Пісаць для юнага чытача – справа складаная і сур’ёзная. Тут мала мець талент, а патрэбна яшчэ ўмець размаўляць з дзецьмі, разумець іх душы. Менавіта такім пісьменнікам і з’яўляецца Мікола (Мікалай Мікалаевіч) Чарняўскі, творчасць якога прасякнута шчырасцю і дабрынёй, пяшчотай і жыццёвай праўдай.
Нарадзіўся ён на Гомельшчыне ў в. Буда-Люшаўская ў сялянскай шматдзетнай сям’і. Дзяцінства юнака было нялёгкім: рана страціў маці, таму даводзілася разам са сваімі старэйшымі братамі і сястрой дапамагаць бацьку па гаспадарцы. У 1960 г. М. Чарняўскі скончыў Беліцкую сярэднюю школу Рагачоўскага раёна. У гады вучобы ў школе юнак сур’ёзна захапіўся вершаскладаннем, немалую ролю ў гэтым адыграў настаўнік рускай літаратуры Г. Р. Голухаў, які прывіў любоў да паэзіі. Першы верш М. Чарняўскага “Васілёк” быў надрукаваны ў часопісе “Піянер Беларусі” ў 1958 г. Ужо ў ім выявілася паэтычная душа аўтара, клапатлівае стаўленне да роднага слова, уменне адчуць прыгожае. Пазней творы пісьменніка друкаваліся ў раённым і рэспубліканскім перыядычным друку.
У 1960 г. М. Чарняўскі паступіў на вячэрняе аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, адначасова працаваў у газеце “Піянер Беларусі” (цяпер “Раніца”), затым – рэдактарам на Беларускім радыё. У студэнцкія гады пісаў пра людзей працы, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, іх баявы і працоўны подзвіг. Міколу Чарняўскаму падабалася ўслаўляць свой край, знакамітых землякоў.
З 1966 г. працаваў літаратурным супрацоўнікам, старшым рэдактарам, адказным сакратаром у часопісе “Бярозка”; пасля перайшоў у часопіс “Вясёлка”, дзе быў літаратурным рэдактарам з 1989 па 2007 г. Зараз ён кіруе літаратурнай суполкай “Купалінка”, якая аб’ядноўвае творчыя гурткі школьнікаў Мінскага раёна. Як член рэдакцыйнай калегіі часопіса “Пралеска” М. Чарняўскі вядзе паэтычную рубрыку “Маладзічок”, рыхтуе да друку творы чытачоў часопіса. Уваходзіць у склад Саюза пісьменнікаў Беларусі. Акрамя працы ў рэдакцыі ўвесь свой вольны час аддае дзецям: выступае перад імі ў школах, бібліятэках, дзіцячых садах.
Паэтычны талент пісьменніка раскрыўся менавіта ў дзіцячай літаратуры. Мікола Чарняўскі вельмі тонка адчувае асаблівасці ўспрымання дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту, таму пераважная колькасць вершаў прысвячаецца ім. “Ад дзіцячага звонкага шчырага слова, – адзначае Мікалай Мікалаевіч, – дабрэе, чысцее душа”*.
Не здзіўляйся тымчасова,
Што для іх,
Для дзяцей, пішу:
Я званочак іх роднага слова
Птушаняткам –
Ля сэрца нашу.
(“Не здзіўляйцеся тымчасам...”)
Шмат паэт піша пра прыгажосць прыроды, станоўчыя чалавечыя якасці, такія як дабрыня, шчырасць, сумленнасць, дзякуючы літаратурным прыёмам пераасэнсоўвае фальклорныя казачныя вобразы.
Першы зборнік вершаў для дзяцей “Дзе лета канчаецца”, дзякуючы паэту Р. Барадуліну, выйшаў у 1963 г., калі М. Чарняўскаму было ўсяго дваццаць гадоў. Дзіцячая літаратура для пісьменніка – галоўнае прызначэнне ў жыцці, яго клопат, натхненне, любоў. Найбольш вядомыя зборнікі вершаў “Сонца ў хованкі гуляе” (1970), “Кліча горн” (1974), “Адрас наш – дзіцячы сад” (1975), “Парад” (1976), “Залатая ніва” (1977), “Дзе пяцёркі прадаюцца?” (1978), “Я збіраюся на БАМ” (1979), “Хто сябруе з добрым днём?” (1981), “Зоркі-зорачкі” (1984), “Аб чым пяе крынічка” (1989), “Каго баіцца зубр?” (1994), “Хто пакрыўдзіў кракадзіла?” (1999) і іншыя, паэма “Апошні бой” (1967), аповесці “Бегунок пачынае думаць” (1965) і «“Акадэмія…” на колах, альбо За вясёлкай наўздагон» (1990). Мікалай Мікалаевіч выступіў і як сатырык, іранічна-гумарыстычна ўспрымаючы свет: зборнікі “Казёл-моднік” (1978), “І не косяць, і не жнуць...” (1981), “Камар на матацыкле” (1986), “Лёкса ў люксе” (1993), “У трох соснах” (1996) і інш.
У 1986 г. М. Чарняўскі выдаў кнігу дакументальных паэм “Навечна з сонцам” (1986), прысвечаных юным героям Вялікай Айчыннай вайны Антону Губараву, Марату Казею, Міхасю Усоскаму.
Творы пісьменніка абуджаюць у дзяцей пачуцці дабрыні, душэўнай чуласці, умацоўваюць прыроджаны дзіцячы аптымізм, садзейнічаюць выхаванню любові да роднага слова і фарміраванню ў іх эстэтычнага густу. Яны захапляюць шчырасцю, багаццем гумару, фантастычнасцю, сцэнічнай выразнасцю сюжэтаў, музычнасцю вершаваных радкоў, чароўным гучаннем беларускага слова.
Мікалай Мікалаевіч пераклаў на беларускую мову вершы малдаўскіх, рускіх, украінскіх паэтаў. Творы самога пісьменніка таксама перакладзены на рускую, украінскую, польскую, малдаўскую, кіргізскую, туркменскую, літоўскую, грузінскую, башкірскую мовы.
Шмат вершаў М. Чарняўскага паклалі на музыку Т. Дзядзюля, А. Ізотаў, І. Кузняцоў, М. Наско, Ю. Семяняка і інш.
Больш чым за пяцьдзясят гадоў літаратурнай працы пісьменнікам зроблена нямала: выйшла больш за трыццаць кніг для дзяцей і дарослых. Чатыры разы ён станавіўся лаўрэатам рэспубліканскіх конкурсаў на лепшы твор для дзяцей і юнацтва.
Мікола Чарняўскі – лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Я. Маўра (1995) за зборнік вершаў і казак “Каго баіцца зубр?”, прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (2001) за кнігу “Хто пакрыўдзіў кракадзіла?”, прэміі імя В. Віткі (2002) за публікацыі ў часопісе “Вясёлка”, літаратурнай прэміі “Залаты Купідон” (2010) за кнігу “Сонечны кошык” (2009). Ён таксама выдатнік народнай асветы, выдатнік друку Беларусі. У 2007 г. за высокае прафесійнае майстэрства, значны асабісты ўклад у развіццё нацыянальнай літаратуры і культуры пісьменнік узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.
* Пачатковая школа, 2008. № 1. С. 32.