Дата рождения:
08.05.1883 Данілоўка, в., Светлагорскі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти:
20.12.1937 Мінск, г.
Краткая справка:
мовазнавец, акадэмік НАН Беларусі, імя якога носіць адна з вуліц Мінска
Имена на других языках:
Некрашевич Степан Михайлович (русский);
3548 символов
Справка
У гісторыі беларускага мовазнаўства асобнае месца займае дзейнасць Сцяпана Міхайлавіча Некрашэвіча, таленавітага вучонага-лінгвіста, буйнога арганізатара беларускай навукі, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
С. Некрашэвіч нарадзіўся ў в. Данілаўка Бабруйскага павета (цяпер Светлагорскі раён Гомельскай вобласці) ў сям’і селяніна. У 1908 г. закончыў Панявежскую настаўніцкую семінарыю, у 1913 г. – Віленскі настаўніцкі інстытут. У 1914–1918 гг. знаходзіўся на ваеннай службе. Пасля дэмабілізацыі больш за два гады жыў у Адэсе, дзе быў прызначаны загадчыкам беларускай секцыі пры губернскім аддзеле народнай асветы. Працягваў сваю адукацыю ў Адэскім вышэйшым міжнародным інстытуце, аднак скончыў толькі два курсы.
У 1920 г. С. Некрашэвіч пераехаў у Мінск і пачаў працаваць у Народным камісарыяце асветы на розных кіруючых пасадах. Вучоны прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі Інстытута беларускай культуры. За 1922–1925 гг. Інстытут пад кіраўніцтвам С. Некрашэвіча правёў значную навуковую работу, асабліва па распрацоўцы тэрміналогіі, складанні і выданні падручнікаў для школ. Праводзіліся экспедыцыі па вывучэнні прыродных багаццяў і культуры Беларусі. У 1925–1926 гг. вучоны глыбока і ўсебакова даследаваў беларускую мову пад кіраўніцтвам акадэміка Я.Ф. Карскага ў Навукова-даследчым інстытуце мовы і літаратуры пры Ленінградскім універсітэце, куды ён быў накіраваны для павышэння лінгвістычнай кваліфікацыі. Навуковая праца з Я.Ф. Карскім аказала значны ўплыў на далейшую дзейнасць вучонага.
С. Некрашэвіч уваходзіў у склад урадавай камісіі, якая праводзіла рэарганізацыю Інбелкульта ў Акадэмію навук БССР. Пастановай СНК БССР ад 26 снежня 1928 г. ён быў зацверджаны правадзейным членам і прызначаны віцэ-прэзідэнтам Акадэміі. Узначальваў Галоўнавуку пры Наркамаце асветы БССР, два разы выбіраўся членам ЦВК БССР, быў першым дырэктарам Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР. Хваля рэпрэсій не мінула С. Некрашэвіча. У 1930 г. ён быў арыштаваны і высланы ў Удмурцію на 5 гадоў. У 1937 г. арыштаваны паўторна і 20.12.1937 г. расстраляны. Быў рэабілітаваны пасмяротна.
Сярод асноўных напрамкаў яго навуковай дзейнасці – лексікаграфія і правапіс, беларуская дыялекталогія і гісторыя беларускай мовы. С. Некрашэвіч разам з М.Я. Байковым выдаў “Беларуска-расійскі слоўнік” (1925) і “Расійска-беларускі слоўнік” (1928) – першыя на Беларусі поўныя і па-навуковаму распрацаваныя перакладныя слоўнікі савецкага часу. З П.А. Бузуком склаў “Праграму для збірання асаблівасцей беларускіх гаворак і гаворак пераходных да суседніх моваў” (1927). З імем вучонага звязана стварэнне і выданне спецыяльных слоўнікаў беларускай навуковай тэрміналогіі па 24 галінах ведаў. Гісторыі беларускай мовы прысвечаны даследаванні «Мова кнігі Касьяна Рымляніна Ераміты “О уставах манастирских”» (1928) і “Васіль Цяпінскі. Яго прадмова, пераклад евангелля на беларускую мову і мову перакладу” (не апублікавана). Каштоўнымі для свайго часу былі навуковыя публікацыі С. Некрашэвіча “Правапіс спрэчных дзеяслоўных форм” (1922), “Да пытання аб укладанні слоўніка жывой беларускай мовы” (1925), “Аб пашырэнні акання на чужаземныя словы” (1926), “Да характарыстыкі беларускіх гаворак Парыцкага раёна” (1929), “Праект беларускага правапісу” (1930) і інш. Шмат увагі ўдзяліў ён стварэнню школьных падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў “Беларускі лемантар” (1922) і чытанка “Роднае слова” (1922).
Сведчаннем прызнання заслуг вучонага з’яўляюцца Міжнародныя навуковыя чытанні, прысвечаныя С. Некрашэвічу.