Дата рождения: 13.05.1933
Дата смерти: 11.11.1997
Краткая справка: мастак, народны мастак Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1980, 1996)
Имена на других языках: Kishtchanka Aliaxandr Mikhailavitch (английский); Кищенко Александр Михайлович (русский);
Аляксандр Міхайлавіч Кішчанка – мастак шматгранны і ўнікальны. Яго творы – жывапісныя палотны, габелены, манументальныя мазаічныя кампазіцыі – сталі адметнымі вехамі ў гісторыі беларускага выяўленчага мастацтва.
Нарадзіўся А. Кішчанка ў в. Белы Калодзеж Багучарскага раёна Варонежскай вобласці (Расія). Прафесійную адукацыю атрымаў у Львоўскім інстытуце прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва. З 1961 г. пачаў удзельнічаць у мастацкіх выстаўках. У 1963 г. стаў выкладаць у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) на аддзяленні манументальна-дэкаратыўнага жывапісу, адначасова займаўся творчасцю, адыграў вялікую ролю ў адраджэнні мастацтва габелена ў Беларусі.
Стандартныя памеры і ўсталяваныя каноны для мастака былі нецікавымі, і А. Кішчанка першым парушыў іх. Ён унёс адметную філасофска-мастацкую стылістыку ў традыцыі жанру. Жывапісец-віртуоз, майстар тэматычных карцін і партрэтаў, Аляксандр Міхайлавіч цудоўна валодаў тэхнікай мазаікі, керамікі, габелена і пастаянна шукаў свой уласны пластычны стыль, які фарміраваўся на аснове метадаў як цэлых мастацкіх кірункаў, так і асобных майстроў.
У станковым мастацтве А. Кішчанка аддаваў даніну фавізму (“Цыркавы хлопчык”, 1965; “Нацюрморт з грушамі”, 1968), неакласіцы (“Уваскрэсенне”, 1979; “Разліў”, 1980; “Блакітны дзень”, 1981), творчасці А. Мадыльяні (“Ангеліна”, 1960; “Жанчына ў чырвоным”, 1972), А. Матыса (“Аголеная”, 1979; “Дзяўчына з кветкамі”, 1980) і інш. Выкарыстанне кампазіцыйных, выразных прыёмаў і вобразных вырашэнняў, узятых з вопыту старажытнарускага, старажытнаегіпецкага мастацтваў, італьянскай эпохі Рэнесансу, вызначыла стварэнне такіх станковых палотнаў, як “Камсамольцы 70-х гадоў” (1970), “Габеленшчыцы” (1975). Вялікае ўражанне зрабілі на А. Кішчанку манументальныя працы мексіканскіх рэвалюцыйных мастакоў XX ст. А. Сікейраса і Х. Ароскі, заснавальнікаў руху “муралізм”.
Адпрацаванае і выверанае ў станковым жывапісе было выкарыстана майстрам у мазаічных пано, якія ўпрыгожваюць у Мінску франтон гасцініцы “Турыст” на Партызанскім праспекце, адміністрацыйны будынак на Юбілейнай плошчы, тарцы чатырох 16-павярховых жылых дамоў у мікрараёне Усход-1. Да манументальна-дэкаратыўнага мастацтва адносіцца таксама размалёўка “Эстафета пакаленняў” (1973, з М. Савіцкім) у санаторыі “Беларусь” у Місхоры (Украіна).
З асаблівай сілай праявіўся талент А. Кішчанкі ў працы над габеленамі. Гэты від мастацтва мае глыбокія нацыянальныя карані і вядомы ў Беларусі з XIV ст. Аляксандр Міхайлавіч адыграў вялікую ролю ў яго адраджэнні і заснаваў у ім манументальна-дэкаратыўны кірунак. Габелены мастака “Чалавек пазнае свет” (1970, з А. Бельцюковай і Г. Гаркуновым) для гасцініцы “Турыст”, “Раніца. Абуджэнне”, “Легенда пра беларускіх партызан” (абодва 1972, з А. Бельцюковай), “Музыка” (1975) для Мінскага музычнага вучылішча імя М. І. Глінкі, “Ленінізм” (1977) і “СССР. Этапы барацьбы і перамог” (1979, з М. Савіцкім; Дзяржаўная прэмія Беларусі 1980) для канферэнц-залы ў будынку Савета Міністраў БССР, габелен-заслона і габелены “Беларусь”, “Музыка”, “Космас”, “Рэвалюцыя”, “Песняры”, “Скарына” (1978–1985) для Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР, “Чарнобыль” (1995) для залы Эканамічнага і Сацыяльнага Савета ААН у Нью-Ёрку сталі значнай падзеяй у гісторыі мастацтва. Галоўным творам А. Кішчанкі ў манументальна-дэкаратыўнай творчасці з’яўляецца “Габелен стагоддзя” (1995). Гэта палатно ўражвае не толькі памерам (19 м у вышыню і 14 м у шырыню), але і майстэрствам выканання, кампазіцыйнасцю, філасофскім зместам, каларытам. Габелен адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі ў 1996 г. і ўнесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса ў раздзел “Самае вялікае сярод малога”.
Талент і плённая праца прынеслі А. Кішчанку вядомасць і прызнанне. У 1991 г. яму было прысвоена ганаровае званне “Народны мастак Беларусі”, у 1993 г. Аляксандра Міхайлавіча ўзнагародзілі медалём Ф. Скарыны. Творы А. М. Кішчанкі знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Міністэрстве культуры Расійскай Федэрацыі, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.