Плуг Адам (сапраўднае імя Пяткевіч Антоні Антонавіч)
Дата рождения:
23.10.1823 Замосце, в., Слуцкі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
02.11.1903
Краткая справка:
польскі і беларускі пісьменнік, публіцыст
Псевдонимы:
Adam Pług; Плуг Адам
Варианты имени:
Пяткевіч Антон Антонавіч; Пяткевіч Антоні
Имена на других языках:
Pietkiewicz Antoni (польский); Петкевич Антони (русский);
4155 символов
Справка
Пра беларускую спадчыну аднаго з прадстаўнікоў беларуска-польскага літаратурнага сумежжа Адама Плуга, які ў пэўнай ступені ўвасобіў тыповы шлях ураджэнцаў этнаграфічнай Беларусі ў прыгожае пісьменства Польшчы, вядома мала: толькі тое, што ў 1849 г. ён напісаў па-беларуску чатыры апавяданні і адну легенду, з якіх захавалася толькі апавяданне “Кручаная баба” (апублікавана ўпершыню ў 1918 г.). Але нават у тым выпадку, калі б пісьменнік наогул не пісаў па-беларуску, яго імя ўсё роўна варта нашай памяці, таму што ён узнімаў у польскай літаратуры беларускую тэматыку, папулярызаваў здабыткі маладой беларускай літаратуры ХІХ ст. і сябраваў з яе вядучым прадстаўніком В. Дуніным-Марцінкевічам.
Сапраўднае імя Адама Плуга – Антон Антонавіч Пяткевіч. Нарадзіўся пісьменнік у в. Замосце Слуцкага раёна. Сваё першае апавяданне “Пра тое, як людзі час марнуюць” (“Падарожжа маёй думкі па вуліцах малога мястэчка”) ён напісаў у 1842 г., будучы яшчэ вучнем Слуцкай гімназіі. У в. Жукаў Барок, дзе пісьменнік жыў з 1831 г., ён пазнаёміўся і пасябраваў з У. Сыракомлем. Яму ж А. Плуг прысвяціў свой першы верш “Гара Замчышча”, у якім выкарыстаны матывы беларускіх народных казак. У сярэдзіне 40-х гадоў ХІХ ст. малады пісьменнік выехаў на Украіну, паступіў там у Кіеўскі універсітэт і наладзіў сувязь з перадавым кіеўскім часопісам “Гвязда”, потым працаваў настаўнікам. У час кароткага знаходжання ў Мінску ў 1856 г. А. Плуг пабываў у гасцінным доме паэта В. Дуніна-Марцінкевіча. Тады ж з’явіўся верш “Да В. Марцінкевіча, аўтара твораў на беларускай гаворцы”, у якім А. Плуг высока ацаніў імкненне паэта ствараць на “сялянскай” мове прафесіянальную літаратуру. Абсалютная большасць мастацкіх твораў пісьменніка тэматычна так ці інакш звязана з Беларуссю. На беларускіх паданнях і ўражаннях маладосці заснаваны вершаваныя гутаркі “Жукаў Барок” (1849), “Родная песенька” (1856), “Сарока” (1867). У аповесцях “Споведзь” (1848), “Дзетазабойца” (1850), “Нянька” (1857), “Дух і кроў” (1859), “Афіцыяліст” (1866–1867) і іншых пісьменнік апісваў беларускія краявіды, з асветніцка-дэмакратычных пазіцый асвятляў грамадскія ўзаемаадносіны, высмейваў забабоннасць шляхты, ідэалізаваў сялянства. Беларускі фальклор шырока выкарыстаны А. Плугам у зборніку “Калоссе з роднай нівы” (1856).
У 1859 г. Адам Плуг выехаў у Жытомір, дзе разам з жонкай заснаваў мужчынскую гімназію з пансіёнам, аднак у 1861 г. улады пазбавілі іх правоў утрымліваць гэтую асветніцкую ўстанову. Не маючы магчымасці з-за палітычнай ненадзейнасці знайсці працу на больш-менш працяглы перыяд, ён часта мяняў месцы жыхарства, урыўкамі займаўся гувернёрскай практыкай. У снежні 1874 г. А. Плуг прыняў прапанову выдаўца С. Левенталя пераехаць у Варшаву і супрацоўнічаць у новым часопісе. З 1875 да 1879 г. быў сарэдактарам, у 1879–1890 гг. рэдактарам часопіса “Klosy” (“Каласы”), дзе друкаваў шмат матэрыялаў пра Беларусь: “Слонім” (1874), “Напалеон Орда і яго альбом відарысаў” (1875), “Смольгаў: Роднае месца Ул. Сыракомлі”, “Ігнат Ходзька і агульная характарыстыка яго прац”, “Руіны замка ў Міры” (1877), “Магіла Яна Чачота ў Ротніцы пад Друскенікамі” (1878), “Аляксандр Ходзька” (1881), “Нясвіж” (1883), “Ігнат Дамейка ў Варшаве” (1884) і інш. Яго публікацыі на беларускую тэматыку напоўнены багатым фактычным матэрыялам.
У іншых выданнях пісьменнік змясціў свае беларускія нататкі “Вобраз з узбярэжжа Нёмана: Урывак з успамінаў дзіцячых гадоў, праведзеных з бацькамі ў Жукавым Барку” (1883), “Люд Літоўскага Палесся” (1884), “Над Гарынню: Нататкі з падарожжа” (1887) і інш.
Адам Плуг быў галоўным рэдактарам “Wielkiej Encyklopedii Powszechnej ilustrowanej” (“Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыклапедыі”) (1891–1903), адначасова працаваў літаратурным кіраўніком часопіса “Wеdrowiec” (“Вандроўнік”) (1894–1899), уваходзіў у склад рэдакцыі газеты “Kurjer Warszawski” (“Варшаўскі кур’ер”) (1899–1903). Ён шмат зрабіў для развіцця польскай журналістыкі і выхавання літаратурнай моладзі. У Варшаве А. Плуг быў членам многіх дабрачынных, навуковых і літаратурных таварыстваў, камітэтаў, быў адным з арганізатараў беларускага літаратурна-асветніцкага гуртка канца ХІХ – пачатку ХХ ст.