўся крыніцай паэтычнага натхнення. Казімір Камейша як сапраўдны патрыёт з’яўляецца песняром Панямоння, роднай Налібоцкай пушчы, адкуль пачынаецца яго лінія лёсу – шлях, па якім ляцяць няўмольныя хуткаплынныя гады жыцця:
На лініі лёсу майго
Круцей і круцей павароты.
Гады не губляюць разгон,
Ляцяць, не губляюць ахвоты.
(“Лінія лёсу”)
Гэты філасофскі верш увайшоў у зборнік “Лінія лёсу”, што быў выдадзены ў 1996 г. Кніга заняла асаблівае месца ў творчасці К. Камейшы. У вершах – ацэнка зробленага, сум па незваротным, светлая згадка былога і насцярожаны позірк у будучыню.
У творах 90-х гг. XX ст. – пачатку XXI ст. К. Камейша не абыходзіць вострых пытанняў нашага няпростага жыцця, засяроджвае ўвагу чытача на спрадвечных каштоўнасцях чалавека: любві, дабрыні, высакароднасці. Ёсць у пісьменніка шмат вершаў пра жанчын, каханне, сустрэчы і развітанні. Іх можна параўнаць з лепшымі ўзорамі класічнай паэзіі. Казімір Камейша – аўтар кніг вершаў для дзяцей “Гаёўка” (1975), “Буслянка” (1985), “Дзятлава кузня” (1987), “Гарцунок” (1991), “Дожджыкава лічылка” (1998), “Крыгагром” (2001) і інш. Усе яны запрашаюць чытача ў непаўторны свет прыроды, дзе кожны адчувае сябе ўтульна ў вясёлым суладдзі дрэў, кветак, траў, звяроў і птушак.
Казімір Камейша працуе і як перакладчык, з’яўляецца аўтарам артыкулаў і кніг пра творчасць беларускіх пісьменнікаў, піша прозу. Асобныя вершы паэта пакладзены на музыку Г. Вагнерам, Я. Касалапавым, К. Цесаковым.