Дата рождения:
10.09.1893 Юр'ева, в., Смалявіцкі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
27.08.1937 Мінск, г.
Краткая справка:
вучоны-археолаг, арганізатар першых у БССР навукова-археалагічных экспедыцый
Имена на других языках:
Лявданский Александр Николаевич (русский);
3780 символов
Справка
Арганізатарам і стваральнікам сучаснай навуковай археалогіі ў Беларусі стаў Аляксандр Мікалаевіч Ляўданскі.
Нарадзіўся ён у в. Юр’ева Барысаўскага павета Мінскай губерні (цяпер Смалявіцкі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў у мясцовым народным вучылішчы. Працаваў у паштовай установе, даваў прыватныя ўрокі граматы. У гады Першай сусветнай вайны А.М. Ляўданскі служыў у дзеючай арміі, пасля дэмабілізацыі паступіў у Смаленскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута (1918). З 1922 г. працягнуў адукацыю ў Смаленскім універсітэце на славесна-гістарычным аддзяленні педагагічнага факультэта. Пасля заканчэння навучання (1925) працаваў асістэнтам археалагічнага кабінета, быў прыват-дацэнтам універсітэта. Адначасова пры Смаленскім дзяржаўным музеі малады вучоны праводзіў навукова-даследчую работу па выяўленні і вывучэнні археалагічных помнікаў на тэрыторыі Смаленшчыны. За некалькі гадоў пошукаў склаў поўную археалагічную карту Смаленскай губерні з сотнямі помнікаў ад эпохі неаліту да эпохі Сярэдневякоўя. Вынікі сваёй працы даследчык друкаваў у перыядычных выданнях «Научные Известия Смоленского Государственного Университета», «Труды Смоленского государственного музея», «Гістарычна-археалагічны зборнік», «Працы секцыі археалогіі» і інш. Пачынаючы з першай паловы 1920-х гг. А.М. Ляўданскі супрацоўнічаў з Інстытутам беларускай культуры (Інбелкультам). Вучоны праводзіў археалагічныя абследаванні і раскопкі на тэрыторыі Смалявіцкага і Лагойскага раёнаў Мінскай вобласці, у Беларускім Падзвінні, Верхнім Падняпроўі і ў басейне р. Прыпяць. Вынікам яго пошукаў стала адкрыццё шматлікіх помнікаў каменнага і жалезнага вякоў, а таксама першых на тэрыторыі Беларусі гарадзішчаў культуры штрыхаванай керамікі.
У 1927 г. А.М. Ляўданскі пераехаў у Мінск. Ён вывучаў помнікі розных эпох, першым прыступіў да сістэматычнага даследавання Полацка, Віцебска, Оршы, Заслаўя, Барысава. Да сярэдзіны 1930-х гг. склаў падрабязную археалагічную карту Беларусі (не захавалася), прапанаваў першую і найбольш поўную гістарычную тапаграфію Полацка і Віцебска, першым пачаў займацца новай для таго часу галіной навукі – гісторыяй археалогіі.
Вучоны з’яўляецца аўтарам звыш 50 навуковых прац, сярод якіх – «Материалы для археологической карты Смоленской губернии» (1924), «Раскопкі і археалагічныя разведкі ў Барысаўскім павеце. Сляды неалітычнай стаянкі і пазнейшых культур каля м. Новага Быхаву» (1925), «Неалітычныя стаянкі ў Смаленскай губерні» (1925), «Некоторые данные о городищах Смоленской губернии» (1926), «Археалагічныя раскопкі ў м. Заслаўі Менскай акругі» (1928), «Археалагічныя помнікі Беларусі» (1929), «Археалагічныя даследаванні 1926–1928 гг. у БССР і Смаленшчыне» (1930), «Да гісторыі жалезнага промыслу на Палессі: рудні і месцазнаходжанні руды» (1933) і інш. У 1934 г. па сукупнасці выдадзеных прац А.М. Ляўданскаму без абароны дысертацыі была прысуджана вучоная ступень кандыдата гістарычных навук. Ён быў членам гісторыка-археалагічнай камісіі Інбелкульта, загадчыкам аддзела археалогіі Беларускага дзяржаўнага музея, дацэнтам гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, вучоным сакратаром і загадчыкам секцыі археалогіі Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР (1931–1937). У маі 1937 г. па лжывым абвінавачанні ён быў арыштаваны і ў жніўні гэтага ж года расстраляны. Рэабілітаваны ў 1958 г.
Дзякуючы А.М. Ляўданскаму археалогія ў Беларусі ўпершыню была пастаўлена на навуковую аснову. За кароткі перыяд таленавіты вучоны сабраў выдатны творчы калектыў з археолагаў-энтузіястаў (С.А. Дубінскі, А.Д. Каваленя, І.А. Сербаў і інш.), наладзіў поўнае сістэматычнае вывучэнне археалагічных помнікаў краіны, а таксама ўстанавіў цесныя сувязі з навукоўцамі Расіі.